У Беларусі не плануецца адмяняць дзяржаўнае размеркаванне выпускнікоў. Пра гэта заявіў журналістам у Савеце Рэспублікі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Размеркаванне - гэта карысць як для выпускнікоў, так і для дзяржавы, лічыць міністр.
"Выпускнікам прадастаўляецца першае рабочае месца, і людзі ў наш час гэта вельмі цэняць. Чалавек выбірае сабе спецыяльнасць, дзяржава аплочвае навучанне. Гэтыя адносіны падобныя на адносіны заказчыка і выканаўцы", - сказаў Аляксандр Радзькоў. Больш за тое, у апошні час становіцца модным сярод выпускнікоў ехаць на працу ў сельскую мясцовасць. "Для іх гэта добрая магчымасць зарабіць, атрымаць жыллё. Да таго ж на вёсцы актыўна развіваюцца розныя сацыяльныя аб'екты. За апошні год іх пабудавана 468 у 251 аграгарадку па праграме адраджэння і развіцця вёскі", - паведаміў міністр адукацыі. Далейшае развіццё сістэмы дзяржаўнага размеркавання выпускнікоў дазволіць дынамічна развіваць эканоміку як сталіцы, так і іншых рэгіёнаў краіны.