Прэзідыўм Савета Рэспублікі ўключыў у парадак дня парламенцкай сесіі 7 пытанняў

Прэзідыум Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі прапанаваў сёння для ўключэння ў парадак дня трэцяй сесіі 7 пытанняў. Усе гэтыя нарматыўныя акты будуць разгледжаны сенатарамі на чарговым пасяджэнні сесіі 19 лістапада.

Як паведаміў намеснік старшыні верхняй палаты парламента Анатоль Рубінаў, у ліку гэтых пытанняў значацца тры праекты законаў і дэкрэт Прэзідэнта. Акрамя таго, плануецца ратыфікаваць тры міжнародных пагаднення. У прыватнасці, чакаецца прыняцце папраўкі да артыкулу пагаднення Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, ратыфікацыя міжурадавага беларуска-лівійскага пагаднення аб паветраных зносінах, а таксама беларуска-расейскага міжурадавага пагаднення аб узаемнай перадачы ва ўласнасць і аб арэндзе зямельных участкаў. Акрамя таго, парламентарыі маюць намер абмеркаваць законапраект "Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі". У гэтым дакуменце, у прыватнасці, заканадаўча замацаваны пытанні развіцця маладзёжнага валанцёрскага руху, стварэння студэнцкіх атрадаў, шматпрофільных цэнтраў па рабоце з моладдзю. Прапаноўваецца таксама ўвесці ў дзяржаўных і іншых арганізацыях пасады спецыяліста па працы з моладдзю. Сенатарам будзе прапанавана адобрыць папраўкі ў закон "Аб гандлі" і ў некаторыя нарматыўныя прававыя акты па пытаннях дэкларавання фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў. На пасяджэнні асенняй парламенцкай сесіі плануецца прыняць да ведама дэкрэт № 11 ад 24 верасня 2009 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 года № 28". Гэты дакумент накіраваны на арганізацыю дзейснага кантролю за пастаўкай ў рознічную гандлёвую сетку тытунёвых вырабаў.

"БЕЛТА"