Еўрасаюз на наступным тыдні працягне цяперашні рэжым прыпынення санкцый у адносінах кіраўніцтва Беларусі. Аднак не адменіць іх канчаткова ў сувязі з недастатковым прагрэсам у сферы палітычных рэформаў у нашай краіне.
Пра гэта гаворыцца ў чарнавым варыянце падрыхтаванай з гэтай нагоды заявы, паведамляе Газета.ru са спасылкай на BBC.
Нагадаем, дзеянне санкцый было прыпыненае кіраўніцтвам ЕС у кастрычніку 2008 года для заахвочвання правядзення рэформаў у Беларусі.
У папярэднім варыянце заявы, якая мусіць быць ухваленая кіраўнікамі МЗС краін ЕС на наступным тыдні, гаворыцца, што прыпыненне санкцый будзе працягнутае да кастрычніка наступнага года. Аднак пагроза іх аднаўлення застаецца. У прыватнасці, ЕС не задавольвае цяперашняе выбарчае заканадаўства Беларусі, сітуацыя з правамі чалавека і наяўнасць у краіне смяротнага пакарання.