У Беларусі плануецца факсімільнае выданне пісьмовых помнікаў XII–XIII стст.

Выдавецтва Беларускага Экзархату па благаслаўленні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта плануе факсімільнае аднаўленне некаторых старажытных пісьмовых помнікаў: "Полацкага Евангелля" (XII ст.), "Супраслеўскіх Ірмалогій", "Лаўрышэўскага Евангелля" (XII–XIII стст.).

Выканаўчы дырэктар Выдавецтва Беларускага Экзархату Уладзімір Грозаў падкрэслівае, што дадзены праект з’яўляецца працягам супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па вяртанні гістарычных, духоўных, культурных каштоўнасцяў.

"Такім чынам гэту скарбніцу, гэтыя каралі вялікіх духоўных помнікаў у факсімільным выглядзе мяркуецца вярнуць на радзіму, даць доступ навуковай грамадскасці, якая цікавіцца, распрацоўвае гэтыя пытанні, шматлікім энтузіястам і людзям, якія любяць і цікавяцца гісторыяй", — адзначыў Уладзімір Грозаў. Дырэктар выдавецтва праінфармаваў, што факсімільныя выданні будуць прадстаўлены і ў электроннай версіі,  таму што "бясцэнныя скарбы, якія раскіданы па ўсім свеце, належаць нашаму народу, павінны служыць нашаму народу, духоўнаму аднаўленню нацыі".

Факсімільнае выданне "Полацкага Евангелля" плануецца здзейсніць да святкавання 1150-годдзя Полацка, якое горад адзначыць у 2012 г.

www.catholic.by