У Беларусі 59 выпадкаў захворвання на свіны грып

У Беларусі няма эпідэміі грыпу А/Н1N1, заявіла 1 лістапада журналістам намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Няма прычын для панікі ў сувязі са свіным грыпам, у нашай краіне эпідэміі гэтага захворвання няма", - падкрэсліла Валянціна Качан. У той жа час яна паведаміла, што колькасць выпадкаў захворвання на грып А/Н1N1 у Беларусі павялічылася. Калі ў мінулую пятніцу было лабараторна пацверджана 39 такіх выпадкаў, то на 1 лістапада гэта колькасць складае 59. "Размова ідзе аб такіх выпадках, у якіх гэты вірус суправаджаецца іншай інфекцыяй, - адзначыла намеснік міністра. - Лятальных выпадкаў ад пандэмічнага свінога грыпу ў Беларусі не зарэгістравана". Валянціна Качан асабліва падкрэсліла, што ўсе меры па прадухіленню распаўсюджвання ў Беларусі грыпу А/Н1N1 распрацоўваліся яшчэ пачынаючы з красавіка, калі ўпершыню з'явілася інфармацыя аб новым вірусе ў рэспубліцы. "Тыя меры, якія былі напрацаваны, спрацоўваюць, - сказала яна. - Няма неабходнасці панікаваць, пакуль што размова не ідзе аб якіх-небудзь жорсткіх мерах па прадухіленню распаўсюджвання свінога грыпу, у тым ліку масачным рэжыме і г.д." Аптэкі і лячэбна-прафілактычныя ўстановы забяспечаны прафілактычнымі і медыкаментознымі сродкамі. "Прыемна, што адным з больш эфектыўных сродкаў барацьбы з віруснымі захворваннямі стаў айчынны сродак "Арпетол", - адзначыла Валянціна Качан. - Мы рэкамендуем яго як для прафілактыкі, так і для лячэння ўскладненняў". У Беларусі "ідзе змешаная інфекцыя". Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя адсочваюць усе тыя вірусы, якія цыркулююць у Беларусі. "На грып А прыпадае каля 10 працэнтаў - у асноўным адэнавірусныя і паравірусныя інфекцыі", - удакладніла Валянціна Качан. Намеснік міністра выказала ўпэўненасць у тым, што развіццю эпідэміялагічнага працэсу ў Беларусі ва ўмераным рэжыме будуць садзейнічаць і вынікі вакцынацыі, якая цяпер завяршаецца. "Яна дасць свой эфект, мы перакананы, што гэта дапаможа прадухіліць якія-небудзь сур'ёзныя ўскладненні, а таксама будзе садзейнічаць развіццю эпідэміялагічнай сітуацыі ва ўмераным рэжыме", - сказала Валянціна Качан.

"БЕЛТА"