Беларуская міліцыя ў бліжэйшы час зменіць фармат работы на масавых, у тым ліку палітычных мерапрыемствах. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўген Полудзень, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Намеснік міністра растлумачыў, што ў бліжэйшы час на ўсіх масавых мерапрыемствах будуць прысутнічаць прэс-афіцэры для ўзаемадзеяння са СМІ. Яны будуць апрануты ў сінія святловяртальныя камізэлькі. Акрамя таго, на мерапрыемствах будуць прысутнічаць супрацоўнікі міліцыі ў чырвоных святловяртальных камізэльках. Іх задачай будзе вядзенне перагавораў з грамадзянамі, якія не хочуць выконваць законныя патрабаванні ўлад. Гэты вопыт беларускія міліцыянеры перанялі ў нямецкіх паліцэйскіх. "У Германіі мы назіралі за мітынгамі правых, левых і зялёных, вывучалі метады работы нямецкай паліцыі", - сказаў Яўген Полудзень. Ён адзначыў, што ў Германіі ўсе ўдзельнікі любога масавага мерапрыемства праходзяць надгляд, "у нас жа гэта практыка ўведзена нядаўна, і шкада, што мы не дайшлі да гэтага раней". Акрамя таго, у Германіі прэса не мае права здымаць буйным планам супрацоўнікаў праваахоўных органаў без іх дазволу. Гэты вопыт беларускія міліцыянеры таксама плануюць пераняць.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане