25 кастрычніка ў Свіслачы адбудзецца штогадовая акцыя ўшанавання паўстанцаў 1863 года. На радзіме братоў Каліноўскіх, у Свіслачы, 14-ы год запар збяруцца людзі з усёй краіны, каб ушанаваць памяць тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі.
Традыцыйна мерапрыемства зарганізоўваецца намаганнямі грамадскіх актывістаў і, па словах кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргея Мальчыка, прыцягвае ўвагу ў першую чаргу нацыянальна свядомых грамадзян нашай краіны.
Не выключана, што ўдзельнікі мерапрыемства сутыкнуцца з праблемай патрапіць у вёску Якушоўка, дзе захаваліся падмуркі сядзібы Каліноўскіх. Вёска знаходзіцца на тэрыторыі памежнай зоны, у сувязі з чым арганізатары папярэджваюць аб тым, каб кожны жадаючы меў дазвол на права знаходжання ў памежнай зоне.