17 Верасня. Свята з шуфляды

«...Уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі было актам гістарычнай справядлівасці, бо несправядлівасць доўга трываць не можа!» — такімі словамі пад авацыі прысутных скончыў свой даклад гісторык Іван Коўкель, апошні з магіканаў, які спецыялізаваўся на тэме. Ішоў 1999 год. У Гродзенскім універсітэце праходзіла гістарычная канферэнцыя па 1939 годзе.


Па вуліцах горада, ахутаных дымкай спаленага лісця, гулялі мінакі, час ад часу пазіраючы на плакаты ў вітрынах крамаў. На плакатах цалаваліся два мужчыны, адзін у форме, другі ў белай сарочцы. Над імі красавала цытата Купалы: «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі...»

На арыгінальным плакаце 1939 года тамсама была цытата Сталіна пра Чырвоную армію, але аўтары «рэмэйку» яе прыбралі.

03-1e53424d290d108bb50d5101c8070a5f.jpg


На наступныя гадавіны — у 2009-і і 2019-м — не было нічога, нават плакатаў у вітрынах. Дробныя канферэнцыі на гістфаках, можа, і былі, але без памерлага на той час Іван-Іваныча. Як у 2009-м, так і ў 2019-м Беларусь спрабавала наводзіць масты з Польшчай, таму і акцэнтавацца на 17 Верасня было, відаць, недарэчна. Святу не шанцавала. Ці пашанцуе цяпер?..

Ніжэй мы паспрабуем разгледзець увесь шлях 17 Верасня як святочнай гістарычнай даты з няпростым лёсам, не кранаючы ідэалагічных дыскусіяў пра сам 1939 год, «удар у спіну», пакт Молатава — Рыбентропа. Толькі пра дату і народжаны вакол яе міф.


«Краіна-магніт» супраць «белапалякаў»

Увосень 1939-га, пасля паспяховага «вызвольнага паходу», 17 Верасня мела стаць галоўным ідэалагічным святам БССР. Дакладней, яно б дапоўніла ранейшае галоўнае свята 11 ліпеня — дзень, калі ў 1920-м бальшавікі выгналі палякаў з Мінска. Уся перадваенная міфалогія Савецкай Беларусі круцілася вакол той даты, а ў 1939-м канон «вызвалення Беларусі» проста быў бы завершаны.

Калі пагартаць савецкую прэсу 1939–1940-х гг., добра відаць стварэнне магутнага міфа з усімі ўласцівымі дэталямі. Журналіст Кірсанаў намаляваў у «Праўдзе» такую хтанічную карціну: СССР — гэта «краіна-магніт», а навакольны свет робіцца меншым за кошт тэрыторыяў, якія магніт прыцягвае да сябе. Цэнтр магніта — Сталін, да якога цягне цэлыя народы: украінскі, беларускі, літоўскі, латышскі, эстонскі...

Калі Сталін — гэта нешта богападобнае, то героі гэтай гісторыі — вядома, чырвонаармейцы. У 1930-я існаваў комплекс «правільных» эпітэтаў да дзеясловаў. Калі працаваць, то «па-стаханаўску», калі лётаць, то «па-чкалаўску», калі душыць ворагаў, то «па-яжоўску»... Дык вось, палякаў у 1939-м грамілі «па-хасанску» — спасылачка на баі з японцамі на возеры Хасан, каб адзін міф не перакрываў іншы, а дапаўняў.

Чырвоная армія — гэта не захопнікі, а вызваліцелі, гуманітарная місія. З гэтым пытаннем песняры 1939-га таксама папрацавалі. Вось словы селяніна, якога толькі што вызвалілі: «Со шляхтою вы на смерть воевали, / А нам не замутили и воды, / Ни яблока ни разу не сорвали, / Не затоптали ни одной гряды...» — гэтак піша іншы паэт Ісакоўскі. Добрая паралель з вобразам «ветлівых людзей»: са зброяй, але сваім шкоды не зробяць.


05-47c3c673b99b2f54e2665278703f9cfb.jpg

Народ Заходняй Беларусі сустракае Чырвоную армію


07-1cff698e1cc7f6a9acafb777c35861b9.jpg

Плакат да 1939 года


08-d72594a1b3175c36b98a44b2bb7145b1.jpg


Архетыповы вораг — вядома, палякі. Дакладней, «белапалякі». Гэта калектыўны назоў, якія актыўна выкарыстоўваўся з 1920-га года і дажыў да 1939-га амаль без зменаў. «Белапалякі» — гэта ўвесь спектр кіраўнічай эліты панскай Польшчы: вайскоўцы, паліцыя, асаднікі, ксяндзы, чыноўнікі... Усе, хто не сяляне і не рабочыя, без мазалёў на руках.

У нас «белапалякам» супрацьпастаўлялі беларусаў. На поўдні, у Бесарабіі, дакладным адпаведнікам «польскіх паноў» былі «румынскія баяры» — ім супрацьпастаўлялі малдаван і ўкраінцаў. На поўначы — «белафіны», якім супрацьпастаўлялі карэлаў. Прыстаўка «бела-» — гэта чорная метка для нацыі, якая аказалася ў няміласці.


Беларуская карта, адкладзеная ўбок

Беларускі кантэкст 17 Верасня выкарыстоўваўся, але кропкава — для мясцовых. На плакатах таго кароткага перыяду (1939–1941) вы не ўбачыце ўзброеных КПЗБоўцаў або нават беларусаў — вязняў польскіх турмаў. Беларус выступае ў віктымнай ролі: гэта ахвяра, якую вызваляе савецкі жаўнер. Гэта селянін або жанчына-сялянка.

Ніякага дзіва тут няма, бо актывісты КПЗБ і ранейшыя «грамадоўцы» на канец 30-х былі ўжо не ў пашане. Тых, хто раней аказаўся ў Саюзе, прыехаў сам або быў выменяны на польскіх вязняў, на той момант збольшага ўжо не было сярод жывых. Тарашкевіч і ягоны лёс — добры сімвал той генерацыі. Прытыцкі — выключэнне з правілаў, якое пакінулі як самотны сімвал.


09-13c41cb3eb085b97a08a7d963fecb7da.jpg

Збіты палякамі малады Сяргей Прытыцкі. Здымак з крымінальнай справы


Беларускае рамантычнае напаўненне 17 Верасня з’явілася нашмат пазней, у часы хрушчоўскай адлігі, а спачатку гучалі зусім іншыя думкі і сэнсы, больш скіраваныя на расійскага — ці агульнасавецкага — чытача:

И внезапно время раскололось, И подуло свежестью иной, Над землею прокатился голос, Теплою широкою волной. (...) С миром говорила Справедливость На великом русском языке...

Гэта фрагмент верша Маргарыты Алігер «17 сентября 1939 года», надрукаваны ў «Праўдзе». Як бачым, справядлівасць гаворыць не па-беларуску, не на мове КПЗБ.

Праз год, на першую гадавіну тых падзеяў, журналіст П. Лідоў у артыкуле назаве Гродна «старадаўнім рускім горадам». Карта мясцовых нацыянал-камуністаў, якія фактычна 20 гадоў рыхтавалі гэтыя падзеі, была адкладзеная ўбок.


«Старыя байцы» КПЗБ, якія так і не сталі ўладай

А пасля свет змяніўся да непазнавальнасці. Усім было не да мемарыялізацыі 17 Верасня. Свята выплыла ў канцы 1940-х на фоне лёгкай палітычнай і культурнай адлігі для нацменшасцяў Саюза. Нагадаем, што пасля 1944-га ў БССР пачалі патроху друкаваць нават «нацдэмаўшчыну»: верш «Пагоня» Багдановіча, аповесці «зялёнадубаўца» Ядвігіна Ш. і г.д.

Тады, у 1946-м, упершыню з’явіўся ў друку і пратакол Народнага сходу Заходняй Беларусі 28-30 кастрычніка 1939 года. Першае вялікае святкаванне тых падзеяў — кастрычнік 1949-га. Адноўлены на той момант Стары мост у Гродне, дарэчы, таксама быў прысвечаны 29 кастрычніка, калі НС ЗБ прагаласаваў за далучэнне да БССР. Памятныя барэльефы на мосце праіснавалі ажно да рэканструкцыі сярэдзіны нулявых.


10-eb23012a7990b37eb5e7a9edba18f0de.jpg

Барэльеф, прысвечаны 1939-му году на Старым мосце ў Гродне, прыбраны пасля рэканструкцыі


Зусім хутка быў скончаны канон Вялікай Айчыннай вайны, яе герояў і памятных датаў: Бацька Мінай і Дзед Талаш, Брэсцкая крэпасць, 22 чэрвеня, 9 мая, 3 ліпеня... 17 Верасня, як нейкая цьмяная перадгісторыя вялікай вайны, засталося на лакальным узроўні, у назвах вуліцаў у гарадах і райцэнтрах. Ва ўладзе ў БССР быў «партызанскі клан», які складаўся з партызанаў — ураджэнцаў Усходняй Беларусі. Што ім да 1939 года?..

Праслойка былых КПЗБоўцаў ва ўладзе была зусім слабая і ў «клан» ніколі не аформілася. Так, быў Прытыцкі, хоць да ягонай «польскай гісторыі» дадаўся навейшы пласт, звязаны з ВАВ.

Найвышэйшай кар’ернай прыступкай для «старых байцоў» КПЗБ была пасада старшыні райвыканкама з перспектывай персанальнай пенсіі. Яшчэ можна было стаць... дырэктарам заапарка (як Лазар Шайкоўскі ў Гродне, якога палякі ў 1927-м засудзілі на 15 год турмы). Уладай яны так і не сталі.


Свята раённага маштабу

17 Верасня паступова эвалюцыянавала ў свята раённага маштабу: лакальныя мітынгі, месцы памяці, куды піянеры неслі кветкі, нейкія зборы ўспамінаў па вёсках. Былі і цікавыя моманты з эвалюцыяй сэнсаў: Курган Славы ў Гродне быў закладзены 17 верасня 1968 года як помнік усім змагарам за савецкую ўладу ў рэгіёне. Але з часам ён стаў асацыявацца выключна з ВАВ, без ніякіх згадак ці мерапрыемстваў паводле падзеяў 1939-га.


11-ba240666ebad2ac6170e7d2a20fd9e71.jpg

Цікавае пераасэнсаванне даты і сімвала


Так, у літаратуры пасля хрушчоўскай адлігі з’явіўся цэлы пласт тэкстаў (вершаў, успамінаў, дакументальных аповесцяў) пра падзеі, якія папярэднічалі верасню 1939-га. Але гэта былі або моцна адцэнзураваныя творы («Лісткі календара» Максіма Танка), або эпас, які плаўна перацякаў у падзеі ВАВ («Данута» Аляксея Карпюка). Сярод неабсяжнага мора твораў, напісаных па матывах вайны, падзеі 1939-га былі проста незаўважнай кропляй.


12-1e422660c732553e5caa3e1c18d50807.jpg

Сяргей Прытыцкі - сучасны арт


Бліжэй да канца 1980-х 17 Верасня як дата, якая нешта значыла, проста выдыхнулася, каб праляжаць у шуфлядзе ажно... да 2021-га. Цікава, што кожны раз, калі пра 17 верасня згадвалі, у гэты дзень укладаўся новы сэнс: ад пашырэння савецкай дзяржавы на Захад да ўз’яднання беларускага народа як такога. Якія сэнсы і формы запануюць гэтым разам і як доўга пражыве дата ў чарговай інкарнацыі, пакажа час.

13-bc15db417ae3eb7f00aa48ac4d1b342d.jpg

15-9894508b7ca4ca0912b90f977f1c7d68.jpg

17-845fa46932fac14b513c84ae624ddf4b.jpg

Рамантычны беларускі міф КПЗБ і 17 верасня, складзены ў пасляваеннай літаратуры і мемуарыстыцы

АК, budzma.by