Агульнанацыянальная дыктоўка

У Палацы мастацтваў 24 сакавіка “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і мастацкая суполка «Пагоня» ладзіла працяг агульнанацыянальнай дыктоўкі. Дыктоўка, у якой здолелі ўзяць удзел усе ахвотныя, а не толькі мастакі, прайшла ў вялікай актавай залі палацу і пачалася ў 16.30.

23 сакавіка ў Беларусі адбылася агульнанацыянальная дыктоўка, прысвечаная 90-м угодкам абвяшчэння незалежнасці БНР. У сталіцы акцыя ладзілася ў сядзібах Таварыства беларускай мовы і Партыі БНФ.

Не ўсе жадаючыя, хто прыйшоў у фронтаўскую сядзібу аб 11-й гадзіне, змаглі адразу напісаць дыктоўку – не хапіла месца, і людзям давялося чакаць наступнага этапу, якіх усяго ў нядзелю было пяць.

Як адзначае яшчэ адзін з арганізатараў дыктоўкі філолаг Уладзімір Сіўчыкаў, “гэтая акцыя вельмі нечаканая, таму што памятаеце, як мы святкавалі – сабраліся на плошчы, прайшлі пэўным маршрутам, памітынгавалі і разышліся. А тут вельмі прываблівае момант нейкай навізны. Як правіла, нам не хапае нейкай эўрыстыкі, нейкіх нечаканых рэжысёрскіх хадоў, і мне здаецца, некаторыя недабразычліўцы проста зніякавелі, бо супраць гэтага цяжка што-небудзь запярэчыць: ніякае крамолы няма ў тым, што людзі сядуць разам і напішуць беларускі тэкст”.

“Гэта, па-мойму, добрае мерапрыемства, не пазбаўленае гумару", - лічыць сябра Сойму БНФ прафесар Юры Хадыка. – "Вось наробім тут памылак, будзе над чым працаваць, а як вядома, у Беларусі ёсць над чым працаваць. Гэта такое мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей, якое дае добрую мэту. Добры пачатак!”

Былы спікер беларускага парламента, генерал Мечыслаў Грыб у даволі сталым узросце спрычыніўся да беларускае справы. Да свайго дэпутацтва палітык нават не размаўляў па-беларуску. “Да беларушчыны я прыйшоў толькі ў Вярхоўным Савеце, калі працаваў дэпутатам, калі чуў натуральную прыгожую беларускую мову. Калі потым мяне абралі старшынём Вярхоўнага Савету 12-га склікання, я вырашыў, што старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь павінен размаўляць на беларускай мове, весці паседжанні на беларускай мове. Я паставіў перад сабою такую мэту і дасягнуў яе”.

Сярод напісантаў дыктоўкі былі і прадстаўнікі зусім маладой генерацыі беларусаў. “Я ўдзельнічаю ў дыктоўцы, таму што хачу падтрымаць салідарнасць з беларускай мовай, паказаць тое, што я - патрыётка”.

Арганізатары дыктоўкі звярталіся да сеткі бібліятэк беларускай сталіцы з просьбай прадставіць у арэнду памяшканні для напісання дыктоўкі, але адусюль атрымалі адмову з недарэчным матываваннем, што такіх памяшканняў няма. Як кажа лінгвіст і перакладчык Лявон Баршчэўскі, “прычына забароны мне няясная. Толькі каб лішні раз укусіць апазіцыю – гэта малая матывацыя для таго, каб забараняць пісаць дыктоўку, каб не мабілізаваць людзей на гэтую непалітычную акцыю, культурніцкую акцыю самаўсведамлення сябе як годных людзей”.

Да гэтай дыктоўкі адмысловае журы абрала яе гімн, якім стала песня Сержука Сокалава-Воюша “Маналог Багушэвіча”, дзе утрымліваюцца вядомыя словы вялікага беларуса, якія былі ўключаныя і ў дыктоўку: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

А 23 сакавіка на сайце «Нашай Нівы» стартавала віртуальная відэадыктоўка. Легендарная беларуская дыктарка Зінаіда Бандарэнка прачытае тэкст прадмовы да зборніка «Дудка беларуская» ў інтэрнэт-эфіры. Відэадыктоўка даступная ў двух фарматах – праз сэрвіс YouTube, а таксама ў выглядзе файлу, прыдатнага для спампоўвання на кампутар.

Выкарыстана інфармацыя радыё “Нямецкая хваля” і газеты “Наша Ніва”