“1517”: Вяртанне Скарыны

16 кастрычніка на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбыўся паказ спектакля “1517”, дзе праз лёс Скарыны аўтары спектакля закранулі тэмы духоўнага канфлікту паміж верай і навукай.

Праект “1517” створаны ўжо сталай камандай, згуртаванай вакол прадзюсара Змітра Бейнарта-Саладухі і Паўла Южакова-Харланчука. Яны стварылі ўжо разам некалькі спектакляў і не маглі не скарыстацца важнай для ўсіх беларусаў датай — 500-годдзем кнігадруку.

Аўтары спектакля шматкроць падкрэслівалі, што ў праекце задзейнічаная вялікая колькасць аматараў, але гэта не падобна на тыповы аматарскі спектакль. Густоўныя касцюмы “пад даўніну”, эмацыйнае, атмасфернае відэа, якое не проста ілюструе пэўныя флэшбэкі, а актыўна ўзаемадзейнічае з артыстамі на сцэне, гістарычныя факты ўмела ўпраўленыя ў сюжэтную канву, жывы рытм, простыя, але дакладныя мізансцэны — каманда прафесіяналаў зрабіла ўсё, каб акцёры-аматары адчувалі сябе ў спектаклі ўтульна. На сцэне побач з аматарамі граюць прафесіяналы, але гэта той выпадак, калі можна казаць пра ансамблевасць.

Структура спектакля паказвае нам, што яго галоўны канфлікт — гэта канфлікт паміж верай і ведамі. У Падуі Скарына (у выкананні Яўгена Казакевіча) робіцца сведкам дыспуту паміж Вацлавам Мараўскім (якога вельмі проста, але выразна выконвае Андрусь Цвёрды), які, папулярызуючы кнігадрук, заклікае найперш друкаваць менавіта кнігі Бібліі, і Сільвіюсам (у выкананні Уладзіміра Лісоўскага), які настойвае на тым, што асвету не трэба блытаць з рэлігіяй. Стаўшы спачатку на бок Сільвіюса, Скарына з часам схіляецца да друку менавіта Бібліі. У фінале спектакля паміж Скарынам і Сільвіюсам адбываецца фінальная спрэчка, якая выходзіць за рамкі гістарычнай фабулы. Уладзімір Лісоўскі здымае каптан, застаецца ў сучаснай кашулі, развагі ідуць пра тое, што больш паўплывала на галоўныя трагедыі ХХ стагоддзя — Асвенцым і Курапаты — рэлігійны фанатызм ці тое, што людзі адышлі ад бога. Скарына кліча за сабой тых, каго вера зрабіла больш шчаслівым, просіць Сільвіюса зрабіць тое самае, але ён у адзіноце сыходзіць са сцэны.

На мой густ, гэты фінал, напэўна, дзеля якога і рабілася гэтая пастаноўка, падаецца зацягнутым, асабліва ў параўнанні з тым, як жыва і цікава змянялі адна адну папярэднія сцэны. Сапраўднага чалавечага кантакту паміж Скарынам і Сільвіюсам не адчуваецца, логіка нібыта патрабуе, каб менавіта ў Сільвіюсе Скарына знайшоў свайго “духоўнага” бацьку, але іх сустрэчы цягам дзеі здаюцца даволі выпадковымі, ніякай ролі ў лёсе Скарыны навуковец-гуманіст не адыгрывае. І калі б Уладзімір Лісоўскі не сыграў яго настолькі годна і шляхетна, то магло б увогуле стварыцца ўражанне, што Сільвіюс — нейкі занудны прыліпала, які без дай прычыны пераследуе беларускага першадрукара. Што тычыцца ідэйнага канфлікту, то інтуітыўна здаецца, што абодва бакі цалкам маглі б паразумецца, а не нападаць адзін на аднаго за грахі, якія самі не здзяйснялі.

Больш цікавай падаецца тэма сям’і, спектакль пачынаецца з моцнай сцэны яго спрэчкі з сям’ёй. На відэа суровы бацька (яго сыграў сам Зміцер Бейнарт-Саладуха), які ставіць сыну ў папрок, што яго навучанне, на якое сям’я выдаткавала грошы, не прыносіць карысці купецкай справе. Малады Скарына цвёрда настойвае на сваім праве ісці сваім шляхам, шляхам навукі, шляхам асветы. Гэты разрыў з сям’ёй абумоўлівае далейшае развіццё гісторыі. Скарына праходзіць выпрабаванне светапогляднымі крызісамі, якія натуральным чынам прыводзяць яго да друку Бібліі, у нейкай ступені ён звяртаецца назад у сям’ю, памірыўшыся ў канцы з братам, атрымаўшы грошы на друк сваёй кнігі ад кампаньёна бацькі, які раптам успомніў мінулае. Яўген Казакевіч даў рады зрабіць няпафасны і жывы вобраз. Разгублены і расчараваны сваёй справай або даведзены да адчаю крэдыторамі, яго Скарына застаецца добразычлівым са сваімі блізкімі. У выніку ён вяртаецца на Радзіму не з пустымі рукамі… Мне здаецца, у гэтых проста пададзеных сямейных сцэнах значна больш дасціпна атрымліваецца перадаць ідэю боскай прысутнасці ў нашым жыцці, натуральна для стваральнікаў спектакля, якія ёсць пратэстанцкімі вернікамі, гэтая ідэя застаецца вельмі важнай.

Сярод акцёрскага складу хацелася б яшчэ адзначыць Віктара Козела, які сыграў Багдана Онькава, фундатара друку Бібліі. Хітрыкі старога бізнесоўца, які баіцца ўдзельнічаць у рамантычных авантурах Скарыны, але пры гэтым не жадае страціць яго сяброўскага стаўлення, былі сустрэтыя публікай з добрай усмешкай.

На спектаклі 16 кастрычніка было шмат моладзі, для мяне гэта важны паказчык таго, як зроблены спектакль. Публіка досыць жыва адгукалася на просты гумар п’есы, кпіла са смешных другасных персанажаў і, здаецца, нават на фінальным дыспуце не паспела як след засумаваць. У гэтым заслуга вельмі ўважлівай да дэталяў рэжысуры, а таксама сюжэту п’есы, якая збольшага ўтрымлівае і смешныя здарэнні, і да апошняга не адпускае з інтрыгай.

Аляксей Стэльнікаў,
фота – Яўген Ерчак