Tonqiхod выдалі альбом "Колер, якога няма"

Гурт Tonqixod, які ў 2015 годзе атрымаў шэраг узнагарод з дэбютным дыскам "Прадмова", прадставіў на сайце інтэрнэт-лэйбла "Пяршак" свой другі альбом . "Колер, якога няма" – гэта пафас у дазволеных дозах, рок ува ўсіх яго іпастасях і спроба яго дэканструкцыі, сціплая ф'южанутасць з элементамі непрыхаванага таннага цырку.

2/3 грошай, выдаткаваных на альбом, гурт сабраў з дапамогай краўдфандынгу, за што асобна дзякуе 120 спонсарам, якія іх падтрымалі, а таксама ўсім запрошаным музыкам і сябрам, якія аздобілі трэкі сваёй прысутнасцю. Звядзенне рабілі Канстанцін Пыжоў і Павел Сініла. Фота для вокладкі зрабіў Алесь Кот-Зайцаў, лідар гурта BosaeSonca.

"Здаецца, што мы зрабіліся смялейшымі з часоў дэбютніка: прыняцце дзёрзкіх музычных рашэнняў адбывалася хутка і спантанна, мы меней азіраліся на нейкага міфічнага непадрыхтаванага слухача, бо раней, шчыра кажучы, раскладалі там-сям падушкі бяспекі. Цяпер, калі вам чуецца нешта пухнатае і бяспечнае, значыць, нам падалося, што гэтага вымагае сама музыка", – кажуць музыкі пра рэліз.

У 2015 годзе Tonqixod стаў пераможцам ўзнагарод Experty.by у намінацыях "Лепшы дэбютны альбом", "Лепшы рок-альбом" і "Лепшы беларускамоўны альбом". На рахунку гурта таксама прэмія Rock Profi ў намінацыі "Дэбют года" і перамога ў конкурсе фестывалю "Басовішча" (разам з Navi).

Спампаваць альбом на сайце інтэрнэт-лэбла "Пяршак".

experty.by