Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Беларусі, разважаючы над канфесійнай прыналежнасцю Францішка Скарыны, супаставіў некаторыя факты, якія кажуць аб тым, што асветнік быў католікам. Па-першае, яго імя – у гонар Францішка Асізскага, заснавальніка францішканаў, галіной якіх былі бэрнардыны, і з якімі, у сваю чаргу, быў цесна звязаны шлях першадрукара да навукі і кнігадрукавання, нагадаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Алесь Жлутка.
“У 1490 г. ў Полацку з’явіліся манахі-бэрнардыны, а ў1498 г. тут быў заснаваны іх кляштар а ў ім касцёл св. Францішка. Ад самага заснавання кляштара гвардыянам у ім на працягу 15 гадоў быў Лявон з Ланцута, манах-бэрнардын, які перад тым знаходзіўся ў Кракаве. Пры кляштары, а можа яшчэ да яго ўзнікнення працавала школа, дзе найверагодней і здабываў Францішак Скарына веды з лаціны, неабходныя для паступлення ва ўніверсітэт. Паралельна ён павінен быў спасцігнуць і праваслаўную літургічную традыцыю а таксама азнаёміцца з тэкстамі кірылічных богаслужбовых кніг і Святога Пісьма пры адным з праваслаўных манастыроў. Магчыма таксама, што працягваў адукацыю ён у Вільні, дзе таксама дзейнічаў бэрнардынскі кляштар, з якім полацкія браты падтрымлівалі пастаянную сувязь. Па справах манаскай супольнасці Лявон з Ланцута, як кіраўнік кляштара мусіў раз у год выязджаць на капітулы, якія найчасцей адбываліся ў Кракаве – сталіцы бэрнадынаў Польшчы Вялікага Княства Літоўскага. Мабыць, Лявон з Ланцута і быў тым апекуном Скарыны, які падтрымліваў яго на шляху да навукі ў Кракаўскім універсітэце, а можа і пазней у ягонай друкарскай дзейнасці. Бо ў Кракаве, яшчэ да паступлення Францішка ва ўніверсітэт, распачаў друк богаслужбовых кніг на царкоўнаславянскай мове Швайтпольт Фіёль, якому спрыялі кракаўскія бэрнардыны. Відаць ягоны прыклад і натхніў Скарыну на друкаванне пазней першай беларускай кнігі – перакладу Бібліі ў чэшскай Празе. Бэрнардыны прызнавалі ўсе праваслаўныя таінствы апрача вызнання веры і не патрабавалі перахрышчвання, калі хтосьці хацеў далучыцца да каталіцкай традыцыі. У Полацку яны фактычна праводзілі экуменічную працу, скіраваную на паразуменне і паяднанне дзвюх галінаў хрысціянства. Гэтага экуменічнага кірунку трымаўся і Скарына, выдаючы для братоў праваслаўных Біблію і богаслужбовыя кнігі на зразумелай мове.”, - лічыць даследчык.
Такім чынам, хутчэй за ўсё, дзякуючы бэрнардынам і перш за ўсё Лявону з Ланцута, Францішак Скарына стаў у 1504 г. студэнтам Кракаўскага універсітэта. Варта яшчэ прыгадаць, што пры заснаванні бэрнардынскага кляштара ў Кракаве ў 1453 г., са 130 тых хто тады ўступіў да бэрнардынаў, большасць складалі студэнты і выкладчыкі універсітэта. Гэтая сувязь не парывалася і пазней. Не трэба забывацца і на тое, што Кракаўскі універсітэт, як і ўсе тагагасныя еўрапейскія універсітэты, грунтаваўся на каталіцкай традыцыі, вянцом навучання была тэалагія, а шкаляры і прафесары павінны былі мець дачыненне да духовай сферы. Многія належалі да духавенства ці былі манахамі. Навучанне ў каталіцкім універсітэце ў Кракаве гэта яшчэ адзін аргумент на карысць прыналежнасці Скарыны да традыцыі заходняга абраду. Пасля атрымання ў Кракаве ступені бакалаўра ў 1506 г. Скарына, верагодна, працягваў навучанне ў дацкім Капенгагене, дзе павінен быў стаць доктарам вызваленых навук і здабыць выдатныя веды ў медыцыне. Пра гэта сведчаць дакументы бліскучай абароны ім дактарату з медыцыны ў Падуанскім універсітэце восенню 1512 г. Апрача таго ў гэтых дакументах ён названы сакратаром дацкага караля. Сакратары манархаў і іншых высокапастаўленых асобаў у той час займаліся не толькі карэспандэнцыяй і справаводзтвам, але выконвалі і адказныя дыпламатычныя даручэнні. За тры месяцы да абароны Скарынам дактарату ў Падуі, у Рым да Папы рымскага на пяты Лятэранскі Сабор, які пачаўся ўвесну таго года, з’явілася дацкая дэлегацыя, і да пантыфіка Юлія ІІ звярнуўся з прамоваю неназваны па імені сакратар. Супастаўляючы даты і акалічнасці гэтай падзеі, можна з вялікай доляй верагоднасці, сцвярджаць што гэтым сакратаром быў Францыск Скарына. У Ватыканскім Таемным Архіве, Апостальскай Бібліятэцы і ў бібліятэках Рыма Алесь Жлутка адшукаў дакументальныя паведамленні пра гэтую аўдыенцыю дацкіх паслоў у Папы Юлія ІІ.
“У сваёй прамове сакратар дацкага караля Ганса паведаміў, што да Сабору хоча далучыцца вялікі князь Маскоўскі, які раней не апускаўся да прызнання ніводнага з сабораў. Вядома з іншых крыніц, што дацкі кароль імкнуўся да паяднання дзвюх галінаў хрысцінства, і схіляў да гэтага маскоўскага ўладара Васіля ІІІ. Гэта было важна таксама і для таго, каб забяспечыць адзінства хрысціянскіх дзяржаваў перад турэцкай загрозай, якая ў той час была вельмі адчувальнай. Вядома, што маці Васіля ІІІ была каталічкай усходняга абраду. Пры яго двары было яшчэ некальні асобаў, якія падтрымлівалі гэтую ідэю, што была блізкаю таксама для Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, дзе суіснавалі дзве гэтыя плыні хрысціянства. Перапіска і дыпламатычныя адносіны паміж Даніяй і Польшчаю і Вялікім Княствам, а таксама Даніяй і Маскоўскім княствам патрабавалі наяўнасці ў дацкай канцылярыі людзей якія б валодалі старабеларускай і старарасійскай моваю і кірылічнай граматай, ды маглі весці міждзяржаўныя перамовы таксама і ў справе паяднання канфесіяў. Такі таксама пассаж у гэтым дакуменце, што яшчэ ніколі маскоўскі ўладар не спускаўся да ўдзелу ў саборы. Такім чынам, Скарына, як быццам, патрэбны там як мост паміж заходняй і ўсходняй галінамі хрысціянства. Гэтым, мяркую, ён працягваў выконваць экуменічную місію, запачаткаваную бэрнардынамі, якая выявілася ва ўсёй яго дзейнасці, і найбольш – у кнігавыдавецкай”, - паведаміў Алесь Жлутка.
Трэба адзначыць яшчэ, што пасля выдання кніг Бібліі ў Празе, у 20-х гадах XVI ст. першадрукар быў сакратаром Віленскага каталіцкага біскупа Яна. Таксама ў Вільні ён ажаніўся на Маргарыце Адвернік, мяркуючы па імені, каталічцы. Тут ён надрукаваў яшчэ два выданні “Апостал” і “Малую падарожную кніжку”, дзе ў акафістах памінаецца Папа. У пазнейшым праваслаўным перавыданні акафістаў, гэтыя памінанні ўжо адсутнічалі. Пасля змушанага растання з радзімаю ў 1532 г. Скарына зноў апынуўся ў Празе, дзе быў у ролі каралеўскага садоўніка і займаўся заснаваннем каралеўскага сада. З ім перабраліся ў Чэхію і ягоныя два сыны, якія потым служылі ў двух высокапастаўленых каталіцкіх іерархаў. Адзін з іх на імя Францішак, які згарэў падчас пажару ў 1541 г., быў чаляднікам у Яна з Пухава, пазнейшага адміністратара Пражскай дыяцэзіі. Другі сын Сымон быў садоўнікам у Індржыхавым Градцы і лекарам пробашча ў Крумлаве, які стаў потым арцыпрэзбітарам Бегінскага краю. Абодва іерархі былі заўзятымі абаронцамі каталіцкай веры.
“Такім чынам, усе гэтыя факты з жыцця Францыска Скарыны: яго імя, навучанне ў каталіцкіх універсітах, служба яго і сыноў у каталіцкіх іерархаў і манархаў, самі ягоныя творы сведчаць на карысць прыналежнасці першадрукара да каталіцкай канфесіі”, - паведаміў Алесь Жлутка.
У любым выпадку, даследванне біяграфіі і дзейнасці першадрукара Алесь Жлутка працягне. Праца гэта значная не толькі ў навуковым плане, але і рэлігійным, у кантэксце ініцыятывы па кананізацыі Францішка Скарыны.
“Ватыканскае радыё”