Ёсць у нашай літаратуры імёны, якія ад бясследнага знікнення ў бездані часу ратуюць хіба рэдкія згадкі ў аглядных артыкулах. Або творчыя здабыткі былі настолькі нязначнымі, што іх ніхто не заўважыў; або пісьменнік нечым «правініўся» перад часам, у які яму давялося жыць, і сучаснасць «зрабіла выгляд», што ні яго самога, ні твораў, напісаных ім, ніколі не існавала.
У артыкуле «Творы і лёсы забытых пісьменнікаў» («Маладзечанская газета», 14.08.2012) краязнаўца Міхась Казлоўскі згадваў імя Ларысы Марушкі. У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца выдадзеная ў 1992 годзе «Мастацкай літаратурай» кніга яе аповесцяў «Надзя, Надзея…». І гэта, бадай, усё. Дык чым жа правінілася Ларыса Марушка перад сваім часам?
Калісьці вялікую зацікаўленасць гэтай асобай выказваў пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца Яўген Лецка. У жніўні 2011 года ў пошуках інфармацыі пра забытую постаць ён звярнуўся ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Паводле запісаў, якія захаваліся ў дырэктара архіва-музея Ганны Запартыкі, Марушка — гэта трэцяе прозвішча пісьменніцы. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ларыса Яцына выйшла замуж і ўзяла прозвішча мужа — Усціменка. Яе муж знік без вестак падчас вайны. У пісьменніцкім асяроддзі хадзілі чуткі, што Л. Усціменка была вывезена нямецкім афіцэрам у Германію, дзе працавала афіцыянткай. Пасля вайны яна настаўнічала на Пружаншчыне і пачала публікавацца ў літаратурных выданнях. На семінары маладых пісьменнікаў вельмі прыгожая, вясёлая, энергічная Ларыса Усціменка пазнаёмілася з Андрэем Макаёнкам… Каханне было ўзаемным, маладыя людзі нават прызначылі дату вяселля.
Аднак напярэдадні А. Макаёнка выклікалі ў адпаведную ўстанову і «патлумачылі», што, калі яго жонкай стане асоба з такой сумніўнай рэпутацыяй, яго драматургічная кар’ера скончыцца — ён пазбавіцца партыйнага білета і магчымасці друкаваць свае творы і бачыць іх сцэнічнае ўвасабленне… У няпростым змаганні паміж каханнем і творчасцю перамагла апошняя.
Праз некаторы час пісьменніца займела іншы «запіс» у сваёй біяграфіі — яе мужам стаў маладзейшы на пятнаццаць гадоў хлопец з прозвішчам Марушка. Менавіта пад гэтым прозвішчам яна выдала ў канцы 1950-х гадоў кнігу прозы, а ў 1960-х з’ехала да дачкі ў Находку (горад у Прыморскім краі Расіі), дзе працавала ў дзіцячым садку. Памерла Ларыса Марушка ў Находцы.
У фондзе Саюза пісьменнікаў БССР, які захоўваецца ў БДАМЛМ, ёсць цікавы дакумент, які можа служыць выдатнай ілюстрацыяй расказанай гісторыі. Гэта афіцыйны зварот старшыні Саюза пісьменнікаў БССР Петруся Броўкі да сакратара Бабруйскага абласнога камітэта КП(б)Б Мікалая Красоўскага ад 23 верасня 1949 года:
Паважаны Мікалай Ільіч!
Праўленне Саюза Савецкіх пісьменнікаў БССР звяртаецца да Вас з вялікай просьбай — дапамагчы яму вырашыць пытанне наконт адной маладой пісьменніцы — Ларысы Усціменка, аўтара аповесці «Мы будзем жыць», надрукаванай у часопісе «Беларусь».
Мяркуючы па гэтай аповесці, а таксама па іншай ужо напісанай, пра калектывізацыю ў Заходніх раёнах, мы маем справу з бясспрэчна адораным чалавекам, які мог бы прынесці карысць і народу, і літаратуры. Цяпер Усціменка працуе над трэцяй аповесцю «Паланянка» — пра барацьбу за мір. Празаікаў у нас увогуле нямнога, а жанчын-пісьменніц і таго меней. Хацелася б захаваць яе ў літаратуры.
Але ўжо пасля публікацыі аповесці «Мы будзем жыць» да нас дайшлі чуткі, якія кампраментуюць Усціменку.
Між тым трэба вырашаць яе лёс, як пісьменніцы, — друкаваць альбо не друкаваць яе творы далей. Гэта залежыць ад таго, наколькі яна сапраўды скампраментавала сябе падчас бытнасці сваёй у акупацыі.
Калі меркаваць паводле яе расповедаў і лістоў, з якімі мы Вас ахвотна пазнаёмім, яе праца на тэрыторыі, акупаванай ворагам, не перашкодзіла ёй пасля працаваць у дастаткова адказных органах ваеннага часу ў Савецкай Арміі.
Паколькі гаворка ідзе пра жывога чалавека, ды яшчэ таленавітага, нам хацелася б праявіць асаблівую ўважлівасць і асцярожнасць, каб вырашыць справу правільна, на падставе ацэнкі таго, што было ў сапраўднасці».
(Ф. 78, воп. 1, спр. 38, с. 300; цытуецца ў перакладзе, мова арыгінала — руская).
Аповесць «Мы будзем жыць» (№№ 4 і 5 часопіса «Беларусь» за 1949 год), нягледзечы на моўныя хібы, сапраўды вылучаецца на фоне шматлікай плыні тагачасных твораў пра вайну. Старшы лейтэнант Малін чытае саладатам сваёй часці дзённік маладой камсамолкі Зоі, знойдзены ў адной з вызваленых вёсак. У чэрвені 1941 года Зоя атрымала медыцынскі дыплом і прызначэнне загадчыкам бальніцы ў вёску на Брэстчыне. Менавіта там яе заспела вайна і акупацыя. У дзённіку Зоя апісвае свой удзел у падпольнай працы на акупаванай тэрыторыі.
Пісьменніцы нейкім чынам удалося абстрагавацца ад застыглых у патрыятычна-гераічнай паставе карцін і стварыць паўнавартасную ілюзію эмацыянальнай споведзі са спецыфічна жаночым поглядам на падзеі, што адзначыў і П. Броўка. Арыгінальнасць мастацткага ракурсу, бясспрэчна, робіць творчую спадчыну Л. Марушкі вартай увагі літаратуразнаўцаў. Хочацца спадзявацца, што гэтая тэма знойдзе свайго даследчыка.
Жана Капуста