Кніжку для бацькоў, што хочуць дапамагчы дзецям вывучыць беларускую мову, склала і падрыхтавала да друку гродзенка Вольга Астроўская. Праграму навучання яна распрацавала самастойна. Падставай стаў досвед працы з дашкалятамі ў адным з гродзенскіх садкоў і з навучэнцамі дзіцячых курсаў гродзенскай «Мовы нанова».
Кніжка з’явіцца, калі будуць ахвотныя яе набыць
“Сяброўкі, чыім дзецям прыйшоў час рыхтавацца да школы, і бацькі малых мовананоўцаў пачалі пытацца пра магчымасць карыстацца маімі матэрыяламі. Таму і вырашыла сабраць усё разам, давесці да ладу і падрыхтаваць да друку. Калі адзавуцца ахвотныя атрымаць такую кніжку, будзем разам шукаць магчымасці, каб выдаць яе патрэбным накладам”.
Складзены Вольгай дапаможнік разлічаны на працу цягам навучальнага года і паўгадзіны заняткаў раз на тыдзень. Яго могуць выкарыстоўваць і выхавацелі ў беларускамоўных групах дзіцячых садкоў. Уласна, калі Вольга яшчэ студэнткай пачынала працу над праграмай навучання, то калегі-выхавацелькі адмыслова прыходзілі на яе заняткі, каб пераняць досвед навучання дашкалят беларускай мове.
Змест і формы прайшлі выпрабаванне часам
З той пары мінула ўжо 14 гадоў і зараз, мяркуе Вольга, кніжка “даспела” і мае права на самастойнае жыццё. За гэты час склаліся і адшліфаваліся тэмы, формы і змест заняткаў, былі створаны прэзентацыі, распрацаваны гульні і практыкаванні.
Яны дапамогуць дзецям засвоіць неабходную ў штодзённым жыцці беларускую лексіку. Поры года, посуд, ежа, расліны, свойскія і дзікія жывёлы – толькі невялікая іх частка. Малюнкі, што ілюструюць у кніжцы кожнае новае слова, таксама зрабіла Вольга
Заданні для дзяцей і бацькоў, каб вучыцца было весялей
Да кожнай тэмы ёсць і заданне, што дзеці маюць выканаць разам з бацькамі. Недзе трэба намаляваць карцінку, недзе – вывучыць верш ці іншым чынам праявіць творчыя здольнасці Чым больш інтэрактыўнасці, тым весялей заняткі і тым лепш засвойваецца мова, лічыць Вольга. За некалькі апошніх гадоў інтэрактыву ў праграме значна дабавілася. Падчас выкладання на дзіцячых курсах «Мова нанова» Вольга нават агучыла па-беларуску некалькі папулярных мульцікаў для заняткаў.
Дарэчы, на пачатку 2000-х голас Вольгі гучаў у грамадскім транспарце Гродна. Гэта яна разам з выкладчыкам беларускага фальклору Раманам Казлоўскім называла гродзенцам прыпынкі. Так што нездарма голас выкладчыцы з дзіцячай «Мовы нанова» падаваўся многім дарослым такім знаёмым.
Што да дзяцей, то яны і з голасам, і з мовай знаёміліся хутка: “Дзеці ў групах, з каторымі давялося працаваць, былі актыўныя і добра рэагавалі на новыя словы. Запамінаць праз гульню ім таксама было не цяжка. Асабліва добрыя вынікі былі тады, калі дома разам з бацькамі яны выконвалі прапанаваныя заданні”.
Дзіцячая кніжка падходзіць і дарослым
Заняткі па “дзіцячай” кніжцы Вольга прапаноўвала і дарослым, каторыя мелі патрэбу вучыць мову з нуля. Часткі праграмы прапаноўвала для заняткаў сталым студэнтам з Універсітэту Залатога Веку. А зараз, напрыклад, дапамагае засвойваць беларускую Касі Рамбезе – дзяўчыне, што прыехала ў Гродна з Польшчы на валанцёрскую працу. “Не выкладаць ужо не магу”, — жартуе Вольга са сваёй педагагічнай ініцыятывы, але пры тым не пакідае жадання навучыць мове ўсіх ахвотных.
Матэрыял, падрыхтаваны Вольгай Астроўскай, калі не самая першая, то дакладна адна з першых спробаў скласці дапаможнік, па катораму можна вучыць мову з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Ранняе знаёмства з мовай значна абллягчае далейшае навучане, дапамагае дзецям лягчэй спраўляцца са школьнай праграмай. Ці атрымае рукапіс шанец стаць кнігай, залежыць ад водгукаў чытачоў. Напішыце ў каментарах, ці хацелі б мець такую кнігу і ці ёсць магчымасць падтрымаць гэты праект.
Ірына Новік, hrodna.life