У красавіку ў Санкт-Пецярбургу праходзіў Міжнародны конкурс харэаграфічнага мастацтва «Масты над Нявой». У пераносным сэнсе масты – гэта тое, што злучае розныя народы. Яшчэ адной акалічнасцю, якая аб’ядноўвае народы, стала харэаграфічнае мастацтва.
Конкурс сабраў найлепшых юных танцораў. У танцавальным свяце ўзялі ўдзел трыццаць дзевяць калектываў, якія прадставілі каля 900 танцораў з расійскіх рэгіёнаў і краінаў СНД. Гледачы змаглі ўбачыць як народныя танцы, гэтак і сучасную харэаграфію. На суд журы было прадстаўлена больш за 200 танцавальных нумароў. І суддзям, і шматлікім гледачам цяжка было камусьці аддаць перавагу, але выступленне выхаванцаў дзіцячай студыі Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» і дзіцячай школы мастацтваў № 2 горада Мінска ім усё ж запомнілася – у намінацыі «Народны танец» яны выканалі «Крутуху», «Лявонiху» і «Таўкачыкаў».
Журы конкурсу пад старшынствам прафесара Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў, славутага танцоўшчыка ў недалёкім мінулым і харэографа-пастаноўшчыка ў сучаснасці Юрыя Васількова аднадушна прысудзіла юным танцорам Беларусі званне Лаўрэата першай ступені і ўзнагародзіла іх асаблівым прызам «За захаванне нацыянальных традыцый".
Мастацкаму кіраўніку і галоўнаму балетмайстру Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» народнай артыстцы рэспублікі Беларусь Валянціне Гаявой быў уручаны ліст з падзякай. У ім ёсць такія словы: «Журы конкурсу і гледачы ў захапленні ад высокага ўзроўню выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры студыі танца ансамбля «Харошкі». Асабліва адзначаем далікатны падыход да выканання беларускага народнага танца і традыцыйнага беларускага касцюму. Аргкамітэт конкурсу дзякуе Вам за адданасць харэаграфічнаму мастацтву і беражлівае захаванне народнага танца, выхаванне любові і павагі да танцавальных традыцыяў беларусаў у падрастаючага пакалення».
Традыцыйна падарожжы калектыву «Харошкі» спалучаюць у сабе не толькі выступы на сцэне, але і знаёмства з выдатнымі мясцінамі, гарадамі і вёскамі іншых краінаў. Гэтая паездка запомніцца беларускім танцорам не толькі танцамі, але яшчэ і новымі знаёмствамі, насычанымі экскурсіямі па Санкт-Пецярбургу і мастам над Нявой.
Васіль Шалак, фота Генадзя Доўгіх