Узяць старое, зрабіць з яго новае і адначасова паімправізаваць на тэму Шагала – лёгка! Карэспандэнткі Budzma.by пабывалі на мантажы і адкрыцці выставы “Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала”.
“Дзверы, мне патрэбныя дзверы! Шмат дзвярэй! Пажадана белыя і абавязкова з вушакамі”. Падрыхтоўка да “РэЭвалюцыі” (праекта, які стаў часткай “Вяртання вобраза”) для мастачкі, што працуе ў тэхніцы трэш-арт, Таццяны Гомзы – гэта асобны перформанс. У шэдэўр мастачка ператварае ўсё што заўгодна – ад звычайнай гайкі да перагарэлай лямпачкі. Гэтым разам ёй у рукі трапілі звычайныя дзверы – адны Таццяна знайшла на сметніку, другія пазычыла ў сябры-мастака. На дзвярах намаляваная каза, улюбёны матыў Марка Шагала. Дарэчы, калі стаць на вызначанае старымі ботамі месца, дзверы складваюцца ў незвычайны свет “за шклом”, дзе графічныя сюжэты спалучаюцца з шагалаўскімі козамі.
Праект “РэЭвалюцыя” ў межах глабальнай выставы стаіць нібыта асобна – як стылістычна (мастакі выкарыстоўвалі ўсё, што людзі хацелі аднесці на сметніцу, але аднеслі мастакам), так і тэрытарыяльна: беларускі “рэсайкл” адсялілі на падворак Палаца мастацтваў і на пляцовачку ля лесвіцы. Дарэчы, паўдзельнічаць у праекце мог кожны ахвоччы. За некалькі дзён да адкрыцця арганізатары пачалі заклікаць праз сацсеткі: маўляў, прыносьце непатрэбны хлуд – мы аператыўна ператворым яго ў мастацтва. І людзі неслі: плюшавых мядзведзікаў, стары пыласос, зламаны ноўтбук…. З хлуду ўтварылася гара, над якой узвышаецца крыж са старых валізак – інсталяцыя скульптара Паўла Вайніцкага, аднаго з аўтараў праекта. Па словах Паўла, мастакі (а гэта Таццяна Гомза, Павал Вайніцкі, Валянціна Ляховіч, Уладзіслаў Стальмахоў, Аляксандр Фалей) ўзялі смецце і сур’ёзна з ім папрацавалі, паказаўшы, што матэрыял не вызначае глыбіні і важнасці таго, што творца хоча паведаміць сваім творам. Яны імкнуліся прадэманстраваць сучаснае – глыбокае і адказнае – мастацтва.
Наколькі атрымалася – вырашаць гледачам. Але пабываць на “РэЭвалюцыі” дакладна варта. Хаця б дзеля атмасферы: прастора праекта нагадвае нейкую сюррэалістычную марсіянскую майстэрню: іржавыя трубы, дзіўныя цмокі з рыззя, караблі, якія нібыта прыплылі з выспы стымпанку.
І ўвогуле, сёлета на выставе сучаснага мастацтва фармат інсталяцыі і арт-аб’екта стаў ледзь не ключавым. На ганку Палаца гасцей вітае ярка-чырвоны насарог-ванна Валерыя Малахава, на другім паверсе таксама шмат цікавага. Экзістэнцыйная веладарожка “ў нікуды” кераміста Алены Чэпелевай, таленавітая шкляная варыяцыя “Выкрадання Еўропы” Жанны Марозавай, гіганцкія перламутравыя жукі з пластыку, металу і шкла ад Сяргея Бандарэнкі, баваўняныя нябесныя плыні Марыі Барысенкі, ёлка з лямпачак (аўтар – Васіль Шлапак) і водная сістэма Беларусі ў трохлітровых слоіках. Мастачка Кацярына Сумарава ў літаральным сэнсе слова закансервавала раку Прыпяць, возера Асвея і іншыя вадаёмы Сінявокай.
Замкнёная прастора, створаная Арцёмам Мядзведзевым (арт-аб’ект “Тленны палон”), акунае гледача ў касмічны змрок. Па сутнасці, гэта чорны пакой, дзе можна паназіраць за хтанічнымі працэсамі нябеснай механікі. У цэнтры пакоя змешчаная скульптурная кампазіцыя. Яе звернутая да крыніцы святла паверхня спярэшчаная кратарамі – такі вось своеасаблівы Месяц. З адваротнага боку нябеснае цела набывае іншую форму – адвернуты ад зямлі твар ніколі не ўбачыць зямны свет – яго позірк звернуты ў глыбіні космасу, у чорную прастору сусвету, дзе ў дадзеную хвіліну адбываецца сапраўдны цуд – нараджэнне новай зоркі.
Апісваць усё, што адбываецца на выставе, словамі не мае сэнсу – калекцыя сучАРТа грандыёзная па колькасці экспанатаў. Тут вам і графічныя “трэнажоры для вачэй” ад Цэслера, і грандыёзнае палатно велічынёй з цэлы сусвет ад Алеся Родзіна, і шмат чаго іншага. За ўсім гэтым арт-хуліганствам назіраюць “Закаханыя” Шагала – вядомая праца майстра, набытая на аўкцыёне Белгазпрамбанкам.
Выстава “Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала” праходзіць гэтымі днямі на трох пляцоўках (акрамя Палаца мастацтваў – яшчэ і Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва на праспекце Незалежнасці, 47 і на Някрасава, 3) і будзе працаваць да 21 траўня.
Болей фота глядзіце ТУТ.
Кася Кірпацік, “Будзьма беларусамі!”