Зянон Пазьняк: Справа “Белага легіёна” нагадвае справу “СВБ”

Справа “Белага легіёна” можа быць звязана з запланаванымі на верасень вучэннямі “Захад-2017”.

Пра гэта заявіў Зянон Пазьняк. Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ мяркуе, што спецслужбы адмыслова ўвязнілі людзей, здольных наладзіць ваенны супраціў расейскай агрэсіі, а сама справа “Белага легіёна” вельмі нагадвае “следства” супраць “Саюзу вызвалення Беларусі”, калі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя ГПУ сама выдумала арганізацыю, каб рэпрэсаваць беларускую эліту:

– Няма гэтай арганізацыі, яны і самі ўжо забылі пра яе. Але гэта людзі ваенныя, якія могуць валодаць зброяй, патрыёты. Пачнецца вайна – вось яны пойдуць ваяваць. І таму вырашылі іх замкнуць. КДБ увесь час так працуе. У 30-х гадах прыдумалі цэлую арганізацыю – “Саюз вызвалення Беларусі”. І пад гэтую марку хапалі людзей, інтэлігенцыю, а пасля расстрэльвалі. Тое ж самае робіцца і цяпер.

Таксама Зянон Пазьняк зазначыў, што грамадства абавязкова павінна рэагаваць на ўвязненне нявінных людзей. Беларусы замежжа таксама могуць дапамагчы, збіраючы сродкі для сем’яў зняволеных. Палітык дадае, што спадзеву на каштоўнасную пазіцыю Захаду ў адносінах да антыбеларускага рэжыму няма. Тым не менш, дыяспара ўсё адно мае заклікаць міжнародныя арганізацыі і ўлады дэмакратычных краінаў да рэакцыі, мяркуе Зянон Пазьняк.

Адам Завальня, “Беларускае Радыё Рацыя”