Беларускія фальклорныя песні — як легенды: распавядаюць гісторыі, вучаць, папярэджваюць пра нешта ці, наадварот, супакойваюць. Яны маглі б стаць легендамі ў сучасным свеце, які ўсё больш аддаляецца ад традыцыйнай культуры. Калі б не было тых, хто не згодны і імкнецца надаць гэтым творам новае жыццё. Некаторыя рупліўцы гэтай справы таксама ўжо сталі легендамі сучаснай беларускай музычнай культуры, як гурт «Палац» і музыка Алег Хаменка, з якім мы размаўляем напярэдадні двайнога юбілею, адзначаць які збіраюцца вялікім канцэртам.
— Гурт «Палац» стаў адметным музычнам праектам, але паралельна развівалася гісторыя асобных музыкаў, якія складалі яго. Напрыклад, ёсць саліст гурта Алег Хаменка, але ён жа выступае і як асобны артыст…
— Яшчэ на самым пачатку мы разумелі, што рана ці позна еднасць можа скончыцца. Прычым, з-за таго, што ў кожнага з нас можа з’явіцца свой праект. Але так павінна было быць, бо так заўсёды было, і што ж, мы будзем выключэннем?.. Цяпер можна гаварыць пра тое, што ў Юры Выдронка быў выбуховы момант — стварэнне гурта «Юр’я». Але ён працягваў працаваць у тым жа кірунку. Таксама і «Крыві». Насамрэч творчасць Тодара і «WZorkiestra», я ўпэўнены, была б зусім іншай, каб не было ў яго перыяду «Палаца». Фактычна з аднаго гурта потым вырасла чатыры гурты. А яшчэ і Юра Белякоў рабіў духавыя рэчы. Ён сам некалі напісаў духавы твор — марш, — мы яго ўвасобілі ў простым, але, на мой погляд, густоўным варыянце. У Дзімы Карабача вальс прыгожы, называецца «Фаніпальскі». У кожнага з нас ёсць асабістыя творы. Але мала проста нешта зрабіць, трэба яшчэ граматна вынесці ў публічную прастору, а тут могуць узнікнуць праблемы.
— У публічнай прасторы прысутнасць гурта можа быць у розных формах.
— Так, гэта любы варыянт рэалізацыі. Ці проста сацыяльная вядомасць, ці канцэртная праграма, ці альбом альбо сінгл. Ёсць шмат розных варыянтаў рэалізацыі таго, што ты зрабіў. Але гэтая рэалізацыя павінна прынесці нейкую сацыяльную вагу, вядомасць. Па сутнасці, рэалізуецца ўсё альбо дзеля таго, каб зрабіць лягчэй людзям, альбо дзеля таго, каб паўплываць на нейкую з’яву, ці дзеля таго, каб зарабіць грошы. І гэтых механізмаў выхаду ў нас нестае. Таму што нацыянальнае ў нас цяпер фактычна стала элітным. Так, на гэтым можна атрымліваць нейкія балы для сацыяльнай рэалізацыі, але толькі ў вузкім асяроддзі. А каб зарабіць грошы, каб атрымаць вялікі рынак, канешне, трэба спяваць не па-беларуску.
— Але вы пачыналі ў той час, калі быў уздым цікавасці да нацыянальнага, яно было модным.
— Я б так не сказаў. Пачыналі мы тады, калі гэта не было ні модным, ні запатрабаваным. Мы пачыналі тады, калі гэта было дзівам. А потым, калі раптам нейкая запатрабаванасць узнікла да чагосьці роднага, — лямпачка запалілася. І мы прыйшліся да месца ў цэлым шэрагу кірункаў. Але так заўсёды бывае: людзі доўга робяць, робяць, але потым іх уздымае нейкая хваля і выносіць на вяршыню.
— Але каб зрабіць дзіва для іншых, спачатку трэба перажыць асабістае адкрыццё. Ці быў у цябе такі момант адкрыцця роднага?
— Гэты момант я ўжо неаднойчы сам для сябе спрабаваў прааналізаваць і дагэтуль не знайшоў адказу.
Там столькі складнікаў, але ніводзін не можа быць вылучаны як вырашальны. Але іх сукупнасць прывяла да жадання засяродзіцца ў нейкі момант на тым, што гэта ж важна! Мала таго: гэта можа быць паспяхова. Мала таго: гэта можа быць цікава. І нават камерцыйна апраўдана, на гэтым можна зарабіць…
Бацькі ўсіх удзельнікаў нашага гурта — вельмі простыя людзі. Здабыць якасную гітару для нас тады (у 80-я гады) было перамогай над жыццём. Мы дамовіліся з дзяўчынай, якая працавала ў краме «Музыка», каб яна нам паведаміла, калі прыйдуць чэшскія гітары на продаж. Іх прыйшло некалькі штук. Яна патэлефанавала, што заўтра будуць прадаваць. Грошай не хапала, у бацькоў пазычылі. Але ў нейкі момант мы купілі сабе гітары, на якіх больш-менш іграць было можна. Хоць тая мая чэшская гітара дрэнна гучала, але на ёй можна было рэальна іграць. Можа, вось гэты момант, наогул жаданне перамагчы абставіны, але ўсё ж такі добрыя, якасныя музычныя інструменты падштурхнулі не кідаць гэта.
— Але сваім апірышчам вы абралі народную культуру.
— Слова «народная» я б замяніў на «нацыянальная». Я зараз упэўнены, што гэта так, а тады яно спрацавала падсвядома. Мы не любілі песні, якія спявала Зыкіна ці Кадышава. А яны тады падаваліся як народныя. Такі савецкі псеўдафолк. І не ўсе, а некаторыя песні «Песняроў» мы слухалі з рэальнай цікавасцю. Памятаю два творы з альбома «Праз усю вайну», якія былі зробленыя рэальна крута. Гэта быў еўрапейскі ўзровень. Але шэраг песень падаваўся адпрацоўкай. Такіх песень у «Песняроў» было багата, іх, дарэчы, актыўна круцілі. А гэта было «народнае», у сэнсе масавае.
Адчуванне нацыянальнага абуджалася, калі сутыкаліся з нейкімі артэфактамі (нявывезенымі, недазнішчанымі, няскрадзенымі, недарасстралянымі). Мы бачылі і разумелі: нешта гэта не ўпісваецца ў тое, пра што кажуць паўсюль. Гэтыя рэчы як магнітам цягнула даведацца: а што гэта, а чаму, адкуль? Напэўна, зараз мала хто ведае, што такое сячкарня. Механізм, каб рубіць сечку. Мы прыязджалі ў вёску, бачылі таўкач, назіралі, як секлі ахрап’е свінням. У маёй бабы калісьці стаяла сячкарня. І калі даведваешся, што гэта яшчэ за польскім часам, да вайны выкарыстоўвалі і ўжо была механізацыя працы нават на прыватным падворку, разумееш, якая гэта была гаспадарка, як жылі людзі, складваецца карцінка…
— Карцінку, відаць, дапаўнялі песні? Бабуля ж спявала?
— Так, памятаю песню пра Ваньку-ключніка. Гэта была модная песня недзе перад рэвалюцыяй. «Ванька-ключник, злой разлучник…» Такі гарадскі раманс. І некалькі традыцыйных песень яна спявала, я гэта бачыў падчас святаў, калі быў яшчэ зусім малы. Спеваў іншых бабуль я чуў зусім вобмаль, але яны моцна мяне ўразілі. А громка-громка!.. Як заспяваюць, то гэта быў проста шок. А потым, ужо юнаком, з песняй я сутыкнуўся, калі сталі граць вяселлі на вёсках. Па замове гасцей кожны раз трэба іграць нейкую песню. А бабулі як нешта зацягнуць, разумееш, што нічога падыграць не можаш. Не можаш падабраць ні гармонію, ні словы. А савецкае «дрынсі-брынсі» граецца на раз: можна нават ніколі не чуць песню, а па голасе акорды ставіш і лабаеш… Але гэта былі зусім іншыя спевы, што мы чулі на вясковых вяселлях, і адчуванне асаблівасці гэтай песні ўзмацнілася яшчэ больш. Потым ужо і запісы мы пачулі, і цікавіліся тым, што для сябе вызначылі выразам «беларускі блюз». Вось тут было свайго роду адкрыццё. Некаторыя ў Беларусі спяваюць у старажытнай манеры, і такое адчуванне, што я ўжо гэта чуў… Гэта здавалася падобным да афрыканскіх традыцыйных спеваў, якія мы слухалі, калі хацелі зразумець, што сабой уяўляе сапраўдны аўтэнтычны афрыканскі блюз, з якога пайшла амерыканская музыка. З гэтымі запісамі мы знаёміліся, калі вывучалася гісторыя джаза, каб зразумець, з чаго ён узнік. А потым мы слухалі сваіх вяскоўцаў і разумелі: гэта крута, нерэальнае адчуванне…
— Беларускі космас?
— …І афрыканская культура — таксама космас. Мне здаецца, што для шмат якіх народаў з часоў старажытнасці спевы былі нечым большым. Гэта такая размова з духамі, альбо размова з Богам. Ствараецца вібрацыйная прастора, у якой ты знаходзішся як у іншым сусвеце, і гэта моцна аблягчае жыццё ці цяжкую працу, пазбаўляе мітрэнгаў, розум адпачывае, чалавек нібыта пераходзіць ва ўмоўную паралельнасць.
— Але ў «Палаца» тое, што спявалі бабулі на вёсках, гучыць з мужчынскім голасам. Гэта прыцягвае.
— Мне шмат разоў гаварылі: «Ты жаночым голасам спяваеш…» А каб вы паслухалі, як спявалі мужчыны на вёсках! А каб паслухалі, як спявалі мужчыны з жанчынамі, — стваралася сапраўдная сувібрацыя. Калі спалучаліся мужчынскія высокія і нізкія галасы, і, дарэчы, былі яшчэ жаночыя нізкія галасы. Фальклорны спеў нізкім жаночым голасам — цяпер гэта ў Беларусі наогул рэдкасць, і ў папулярнай музыцы ён так і не з’явіўся. Але фальклорная мужчынская манера таксама была распаўсюджана. Вось толькі захавалася яна ў жанчын перадусім: мужчыны паміралі значна раней, гінулі падчас войнаў. Ды нават з чаркай далёка не кожнага мужчыну можна ўгаварыць праспяваць.
— Затое ёсць жаданне слухаць такі спеў, калі згадаць досвед таго ж «Палаца». І тады песня працягвае жыць.
— Так, таму важная папулярызацыя. Калі мы пайшлі ўглыб, то зразумелі, што народная песня (тое, што ішло ў гэтым кірунку) і фальклор — гэта дзве адрозныя з’явы ў нашай краіне. Адна фактычна вынішчыла другую. А як вярнуць? Толькі праз нейкія папулярныя механізмы. Можа быць, праз больш сучаснае гучанне, праз музычнае «хуліганства», новыя інструменты, электрычную апрацоўку. Каб аранжыроўка падкрэслівала метрарытміку. Бо кожны музыкант ведае, што такое памер, напрыклад, чатыры чвэрці. Але ў песні можа быць нейкае імгненне, якое тыя ж самыя ноты можа ператварыць у магію. Музыканты называюць гэта словам «грув». Электроншчыкі знайшлі, што гэта павінна быць, і зараз наўмысна крывяць электронныя гукі дзеля таго, каб злавіць такую вібрацыю, якая сапраўды чапляе. Музыкам-інструменталістам значна прасцей гэта знайсці. Калі разам пачынаюць граць, а ў нейкі момант адбываецца гэтае ўзаемапранікненне, яны ловяць грув і шалеюць ад радасці, як класна атрымліваецца. Гэта матэматыкай цяжка пралічыць…
— Неаднойчы падчас вашых канцэртаў было адчуванне, што песні — нібыта энергетычныя субстанцыі. Энергетыка закладзена і ў саміх спевах, а інструменты яе ўзмацняюць. Можа, дзякуючы гэтай унутранай энергетыцы наша песня (і наогул культура) здолела захавацца?
— Магутнасць фальклорнай культуры ў тым, што яна бессмяротная. Няважна, ідзеш ты ў гэтыю рэчку ці не ўваходзіш. Яна самадастатковая. Гэта адчуваеш і на ўзроўні песні. Бывае, нешта дадаеш, і разумееш, што на твой погляд гэта прыгожа, а канструкцыя разбураецца. Маё жыццё — гэта барацьба за тое, каб не разбуралася канструкцыя песні. Мала таго, я ўжо гатовы будаваць канструкцыі, якія ствараюцца паводле нацыянальнай культуры. Але гэта даволі пакутлівы працэс: людзі альбом робяць, а я за гэты час — усяго чатыры такты… Насамрэч альбом можна зрабіць проста па тэхналогіях. Можа, прасцей трэба дзе-нідзе да гэтага ставіцца, але я ўжо не магу. І ўсё роўна напрыканцы спрэчны вынік. Некаторыя кавалкі нашай музыкі я б зараз перарабіў, а нейкія кавалкі мне настолькі падабаюцца, і я радуюся ад таго, што меў дачыненне да іх стварэння.
Мне здаецца, што я цяпер на мяжы, каб некалькі твораў ствараць у кантэксце аўтарскай песні. Аўтарскі фалькор — чаму не? Гэта з’ява ў свеце вельмі распаўсюджана, яна ўзнікла яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў Амерыцы, дзе традыцыйнае кантры пачалі ствараць ужо аўтары. Бралі нейкія фігуры з традыцыйнага ірландскага фальклору, які быў захаваны на працягу ХІХ стагоддзя, і на падставе яго пісалі музыку пад сваімі імёнамі, таму што трэба было выдаваць плыты. У мяне ёсць жаданне ісці падобным шляхам. Ёсць шэраг песень у гэтым кірунку, створаных за апошні час, сярод іх сапраўды фальклорных — адзінкі.
— Як выбіраеце, якую фальклорную песню трэба рабіць?
— У мяне ёсць адчуванне таго, ці перажыла песня істотныя змены і наколькі моцнай магла быць яе трансфармацыя. Ці блізкая яна да першаснага варыянту? Асабліва вабіць песня, калі на яе не было моцнага ўплыву. Менш за ўсё пацярпелі ад зменаў песні, звязаныя з каляндарнымі абрадамі. Слухаеш і разумееш: відаць, жанчына напісала, потым хтосьці дадаў словы пра свой лёс, яшчэ хтосьці дадаў некалькі радкоў, а хтосьці потым забыў слова і ўставіў іншае — гэта вонкавыя дапрацоўкі. А ёсць нотныя, гукавыя рэчы, якія трансліраваліся два-тры стагоддзі, — я адчуваю аўтэнтычнае, хоць і не хачу ўжываць гэтае слова. Раней яго ці не ў кожнай размове скарыстоўвалі, а цяпер наўмысна абмінаю: першаснасць, ці аўтэнтычнасць, — усё ж паняцце адноснае, калі мы гаворым пра фальклор, які жыве стагоддзі, а можа, і больш…
— Але першасны склад «Палаца» збярэцца на канцэрце 4 красавіка, які мае на мэце адзначыць дзве адметныя даты: 25-годдзе гурта і 50-годдзе Алега Хаменкі?
— Я разглядаю гэты канцэрт як сяброўскую справаздачу. Гэта павінна быць лёгка, гэта павінна быць святам для ўсяго «Палаца». Запрошаны ўсе, хто паўдзельнічаў у гурце ў розныя гады. Справаздача павінна быць для таго, каб жыць не ўспамінамі, а спядзяваннямі.
Размаўляла Ларыса Цімошык