У Варшаве працягваецца VIII сесія парламентаў Польшчы, Літвы і Украіны

Парламенты трох краін прымуць агульнае рашэнне па справе расейскай агрэсіі ў Данбасе і сітуацыі ў Беларусі.

Старшыня Сейма Літвы Віктарас Пранцкеціс, старшыня Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі і старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій

28 сакавіка на сумеснай сесіі парламентаў Польшчы, Украіны і Літвы будзе прыняты выніковы дакумент, у якім будзе выказана агульнае стаўленне да сітуацыі ў Беларусі і Данбасе. Парламентарыі з трох краін пачалі ўчора ўвечары ў Варшаве VIII сесію Міжпарламенцкай асамблеі Сейму і Сенату Польшчы, Сейму Літвы і Вярхоўнай Рады Украіны.

Адкрываючы сесію, спікер Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі выказаў надзею, што вынікам восьмай сесіі Асамблеі будзе выразная, непахісная і агульная пазіцыя па безумоўнай падтрымцы поўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах, усталяваных міжнародным правам.

Спікер Сенату Польшчы дадаў, што ў  выніках таксама мусіць быць запіс наконт сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Дэпутаты Польшчы, Літвы і Украіны падтрымалі незалежную і суверэнную Беларусь, у якой паважаюць правы чалавека і забяспечваюцца грамадзянскія свабоды. Парламентарыі звярнулі ўвагу на неабходнасць падтрымкі развіцця грамадзянскай супольнасці ў гэтай краіне і захавання грамадскага дыялогу.

«Польшча бачыць у суверэннай і незалежнай Беларусі суб'ект, які мае вялікае значэнне ў пабудове архітэктуры еўрапейскай бяспекі», – сказаў спікер Карчэўскі. Аднак, у сувязі з жорстка разагнанымі грамадскімі пратэстамі ў Беларусі, ён прапанаваў, каб у выніковым дакуменце Асамблеі была агульная ацэнка тых падзей. Спікер падкрэсліў, што ён накіраваў ліст да Міхаіла Мясніковіча, у якім заклікаў спыніць гвалт і вызваліць затрыманых людзей.

Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій у асноўным гаварыў пра бяспеку ў рэгіёне. Ён адзначыў неабходнасць пашырэння фарматаў супрацоўніцтва ў басейнах Чорнага і Балтыйскага мораў. «Папярэднія месяцы паказалі, што Масква не хоча спыняць агрэсіўную палітыку і прытрымлівацца мінскіх пагадненняў», – падкрэсліў спікер. Ён дадаў, што без забеспячэння бяспекі на ўсходзе Украіны прагрэс на іншых участках будзе немагчымы. Паводле яго слоў, рашэнне ЕС у справе захавання санкцый супраць Расеі застаецца неабходным інструментам ціску на гэтую краіну для спынення агрэсіі. Парубій таксама сказаў, што сітуацыя ў Беларусі мае вялікае значэнне для Украіны і яе складана разглядаць па-за кантэкстам расійскай агрэсіі ва Украіне.

У сваю чаргу, новаабраны старшыня Сейма Літвы Віктарас Пранцкеціс запэўніў, што знешняя палітыка Літвы застанецца без зменаў і будзе развівацца на аснове добрасуседскіх адносін і агульных еўрапейскіх каштоўнасцяў. Ён адзначыў, што ў трэцюю гадавіну Майдана Асамблея павінна прыкласці намаганні, каб украінскае пытанне не апынулася па-за эўрапейскім парадкам дня. Ён адзначыў, што Літва плануе дапамогу для Украіны на наступныя гады. Пранцкеціс дадаў, што нягледзячы на ​​расчараванне некаторых дзяржаваў рэформамі ва Украіне, прагрэс можна ўбачыць у многіх галінах. Ён адзначыў гатоўнасць працягваць падтрымліваць Украіну.

Пранцкеціс гаварыў таксама аб занепакоенасці з нагоды будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы Гродзенскай вобласці ў Беларусі. Акрамя таго, ён выказаў занепакоенасць манеўрамі расейскіх войскаў у Беларусі. Таксама, на яго думку, Украіна і Беларусь павінны падрыхтавацца да саміта Усходняга партнёрства, які адбудзецца ў наступным годзе, бо гэта найлепшы шлях да мадэрнізацыі і падтрымання сувязяў з Еўрасаюзам.

Спікер Сенату Станіслаў Карчэўскі падкрэсліў, што агульная пазіцыя ў гэтых пытаннях будзе мець вялікае значэнне. «Наш агульны голас [...] мае шанцы быць у тры разы мацнейшы і больш эфектыўны не толькі ў выканаўчых органах нашых дзяржаў, але таксама і ў міжнародных структурах», – дадаў ён.

Сёння адбудуцца двухбаковыя сустрэчы кіраўнікоў парламентаў Польшчы, Літвы і Украіны. Таксама дэлегацыі будуць працаваць у трох камісіях: па справах інтэграцыі Украіны з Еўрапейскім Саюзам і НАТА, па справах развіцця гандлю, эканомікі і рэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама ў камісіі, якая займаецца сацыяльным і культурным супрацоўніцтвам.

Міжпарламенцкая трохбаковая асамблея Польшчы, Літвы і Польшчы ўтворана 13 мая 2005. У яе склад уваходзяць па 10 дэпутатаў з кожнага парламента. Пленарныя сесіі Асамблеі праходзяць штогод у кожнай з краінаў.

IAR, PAP/Т.А.