Дэталёвае вывучэнне асобаў “бацькоў БНР” чарговы раз паказвае, што гэта былі не плоскія фанатыкі, а жывыя людзі са шматбаковымі талентамі і пакручастым жыццёвым шляхам.
23 сакавіка спаўняецца 75 гадоў з дня смерці Антона Луцкевіча ў савецкім ГУЛАГу, а дакладней, у перасыльнай турме ў Аткарску Саратаўскай вобласці. Да чарговых угодкаў Акту 25 сакавіка адзін з яго аўтараў не дажыў усяго два дні. Так скончыў свой шлях адзін з ідэолагаў і практыкаў беларускага Адраджэння пач. ХХ ст., каб пачаць іншы шлях — у несмяротнасць.
Чаму нашым суайчыннікам варта памятаць аднаго з бацькоў БНР? Якія з ягоных заслугаў жывуць і сёння? Што гэта быў за чалавек? Гэтыя ды іншыя пытанні мы задалі даследчыку беларускага сацыялістычнага і вызвольнага руху, гісторыку Анатолю Сідарэвічу.
Рэвалюцыянер і перакладчык Новага Запавету
— Чаму мы маем памятаць Антона Луцкевіча? У чым яго адметнасць?
— Луцкевіч — адзін з тых, без каго не было б незалежнай Беларусі. У 1903 годзе ім была сфармуляваная ідэя незалежнасці Беларусі — праграмны дакумент Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (пазней БСГ). Яму належыць самая першая беларуская граматыка, першая кніга беларускай літаратурнай крытыкі, першая развітая аграрная праграма.
Гэта быў чалавек шматгранных талентаў. Палітычны мысляр, педагог, гісторык, літаратурны крытык, перакладчык і інш. Як ні парадаксальна, ён — сацыял-дэмакрат, марксіст, атэіст — зрабіў разам з Лукашом Дзекуць-Малеем найлепшы да нядаўняга часу пераклад Новага Запавету. Луцкевіч рэдагаваў Дзекуць-Малея і асабіста пераклаў Дзеі Апосталаў і Апакаліпсіс. Перакладаў з арыгіналу — грэцкай мовы.
— Як Антон і яго брат Іван прыйшлі да беларускага руху?
— Па-першае, сказаўся дух сям’і. Гэта былі грамадзяне Вялікага Княства, якія памяталі паўстанні 1794 і 1863 гадоў. Дзядзька Луцкевіча загінуў пад Менскам падчас паўстання Каліноўскага. Па-другое, літоўскі ўплыў. Так сталася, што калі яны з братам Іванам вучыліся ў гімназіі ў Любаве, то трапілі пад уплыў Ёнаса Амбразайціса, дзеяча літоўскага руху. Калі браты пераязджаюць у Менск, то сустракаюць тут Генрыха Татура, якога польскія дзеячы называлі беларускім нацыяналістам. І Каруся Каганца. А яшчэ ж чытанне. Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч, кнігі этнографаў і фалькларыстаў, а таксама працы з гісторыі Полацкай і Смаленскай земляў, крывічоў і дрыгавічоў, якія адна за адной выходзяць у 1890-х…
Ну і сам дух стагоддзя. Ствараецца Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя, Польская сацыялістычная партыя, Бунд, партыя расійскіх эсэраў… І тут можа ўключыцца падсвядомы фактар: усе гэтыя партыі дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, але ніводная з іх не бароніць беларускіх інтарэсаў!
У 1902 годзе Луцкевічы былі ўжо сфармаванымі як беларусы. Буржуазія тады яшчэ не стварала сваіх партыяў, а самую ясную і зразумелую праграму мелі сацыялісты. Хлопцам гэта было найбольш зразумела і даступна.
“Працавітая бедната ўсіх народаў, яднайся!”
— Дык гэта “дух стагоддзя” ці іх персанальнае ўспрыняцце рэчаіснасці?
— Не забывайцеся, што гэтых хлопчыкаў вазілі ў вёску, у Ракуцёўшчыну, адкуль родам маці, дзе жылі дзед з бабуляй. Там яны чуюць мову народа: шляхта ж у побыце размаўляла па-беларуску. Разам з тым яны бачаць жыццё селяніна, таму нараджаюцца думкі пра сацыяльную справядлівасць.Тонкасцяў фармавання іх асобаў ніхто не патлумачыць, але ў сукупнасці гэтыя фактары далі плён.
Давайце прыслухаемся да назваў: “Грамада”, “Беларуская Рэвалюцыйная Партыя”… У суседзяў дзейнічае Украінская Рэвалюцыйная Партыя, адным з лідараў якой быў сын гісторыка Уладзіміра Антановіча, дзейнічала “Київська Громада”, у якую ўваходзіў сам Антановіч. Гэта не выпадковасці, а ўплывы ды знакі часу.
— Назва “Грамада” — гэта ідэя Антона Луцкевіча?
— Ніхто гэтага не скажа, аўтарства не зафіксаванае, але ўкраінскі ўплыў не выключаны.
— А што наконт сімволікі, дэвізу?
— Дэвіз вядомы: “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”. Быў, праўда, нюанс: у перакладзе Луцкевічаў напісана “працавітая бедната” замест “пралетарыяў”. Гэта пасля давала бальшавіцкім агітатарам падставу для абвінавачванняў пра “змену пралетарскага дэвізу”. Сімвалам быў агульнапрыняты для сацыялістаў чырвоны сцяг. Вацлаў Іваноўскі пераклаў на беларускую неафіцыйны гімн Польскай Сацыялістычнай Партыі “Чырвоны штандар”, які загучаў як “Чырвоны знак”.
— Кажуць, што Луцкевічы пазычылі праграму партыі ў палякаў…
— Гэта няпраўда хаця б таму, што там не было ні слова нават пра федэрацыю з Польшчай, што палякаў і нервавала. Калі вам скажуць, што Антон Луцкевіч быў паланафілам, — скептычна ўсміхніцеся. Так, ён выдатна ведаў і польскую літаратуру, і мастацтва, і музыку. Магчыма, у культурным сэнсе ён быў паланафілам. Але такім жа чынам яго можна лічыць і франкафілам. З Багдановічам у Ракуцёўшчыне яны, пэўна, размаўлялі па-французку, калі цытавалі Верлена.
25 сакавіка: акт, скіраваны ў будучыню
— Якая роля Антона Луцкевіча ў абвяшчэнні БНР?
— Ёсць дакладныя сведчанні Змітра Жылуновіча ў газеце “Дзянніца” пра прыезд Аляксандра Цвікевіча ўлетку 1918-га ў Маскву да тамтэйшых беларусаў. Цвікевіч там казаў, што менавіта браты Луцкевічы ўгаварылі сяброў Рады БНР аб’явіць незалежнасць Беларусі. Тэкст Жылуновіча, дарэчы, так і называецца: “Угаворнікі”.
На досвітку 25 сакавіка 1918 года а 6-й ранку пасля 12-гадзіннай дыскусіі Рада прымае рашэнне абвясціць незалежнасць, але трэба прыняць прынагодны акт — ІІІ Устаўную грамату. Яе праект пісаў менавіта Антон Луцкевіч. На жаль, пратакола паседжання ў нас няма, таму цяжка сказаць, як праект Луцкевіча дапаўнялі, папраўлялі, але праект Граматы пісаны ім.
— Незалежнасць была абвешчаная, але дзяржава не стала цвёрда на ногі… Усё ж такі “праект БНР” — гэта перамога ці параза Луцкевіча?
— Перамога, бо гэта акт, скіраваны ў будучыню. Акт быў рэвалюцыйным: адбывалася нацыянальная рэвалюцыя, карэнны пералом. Кожная рэвалюцыя, як пісаў Леў Троцкі, забягае на два крокі наперад, каб зрабіць крок назад. 25 сакавіка было абвешчана, што Беларусь 1) не уваходзіць у склад Расіі, 2) з’яўляецца незалежнай дзяржавай, у якой 3) усталёўваецца дэмакратычны лад. Гэта былі тры крокі наперад.
Рэалізаваны быў першы крок: Беларусь выдзелілася са складу Расіі. То БНР, то адна ССРБ, то Літоўска-Беларуская Рэспубліка, то зноў ССРБ. Беларусь фармальна лічыцца раўнапраўнай з Расіяй рэспублікай. З таго часу як быў створаны СССР, наша краіна ўжо ніколі не падпарадкоўваецца ўсходняй суседцы. Месца расійскага ўрада займае так званы саюзны цэнтр, саюзны ўрад.
У адным са сваіх тэкстаў Луцкевіч пісаў, што Беларусь стане свабоднай, незалежнай, калі пойдзе разам з дэмакратыямі іншых народаў. Так і сталася: незалежнасць прыйшла ў нашу краіну падчас дэмакратычных рэвалюцый ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, рэвалюцыйных падзей у СССР на зломе 1980—1990-х. Застаецца дасягнуць трэцяй мэты, сфармуляванай у 2-й і 3-й Устаноўчых граматах: самастойная, незалежная Беларусь павінная стаць дэмакратычнай. Такім чынам, у акце 25 сакавіка быў закладзены алгарытм развіцця Беларусі.
Прадбачыў Другую сусветную і падзел Польшчы
— Такім чынам, Луцкевіч заглядаў у будучыню?
— Так. Ён не рабіў трагедыі з таго, што “праект БНР” не рэалізаваўся цалкам. Факт існавання Рады БНР змусіў бальшавікоў стварыць ССРБ, а створаную бальшавікамі ССРБ ён лічыў крокам, ступенькаю да незалежнасці. Ён быў у нечым рамантык. Думаючы пра будучыню Беларусі, ён яшчэ ў 1916-м вылучыў ідэю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора — таго, што сёння называюць Балта-Чарнаморскім саюзам. У 1920-м ён думаў пра саюз ад Балтыкі да Чорнага і Адрыятычнага мора. Цяпер гэта называюць Міжмор’ем. Гэта цалкам ягоныя ідэі.
Луцкевіч у 1920-м выдатна ведаў, што будзе Другая сусветная вайна. Тады ж ён ужо усведамляў, што Польшча будзе расціснутая Расіяй і Нямеччынай. Каб так не сталася, ён раіў Польшчы наладзіць прыязныя стасункі з Беларуссю, Літвой, Украінай і Чэхаславакіяй, з балканскімі краінамі. Польшча мела шанец пераняць ад Расіі ролю лідара славянскага свету. На жаль, польскі палітычны клас ахапіла “галаваружэнне ад поспехаў”. Ён неадэкватна ацаніў абставіны і магчымасці Польшчы і яе заходніх саюзнікаў, найперш Францыі.
— Чаму за асобай Антона губляецца ягоны брат Іван?
— Доўгі час і ў літаратуры 1920-х гадоў, і ў эміграцыйнай прэсе Іван ставіўся на першае месца. Іван быў маторам, здабывальнікам рэсурсаў. Калі б не ён, наўрад ці “Наша Ніва” выходзіла б дзевяць гадоў. Гэта быў выдатны бізнесовец, антыквар, археолаг. Іван умеў знаходзіць антыкварныя прадметы і выгадна іх прадаваць ці абменьваць. Польскія старажытнасці ён прадаваў палякам, габрэйскія — габрэям, а беларускія пакідаў сабе для будучага музея.
Але Іван не быў старшынёй ні ў нелегальным Беларускім народным камітэце ў 1915—1918 гадах, ні ў Радзе Міністраў БНР. У адрозненне ад Антона, ён быў “непісучы”. Да таго ж ён быў выбуховы, эмацыйны… Антон жа больш спакойны, уседлівы. Ян Станкевіч піша, што браты дапаўнялі адзін аднаго.
Перайшоў у кальвінізм, каб ажаніцца з габрэйкай
— Што можна сказаць пра сямейнае жыццё Антона Луцкевіча?
— Ён быў адналюбам. Ягонай жонкай была габрэйка Сэрка Абрамовіч. Калі Антон задумаў жаніцца, у ягонай сям’і ўзнік скандал. Па-першае, у шляхецкую сям’ю прыводзяць габрэйку. Па-другое, непаразуменне ўзнікае з касцёлам: як жа ён будзе вянчацца з юдэйкай? Калі ніводзін ксёндз не захацеў іх вянчаць, Антон перайшоў у кальвінізм, які дазваляў міжканфесійныя шлюбы.
Выхад замуж за “гоя” нарабіў праблемаў і Сэрцы. Будучы лекарам, яна не магла знайсці сабе працу, нягледзячы на тое, што скончыла ўніверсітэт у Манпелье, дзе здаўна была моцная медыцынская школа.
— Быць жонкай Луцкевіча — мабыць, няпростая справа…
— У 1927 годзе, напярэдадні выбараў у Сойм, польскія ўлады арыштоўваюць Луцкевіча, хоць ён не быў сябрам Сялянска-Работніцкай Грамады і трымаўся насцярожана ў дачыненні да камуністаў. Палякі разумелі, што ён можа, як і ў 1922-м, дамовіцца з габрэямі, немцамі і ўкраінцамі і зноўку ўзначаліць выбарчую кампанію беларусаў у Сойм і Сенат. Таму яго вырашылі ізаляваць. У турме ён знаходзіцца з кастрычніка 1927-га па май 1928-га. А ў 1929-м, у канцы лютага, пачынаецца апеляцыйны працэс… Мабыць, Сэрка мела слабую нервовую сістэму, таму не вытрымала напругі і засілілася. Антон застаўся з двума сынамі: Юрку было 8, Лявону — 6 гадкоў.
Арыстакрат з “белымі манішкамі”
— Што наконт асабістых звычак Антона?
— Адзін з вучняў Луцкевіча называў яго “версальчык”: праз “версальскія” манеры”. Паэт Леанід Дранько-Майсюк даследаваў, у чым яго вінавацяць Піліп Пестрак, Міхась Машара ды іншыя камуністы. У тым, што Антон носіць белыя манішкі ды каўняры, мае аксамітны голас, умее размаўляць… “панок”, адным словам. Леанід піша: перад намі паўстае вобраз арыстакрата. Марксіст, атэіст, але арыстакрат!
— Пры гэтым чалавек надзвычайнай эрудыцыі, як я разумею…
— Сапраўды, Луцкевіч часта звяртаўся да лацінскіх прыказак ды прымавак, нават перакладаў Авідыя. Дарэчы, ён жа пераклаў “Кнігу джунгляў” Кіплінга на беларускую падчас зняволення. Гэты пераклад дагэтуль знаходзіцца ў Вільні.
У дадатак выдатна ведаў французскую і нямецкую. Ён сцвярджаў, што не ведае нямецкай, але я чытаў чарнавік яго ліста да прафесара Рудольфа Абіхта па-нямецку, і канструкцыя сказаў мяне ўразіла. Пасля сярэдняй савецкай школы я такі сказ ніколі б не склаў. А ён рабіў гэта пасля менскай гімназіі! І ў Берліне, і ў Парыжы ён абыходзіўся без перакладчыкаў.
Белы хлеб у якасці лекаў
— Але ў 1931-м палякі аб’яўляюць, што ў яго бракуе кваліфікацыі для выкладання ў гімназіі. Якім чынам?
— Яму прапануюць здаць экзамены: польская мова, літаратура, геаграфія, гісторыя. З мовай і літаратурай праблемаў не было. Але як здаць геаграфію і гісторыю? Луцкевіч не можа сказаць, што Вільня — “чыста польскі горад”. Так ён пазбаўляецца працы і жыве з таго, што з’яўляецца старшынёй Беларускага навуковага таварыства і загадчыкам Беларускага музея пры ім.
Ёсць сведчанні Яна Станкевіча, што ў гэты перыяд Антон літаральна галадаў. Ён вымушаны быў змяніць адносна вялікую кватэру на Віленскай на нашмат больш сціплую на Піўной вуліцы, недалёка ад Вострай Брамы. Мэблю давялося распрадаць, бо яна не змяшчалася ў “новых сценах”.
— Што адбываецца з Антонам, калі Вільню займаюць Саветы?
— У горадзе пачаўся хапун, Луцкевіча ўзялі. Ён апынуўся спачатку ў віленскай турме, пазней у Менску і ўрэшце на Лубянцы. Луцкевіч меў шэраг праблемаў са здароўем. У дзённіку за 1919 год можна прачытаць, што яго мучыла мігрэнь. Меў праблемы з дыхальнымі шляхамі (не будзем забывацца, што ягоны брат Іван памёр ад сухотаў). З’явіліся таксама праблемы з сэрцам. Пакуль ён быў на волі, усяму гэтаму можна было даваць рады: рэжым працы і адпачынку, харчаванне і г.д.
Але ён у турме, дзе лекар прапісвае яму 400 г белага хлеба на суткі — як лячэбны сродак. Такое лекаванне! А тым часам яго дапытваюць суткамі: следчыя змяняюцца, а яго дапытваюць і 24 гадзіны запар, і больш, не даюць спаць. Урэшце яго адпраўляюць у лагер на поўнач, куды ён не даязджае. Памірае Луцкевіч у перасыльнай турме ў 1942-м годзе ва ўзросце 58 гадоў.
Алесь Кіркевіч, «Будзьма беларусамі!»