“Камітэт абароны журналістаў” (CPJ), разам з іншымі 48 праваабарончымі арганізацыямі, накіраваў ліст да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, асудзіўшы затрыманне і пераслед дэманстрантаў, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і апазіцыянераў.
Большасць затрыманняў і пераследаў звязаныя з мірнымі пратэстамі з патрабаваннем адмяніць нядаўна ўведзены дэкрэт № 3, які ўсталёўвае падатак на беспрацоўных. Дэкрэт абавязвае грамадзян працаваць пэўную колькасць дзён ці аплаціць доўг перад дзяржавай пад пагрозай арышту.
CPJ зафіксаваў, як беларускія сілавікі затрымлівалі або перашкаджалі дзейнасці як найменш 32 журналістам ад пачатку гэтага месяца. Паводле паведамленняў беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, пачынаючы з 3 сакавіка больш за 250 чалавек былі затрыманыя і як мінімум 110 былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту ад трох да 15 дзён.
У лісце таксама ўтрымліваецца заклік да прэзідэнта гарантаваць, што журналістам і іншым людзям не будуць перашкаджаць знаходзіцца на месцах дэманстрацый, запланаваных у Мінску і іншых гарадах 25 сакавіка.