Выстаўка-тэст для беларусаў. Ці чулі вы калі-небудзь развагі пра бурак як сімвал шляхецкасці?.. Ці замацаваны ў нашай традыцыі чорна-белы арнамент, што большасці падасца незвычайным для беларускай культуры колеравым спалучэннем? Нечаканыя рэчы можа адкрыць падчас сваіх лекцый мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў, які ўжо шмат гадоў займаецца даследаваннямі колераў Беларусі.
Пакуль Міхал Анемпадыстаў рыхтуецца да прэзентацыі сваёй кнігі «Колер Беларусі», што адбудзецца ў канцы сакавіка, дзе тэма будзе раскрыта ў слоўных фармулёўках, у Галерэі Беларускага саюза дызайнераў адкрыта аднайменная выстаўка. 80 фотаздымкаў без подпісаў, дзе сярод іншага фігуруюць тыя ж бурак і чорна-белы арнамент, — тут колер Беларусі трэба проста адчуць. Праз узгаданыя з уласнага досведу дэталі, пазнавальныя водгаласы гісторыі, а таксама пахі, шоргаты і ўнутраную цеплыню, што могуць узнікнуць у памяці.
Тэма колераў у беларускай традыцыі для нас крыху дзіўная: у гэтым кірунку дагэтуль не існуе напрацаванай у нашых шыротах навуковай базы. Можна ўзгадаць хіба кнігі па каларыстыцы Леніны Міронавай, вучнямі якой у Акадэміі мастацтваў у свой час былі многія беларускія мастакі, у тым ліку Уладзімір Цэслер. Яна даследавала колер у мастацтве, аналізавала творчасць Казіміра Малевіча і іншых аўтараў, вывучала ролю колеру ў культуры Старога Кітая і паглыблялася ў іншыя цікавыя з’явы.
Гэтым, можна сказаць, даследаванне тэмы ў межах Беларусі і абмяжоўваецца (маецца на ўвазе, да работы Міхала Анемпадыстава), хаця яна тычыцца ўнікальнасці нацыянальнай культуры і самаідэнтычнасці. Таму тэма не толькі аказваецца надзвычай важнай, але ў апошні час яшчэ і трапляе ў трэнд. Дарэчы, у многіх краінах побытавая каларыстыка становіцца важным аб’ектам для асобнага вывучэння, а ў Швецыі нават існуе адмысловы інстытут.
Акрэсленая тэма для кола інтарэсаў звычайнага чалавека незвычайная, выстаўка ў Галерэі Беларускага саюза дызайнераў, хоць і паказвае да шчымлення ў сэрцы знаёмыя — такія беларускія — рэчы, нечаканая ўдвая. На фотаздымках вы ўбачыце ў добрым сэнсе тыповыя для беларускага асяроддзя рэчы.
Гэта тычыцца народнай творчасці(выцінанка-выразанка, вытканыя ўзоры), ежы (велікоднае барвовае яйка, пафарбаванае шалупіннем ад цыбулі, грушы ў кошыку, журавіны ў цукру, якія самі па сабе — салодкі і аскомісты пачастунак, — могуць стаць пэўным сімвалам Беларусі), архітэктуры (тут спалучаецца закінутасць драўляных сялянскіх пабудоў і багацце элементаў, што адсылаюць да шляхетных збудаванняў мінулага). Бачыцца ў выстаўцы заканамерны кантраст простасці і багацця, які падкрэслівае, што культура Беларусі трымаецца на розных з’явах і кірунках. І адчуваць гэтыя пазнавальныя водгукі прыемна.
Выстаўка ўзнімае інтрыгоўныя пытанні. Што такое «колер» і чаму ён феномен культуры? Якія колеры першымі атрымалі свае імёны ў нашых продкаў? Якія каларыстычныя трэнды мы перанялі і як пераасэнсавалі? Якім чынам колеры фарміруюць самаідэнтычнасць?
Зрэшты, здаецца, адказы мы знойдзем у кнізе Міхала Анемпадыстава, а на выстаўцы, хутчэй, іх сфармулюем самі.
Цені на снезе альбо на сцяне драўлянай хаты, рабізна на вадзе, малако ў кубку, элементы беларускага мастацтва — пра кожны з гэтых фотаздымкаў у рэчышчы ўжывання, значэння колераў у беларускай культуры і іх уплыву аўтар можа расказваць доўга.
Праўда, шчыра раю абысціся пакуль без тэарэтычнай падмацоўкі (вядома, калі вы яе пакуль не маеце). Выстаўка «Колер Беларусі» павінна ўспрымацца пачуццямі. Яна, дарэчы, можа стаць пэўным тэстам на прыналежнасць да Беларусі: ці адзавуцца ў наведвальніку гэтыя колеры?
Ірэна Кацяловіч, “Літаратура і Мастацтва”