Былы апостальскі нунцый у Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны

Апостальскі нунцый ва Украіне, былы апостальскі нунцый у Беларусі (у 2011—2015 гады) Клаўдыё Гуджэроцці і дырэктар установы „Музеі Ватыкана” Антоніё Паалучы ўзнагароджаныя ордэнам Францыска Скарыны „за значны асабісты ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам”.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 сакавіка.

У снежні 2015 года, прымаючы Клаўдыё Гуджэроці з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, Лукашэнка назваў яго „лепшым з паслоў Ватыкана”. „Вы нас заўсёды падтрымлівалі. Мы з вамі шмат зрабілі для ўстанаўлення добрых сувязяў, і ў перспектыве, я думаю, мы зробім усё для таго, каб адбыліся мае сустрэчы з папам рымскім на самым высокім узроўні. <…> Ваша місія была сумленнай, адкрытай, прынцыповай, часам нават не дыпламатычнай, а агульначалавечай. Вы да некаторых пытанняў узаемаадносін Беларусі не толькі з Ватыканам, але і з іншымі дзяржавамі падыходзілі, зыходзячы з інтарэсаў Беларусі, нашага народа. І вось за гэта перш за ўсё я вам удзячны”, — сказаў Лукашэнка.

“Беларускае Радыё Рацыя” паводле БелаПАН