Тэлежурналістка і сцэнарыстка тэлефільма «Гэты дзіўны свет…Чэслаў Немэн» Вера Савіна стала ініцыятарам новага выдавецкага праекту «Genius Loci» («Геній места»).
Яго першы выпуск таксама прысвечаны нашаму славутаму земляку, ураджэнцу Гродзеншчыны, выдатнаму спеваку Чэславу Немэну. Прэзентацыя праекту 2 сакавіка адбылася ў сталічнай галерэі «Дом карцін».
Вера Юр’еўна Савіна падзялілася з “Новым Часам” развагамі пра задуму «Genius Loci»: «Зараз, насуперак усім перашкодам, мы бачым цікавы, высакародны народны рух, накіраваны на вяртанні імёнаў нашых славутых землякоў. Гэта адчуваецца, калі бываеш у вёсках і мястэчках, адкуль яны ішлі ў вялікі свет, у школьных і краязнаўчых музеях, прысвечаных слаўным імёнам землякоў.
Тое ж можна сказаць і пра Чэслава Немэна, які пражыў у Беларусі 19 гадоў. Для яго гэта быў час, калі фарміраваўся талент, калі закладваўся падмурак яго асобы. Таму Чэслаў Немэн, як можа мала хто з нашых землякоў, заўсёды вяртаўся ў родныя мясціны не толькі ў творчасці і ўспамінах, але і ў жыцці — часта прыязджаў у родную вёску Старыя Васілішкі на Гродзеншчыну, калі бываў на гастролях па СССР.
Фільм «Гэты дзіўны свет…Чэслаў Немэн» (рэжысёр Валер Гаравы. — А.М.), які выйшаў на экраны, атрымаў грандыёзны рэзананс: пачалі гаварыць пра стварэнне музею Чэслава Немэна ў Старых Васілішках. Разам з колам аматараў творчасці Чэслава Немэна мы звярнуліся да мясцовых уладаў з прапановай наконт яго стварэння. У райвыканкаме нас ахвотна падтрымалі — і музей пачаў сваё жыццё з напаўнення экспанатамі, звязанымі з жыццём самога Чэслава і сям’і Выджыцкіх. Цяпер музей у Старых Васілішках пераўтварыўся ў цэнтр прыцягнення прыхільнікаў творчасці Немэна з усяго свету: Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі, і прымае да трох тысяч турыстаў на год.
Папулярнасць музея падштурхнула нас да ідэі выдаць цыкл друкаваных буклетаў пад слоганам «Вернем Гісторыю з Эміграцыі!» Мне здаецца, што назва выдання цыклу «Genius Loci» адпавядае задуме — геній ці душа места, які апякуецца яго жыхарамі».
Дызайнер і фатограф выдання Віталь Раковіч адзначыў тое, што многія персанажы будучага выдавецкага цыклу — эмігранты не толькі ў прасторы, але і па часе. І хацелася б вярнуць іх забытыя імёны ў беларускі культурна-гістарычны кантэкст. «Цяпер у нас сабрана візуальная інфармацыі і тэксты прыкладна на 20 буклетаў, прысвечаных выхадцам з Беларусі. Дарэчы, альбомы будуць выдадзены на беларускай, польскай, рускай і англійскай мовах. Рыхтуюцца да выдання буклеты, прысвечаныя мастакам Язэпу Драздовічу, Раману Семашкевічу, Хаіму Суціну, Файбіш-Шрага Зарфіну, фатографу Бенядзікту Тышкевічу, апошняй уладальніцы сядзібы ў Суле, мецэнатцы Альжбеце Ленскай і іншым постацям нашай мінуўшчыны», — падкрэсліў Віталь Раковіч.
Буклет «Genius Loci», прысвечаны Чэславу Немэну — першае выданне, якое адкрывае праект. Большая частка яго накладу пойдзе ў музей, які існуе на ахвяраванні наведвальнікаў. Так ініцыятары праекту спадзяюцца дапамагчы ў даглядзе музею і яго ўтрыманні.
Для таго, каб выдавецкія планы ініцыятараў праекту рэалізаваліся, у самым хуткім часе плануецца распачаць актыўную краўндфандынгавую кампанію на беларускай платформе ulej.by. Яе ініцыятарамі запланаваны і выданне больш якаснай, сувенірнай limit edition-версіі буклета «Genius Loci», а таксама, правядзенне музычнай прэзентацыі праекту з мэтай дапамогі музею Чэслава Немэна ў Старых Васілішках…
Госця прэзентацыі, салістка этна-эмбіент-гурта «Дзівасіл» Іна Перасецкая-Малаковіч, якая ўдзельнічала ў стварэнні музею, распавяла пра адкрыццё на гарышчы хаты Выджыцкіх унікальных па каштоўнасці знаходак, датычных да дзяцінства Чэсіка.
«Залезці на гарышча старой хаты было для нас было нейкім азарэннем, вынікам шостага ці сёмага пачуцця. Там пад саломай знаходзілася шмат асабістых рэчаў будучага спевака — вучнёўскія сшыткі, ноты, якія ён перапісваў для аркестра, фрагменты фотаплёнак, з якіх потым зрабілі цікавыя здымкі. Выдатна, што гэтая знаходка стала своеасаблівым мосцікам паміж яго жыццём рок-зоркі ў Польшчы і тым, што ён пакінуў у Беларусі», — адзначыла спявачка, якая здаўна захапляецца творчасцю геніяльнага земляка.
На просьбу выканаць нейкую кампазіцыю Чэслава Немэна, Іна Перасецкая-Малаковіч адзначыла, што спеўная творчасць Немэна — абсалютна мужчынская. Жанчыне трэба поўнасцю змяніць танальнасць і манеру свайго выканання, што будзе супярэчыць аўтарскай задуме твора. Таму Іна Перасецкая-Малаковіч не стала рызыкаваць, а выканала некалькі апрацовак беларускага, польскіх і цыганскіх народных песень, традыцыйную песню «Вакол спяваюць салаў’і» (у перакладзе Алеся Камоцкага), а таксама асабістую кампазіцыю «У блакітным лесе».
Праект «Genius Loci», задуманы Верай Савінай і Віталём Раковічам, ад пачатку планаваўся адкрытым для розных аўтараў, для малавядомых, але заслужаных асобаў беларускай гісторыі і мастацтва. Спадарыня Савіна, завяршаючы прэзентацыю, нагадала слоган праекту: «Вернем гісторыю з эміграцыі», які, яна спадзяецца, выкліча не толькі цікаўнасць, але і жаданне падтрымаць яго ўсімі магчымымі сродкамі.
Анатоль Мяльгуй, “Новы Час”