Ну, па-першае, як жа мы ўдала зашыфраваліся! Рашэнне пра сегрэгацыю творчых аб’яднанняў на дармаедскія і карысныя для грамадства было схаванае настолькі ўдала, што нагадвае ўжо не казуістыку, а кабалістыку. Пастанова Міністэрства культуры ад 30/12/2016, без назвы і, галоўнае, мэты.
Мінкульт проста чамусьці вызначае пералік творчых арганізацый, прычым апелюе да нейкай нумаралогіі (падпункт 5.50 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры)! Вэбер, які вызначыў празрыстасць ды абгрунтаванасць на пісаных нормах любых дзеянняў бюракратаў, грукнуўся б непрытомны, дазнаўшыся, якім дзівацкім чынам грамадству паведамляецца пра тое, хто мусіць плаціць баршчыну, а хто — не.
Моцная дзяржава мусіць быць яшчэ і смелай, вы не лічыце? Рэжым, які ганарыцца сваім адметным курсам, мусіць паведамляць пра прынятыя рашэнні голасна ды зразумела, а не хавацца ў разорах падпунктаў пунктаў палажэнняў!
З гэтага спісу не вынікае наўпрост, што чальцы чаргінцоўскага саюза вызваляюцца ад падатку на дармаедства, а ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і шмат якія яшчэ арганізацыі — не. Намёк на гэтае ўзнікае пры інтэрпрэтацыі, і вось сядзі, калаціся ды чакай, аднясуць тваю асацыяцыю да падлеглых збору ці не. Калі праз 50 гадоў даследчыкі паспрабуюць дэшыфраваць, як жыла і кіравалася сістэма, што панавала ў краіне дваццаць з халерай гадоў, ім варта будзе пільна вывучыць мову і сэнсаўтварэнне пастановы Мінкульта «пра падпункт 5.50 пункта 5».
Мэсідж, што схаваны ў кабалістычных фармулёўках, па сваёй сутнасці цалкам сярэднявечны. Што нам кажуць тролі — абаронцы дэкрэту, якія наважыліся ўлезці нават у абмеркаванне майго допісу пра падатак на Die Zeit? Яны сцвярджаюць: мера цалкам адпавядае сучаснаму вопыту і накіраваная на тое, каб знайсці тых, хто хавае даходы, атрымліваючы заробак кэшам. А Беларусь — сучасная прававая дзяржава, у якой ёсць нават незалежныя ад дзяржавы НДА і саюзы. І той факт, што перад любымі выбарамі гэтыя саюзы ўбудоўваюцца ў кампанію ўлады, сведчыць выключна пра папулярнасць дзейнага курсу ў беларускім грамадстве.
Дыпламаты з Мінска (разам з тролямі, каструбаватая праца якіх болей заўважная) ужо асіплі, даказваючы тую тэзу на буйных міжнародных пляцоўках. І ім ужо нават пачалі верыць, болей за тое, унутры краіны грань паміж «праўладнымі» і «незалежнымі» структурамі пачала сцірацца, бо другія надта ж баяцца расійскай інвазіі і апошнім часам без прычыны нічога супраць не звягаюць.
І вось выходзіць пастанова «пра падпункт 5.50 пункта 5», і высвятляецца, што ў Беларусі ёсць «сапраўдныя» творчыя саюзы, вартыя пераліку Мінкульта, і ўсе астатнія, якія месца ў пастанове «пра падпункт 5.50 пункта 5» не заслужылі. Дурата аднаго ведамства становіцца ўпоперак горла ўсяму знешнепалітычнаму курсу краіны і пераводзіць у лік патэнцыйных удзельнікаў плошчаў усіх вядомых ды разумных (і часцяком зусім не палітызаваных!) творцаў, занятых у незалежных саюзах.
Так, можна зазначыць, што ўвесь дэкрэт нумар тры глыбока сярэднявечны па сваёй сутнасці, бо, як у часы паншчыны, ускладае пачуццё іманентнай павіннасці на плечы грамадзян. Ты мусіш плаціць не таму, што маеш прыбытак, а таму, што проста жывеш у феодзе. Ты — раб, ты ўвесь час вінны дзяржаве: за тэлевізар у «бясплатнай» школе, за «бясплатны» ўніверсітэт (гэтую віну з нас спаганяюць размеркаваннем), за кантракт, які з табой заключылі ажно на два гады і, канечне ж, не працягнуць пры любым тваім выпянзоне. Пастанова «пра падпункт 5.50 пункта 5» толькі падсвечвае гэтую сярэднявечную, прыгонную сутнасць логікі дачынення слуг народа з тымі, каго яны лічаць сваімі рабамі.
Бо глядзіце: ну вось ёсць пісьменнікі. На ўзроўні пісаных норм яны адрозніваюцца адно ад аднаго хіба што ўзроўнем таленту. У веберыянскай логіцы, якой кіруецца большасць бюракратый свету, пісьменнікі падлягаюць падатку ці пазбаўляюцца ад яго катэгарыяльна, па факце сваёй прыналежнасці да прафесійнай супольнасці, інстытуцыялізаванай у зарэгістраванай Мінюстам арганізацыі. Але тут уключаецца Сярэднявечча. А хто тут у нас сумняваўся ў кагане? Хто тут пісаў вершыкі пра незалежнасць і беларускасць упоперак нашай качавой савецкай ідэалогіі? І вось хазары дзеляць пісьменнікаў на карысных для грамадства, вартых бясплатнай медыцынскай дапамогі, і дармаедаў, якія марнуюць сацыяльныя выдаткі дзяржавы на ахову іх міліцыяй, навучанне іх дзяцей дысцыпліне.
Я наўмысна не буду нагадваць гісторыю з’яўлення двух пісьменніцкіх саюзаў у Беларусі і спекуляваць на тэму правапераемнасці, традыцый ды ўласнасці, усе, каму цікава, могуць пачытаць у Вікіпедыі, на тэматычных сайтах: lit-bel.org , oo-spb.by і вырашыць, каго насамрэч варта, а каго не варта было пазбавіць аброку.
На юрыдычным узроўні, якім кіруюцца памежныя з намі еўрапейскія дэмакратыі, пастанова Мінкульта «пра падпункт 5.50 пункта 5» замацоўвае ганебнае слаўцо GoNGO, якое было ўведзенае спецыяльна для таго, каб патлумачыць існаванне такіх паліталагічных феноменаў, як Федэрацыя прафсаюзаў ці Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (зноў жа, тыя, каму цікава, могуць звярнуцца да вытокаў з’яўлення гэтага паняцця адносна Беларусі
І калі нашая краіна вырашыла раптам зрабіць эфектны камін-аўт наконт сваёй сапраўднай палітычнай сістэмы, дык навошта для гэтага быў абраны момант ліхаманкавых засяброўванняў з Еўропай?
Я не буду сцвярджаць, што пісьменнікаў (усіх) трэба вызваліць ад статусу дармаедаў, бо гэта ганебна для культуры і проста сорамна для краіны. Калі дармаедамі зрабілі тых, хто круціцца на будоўлях у Расіі толькі каб пракарміць сваю сям’ю, дык чым мы лепшыя за іх? Тым, што напісаць раман — гэта вельмі цяжкая, хваравітая праца? Дык гэтым людзям таксама не салодка.
Я не буду сцвярджаць, што дэкрэт пра дармаедства мусіць быць скасаваны, бо мне падабаецца тое, што ён робіць з беларусамі: калі ласка, патрывайце яшчэ колькі месяцаў, і вы пабачыце, як падаткаплатнікі зробяцца нарэшце грамадствам. Адзінае, пра што я прашу, — зраўняць нас, творчых людзей, у правах. Не можа быць падзелу пісьменнікаў на «абібокаў» і «працавітых». Не могуць быць адны музыкі «зоркамі», другія — проста па факце старадаўняга выступу на плошчы — «трутнямі». Мастакі, паэты, архітэктары, дызайнеры, працоўныя, пенсіянеры і моладзь — годзе дзяліць нас на часткі і сварыць паміж сабой. Мы не ворагі. Мы — роўныя. І перад Богам, і перад падатковай.
Вашы глупствы цяпер бачыць увесь свет.
Я хачу ганарыцца сваёй краінай, а не чырванець за дзеянні яе бюракратаў.
Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”