Белгазпрамбанк вярнуў у Беларусь кнігу Скарыны

У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка папоўніў помнік нацыянальнай кніжнай культуры — «Малая падарожная кніжка», надрукаваная Францішкам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе.

Эксперты лічаць менавіта яе першай кнігай, выдадзенай на беларускіх землях. У 1520 годзе Францыск Скарына прыехаў у Вільню і пры падтрымцы бурмістра Якуба Бабіча ў 1522-м выдаў «Малую падарожную кніжку», а ў 1525-м – «Апостала».

«Малая падарожная кніжка» (таксама называецца «кніжыцай») з’яўляецца «часасловам для свецкіх людзей», гэта значыць зборам царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў: «Псалтыр», «Часасловец», «Саборнікі», акафісты, каноны. Гэта больш, чым проста адно выданне: 18 кніг, сабраных разам у адзін пераплёт. Яны ўпрыгожаны унікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі. 9 кніг маюць пасляслоўе самога Скарыны.

Поўных асобнікаў «Малой падарожнай кніжкі» не захавалася. Найлепш захаваліся асобнікі ў бібліятэках Масквы, Капенгагена і Санкт-Пецярбурга. Самыя поўныя – у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (20 кніг), у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене (18 кніг).

Асобнік, які папоўніў карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка, адзіны асобнік «Малой падарожнай кніжкі» ў нашай краіне.

tut.by Фота Белгазпрамбанка