У выпадку падаўжэння тэрміну бязвізавага ўезду ў Беларусь гаворка можа весціся прыкладна пра 12—14 дзён. Пра гэта заявіў сёння начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.
У МЗС прызналіся, што прапаноўвалі большы тэрмін для бязвізавага рэжыму.
«У свой час, у 70-80 гады мінулага стагоддзя, у дыпламатыі быў такі тэрмін — «прынцып разумнай дастатковасці». Ён, праўда, адносіўся да ядзернага стрымлівання. Але вось само словазлучэнне пасля канверсіі можна ўжыць і да бязвізавага рэжыму», — адзначыў Дзмітрый Мірончык.
Паводле яго слоў, калі б з’явілася неабходнасць у больш працяглым тэрміне бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі, спатрэбілася б мяняць заканадаўства. Да гэтага працэсу давялося б прыцягваць парламент і рашэнне не было б прынята так аператыўна.
«А рашэнне па бязвізавым рэжыме ўжо наспела. Таму мы вырашылі зрабіць пакуль паўкрок для таго, каб ацаніць эфект ад рашэння», — адзначыў прадстаўнік МЗС.
Як заявіў Дзмітрый Мірончык, пасля таго, як будзе прааналізаваны эканамічны эфект, сітуацыя ў праваахоўнай сферы і іншыя фактары, можа быць прынята рашэнне пра далейшае ўдасканаленне рэжыму бязвізавага ўезду і працяг яго тэрмінаў.
Як прыклад прадстаўнік МЗС прывёў санаторна-курортнае лячэнне ў Беларусі.
«Санаторна-курортнае лячэнне – разынка Беларусі. Стандартны тэрмін знаходжання ў санаторыі – 12 або 24 дні. Таму лагічным крокам будзе павелічэнне тэрмінаў бязвізавага ўезду да 12 дзён ці 14 дзён — гэта значыць да двух тыдняў. Але пакуль казаць пра гэта рана», – адзначыў ён.
Нагадаем, 5-дзённы бязвізавы рэжым пачаў дзейнічаць 12 лютага. Ён прадугледжвае бязвізавы ўезд у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск» на тэрмін да 5 сутак для грамадзян 80 краін.
Паводле Tut.by