Спецыяльная камісія ЮНЕСКА абвясціла 2017-ы годам памяці ўраджэнца Берасцейшчыны Тадэвуша Касцюшкі.
Год памяці Касцюшкі абвешчаны з нагоды 200 угодкаў яго смерці. Асаблівасцю менавіта гэтага года стане верагоднае атрыманне Брэсцкімі грамадскімі аб’яднаннямі «Маяк» і імя Т. Касцюшкі ад спецыяльнага Фонда Еўрасаюза міжнароднага трансгранічнага фінансавага гранта па праграме «Тадэвуш Касцюшка. Палескі шлях героя».
Як расказвае старшыня Брэсцкага міжраённага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Т. Касцюшкі Леанід Несцярчук, выдзяленне грошай практычна вырашана: «Увогуле грант прадугледжвае фінансаванне ў памеры аднаго мільёна еўра. Беларускі бок атрымае прыкладна трэць гэтай сумы. Нашымі замежнымі партнёрамі ў атрыманні гранта выступілі грамадскія аб’яднанні г. Любяшова (Украiна), дзе ў мясцовым калегіуме піяраў вучыўся Касцюшка, і мястэчка Сасновіцы пад Люблінам (Польшча), у якім герой пачаў свае дарослае жыццё. Калі будзе выдзелены грант – а на гэта ўсё паказвае, то ў Любяшове і Сасновіцах будуць створаны музеі Тадэвуша Касцюшкі. А беларуская частка грошай пойдзе на далейшае будаўніцтва і добраўпарадкаванне дома-музея Касцюшкі ў г. Косава Івацэвіцкага раёна і на архелагічныя даследаванні на тэрыторыі былой сядзібы роду Касцюшкаў у вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна».
Юрый Рубашэўскі, “Вечерний Брест”