Выйшаў беларускі пераклад раману «Надбярэзінцы» Фларыяна Чарнышэвіча, польскага пісьменніка, які нарадзіўся ў Бабруйскім павеце, паходзіў з дробнай засцянковай шляхты. Шлях раману да беларускага чытача быў доўгім.
Будынак паравога млына ў Клічаве, 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч
Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў рамках XXIV Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша 11 лютага ў 14:00 у канферэнц-зале выставачнага павільёна (Мінск, пр. Пераможцаў, 14). Выданне ажыццявіла выдавецтва «Янушкевіч» пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і Інстытута кнігі (Кракаў).
«Засцянковай Атлантыдай» услед за літаратарам Юзафам Чапскім назваў апісаны ў рамане побыт шляхецкага засценку ва Усходняй Беларусі пачатку ХХ стагоддзя аўтар прадмовы да беларускага перакладу «Надбярэзінцаў» Аляксандр Пашкевіч. І праўда, Атлантыда. Пра зніклую габрэйскую культуру беларускіх гарадоў і мястэчак мы трохі ведаем, а пра зніклую вясковую «польскасць» — зусім няшмат.
Фларыян Чарнышэвіч, грунтуючыся на сваіх успамінах, распавядае пра лёс жыхароў шляхецкіх засценкаў паміж Бярэзінай і Дняпром у 1911–1920 гадах і складаныя этнічныя ды палітычныя стасункі на гэтых землях. У рамане фігуруюць Бабруйск, Жлобін, Бялынічы, а асноўнае дзеянне адбываецца на прасторах сучаснага Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, у вёсцы Смалярня і мястэчку Вонча, правобразы якіх яшчэ трэба знайсці.
«Шляхта» — «паляк» — «пан» — «каталік»
У Клічаўскім раёне сёння складана адшукаць напамін пра тыя часы. Драўляныя хаты спарахнелі ці згарэлі ў вайну, з камянічак застаўся хіба паравы млын насупраць аўтастанцыі ў Клічаве.
У адпаведнасці з раманам, касцёл у мястэчку Вонча, адным з правобразаў якога, верагодна, стаў Клічаў, так і не пабудавалі. Жыхары Смалярні Чарнышэвіча (аднайменная вёска знаходзіцца за 5 км ад Клічава) часам наведвалі набажэнствы ў Бабруйску, а часцей маліліся па хатах. Такімі хатнімі набажэнствамі кіраваў «багамол» Кантычка, якому жыхары Смалярні былі за гэта вельмі ўдзячныя: «інакш бы ператварыліся ў мужыкоў». У той жа час Фларыян Чарнышэвіч згадвае «праваслаўных палякаў», якім пашанцавала менш, чым жыхарам Смалярні: па ксяндза ехаць далёка, свайго «багамола» няма, таму даводзілася карыстацца паслугамі праваслаўнага папа.
Польскі даследчык Эдвард Малішэўскі, спрабуючы патлумачыць звязку “каталіцтва — польскасць” у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі, прыйшоў да высновы, што там, дзе каталікоў усіх саслоўяў было больш (Віленская, Гродзенская губерні), гэта сувязь праглядалася слабей. Ва ўсходніх губернях, дзе каталікі жылі ў праваслаўным асяродку, яны вастрэй адчувалі сваю інакавасць, «польскасць». Асноўную масу такіх «палякаў» складала дробная засцянковая шляхта, якая звычайна мела мясцовыя карані і вяла радавод ад колішніх шляхецкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага.
Помнікі на могілках у вёсцы Аколіца Клічаўскага раёна, 2011 г. Фота з архіву РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства»
Спачатку большасць беларускай шляхты прытрымлівалася праваслаўнага веравызнання, але да канца ХVІII стагоддзя пад уплывам дзяржаўнай палітыкі Рэчы Паспалітай перайшла ў каталіцызм. Тым не менш, напрыклад, у ваколіцах Давыд-Гарадка Столінскага раёна шляхецкія вёскі заставаліся праваслаўнымі, і акцэнтаваўся не рэлігійны, а саслоўны складнік: да 1980-х гадоў нават шлюбы з «мужыкамі» былі рэдкасцю.
У мясцінах, якія апісвае Фларыян Чарнышэвіч, так доўга памяць пра шляхецтва не пражыла. У вёсцы Аколіца, што згадваецца ў рамане, пра забытую польскасць цяпер сведчаць адно помнікі на могілках. Там распавядаюць, што «шляхтуном» сяляне маглі назваць шляхціца з мэтай абразіць, падчас сваркі.
Паводле словаў мясцовых жыхароў, «паны параз’язджаліся» да Другой сусветнай вайны, некаторых пасля вайны раскулачылі і расстралялі «за тое, што з Польшчай былі звязаныя». Калісьці ў Аколіцы было каля 6 «панскіх двароў», узгадваюць прозвішчы: Гуцеры, Мажаўскія, Масціцкія, Бурэцкія, Язерскія, Карбановічы. «Паны» размаўлялі па-беларуску і наймалі сялян на сезонныя сельскагаспадарчыя работы.
Апісваючы Аколіцу, Фларыян Чарнышэвіч адзначаў, што ўжо ў яго час яе насельнікі не ведалі польскай мовы. Сучасныя жыхары Клічаўскага раёна 1920–1930-х гадоў нараджэння выкарыстоўваюць словы «шляхта», «палякі», «каталікі» і «паны» як сінонімы. Сустракаюцца выразы кшталту «пісаць па-шляхоцку».
Ці тая Смалярня?
Да самой Смалярні дабрацца пакуль не давялося, але мой дзядуля Мікалай Паўлавіч Мельнічонак 1928 года нараджэння (амаль усё жыццё пражыў у Клічаве і раёне) нават не ўзгадаў, што там калісьці жыла шляхта. Паведаміў, што была яшчэ адна Смалярня, дзе сяліліся вартаўнікі панскага лесу, і тая акурат была шляхецкай. Вёска знаходзілася на лясной дарозе з вёскі Усакіна на Мацевічы (цяпер у Бярэзінскім раёне), над прытокам Ольсы, і недзе ў 1930-х гадах была пакінутая жыхарамі. Гэта прыкладна 24 км на поўнач ад Клічава.
Падчас экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў 2011 годзе жыхары Клічаўскага раёна ўзгадалі, што шляхта жыла ў вёсках Аколіца, Турчылоў, Мікалаеўка, Анатолеўка, Дубраўкі, Аляксееўка, Дзмітраўка, Галішчына, Рэпішча, Ганаратаў, Кабылянка. Кавалёнак Яніна Уладзіміраўна 1922 г. н. з хутара Застар'е назвалася «шляхцянкай польскай нацыі», якой пасля раскулачвання сям’і давялося пераехаць у вёску Рэпішча. Частка сям’і з’ехала ў Польшчу.
Яніна Уладзіміраўна распавядае, што да яе прыходзілі «рускія» каляднікі, разлічваючы на шчодры пачастунак. Адрозненні ад навакольных сялян адчуваліся: "Мы шляхты, а яны рускія былі". Шляхта па-іншаму святкавала, спявала іншыя песні. Пра шляхту Яніна Уладзіміраўна кажа, што тая жыла пры лесе, «не лезлі ў чараду». Мой дзядуля апавядае, што ў вёсцы Аколіцы была пачатковая польская школа, а потым палякі давучваліся ў Коўбчы, вучыліся добра. Каўбчанскія хлопцы іх не любілі і «мужыкі са шляхтай» біліся амаль штодня.
У Клічаўскім раёне дзейнічалі польскія нацыянальныя сельсаветы: Усохскі (з 1924 г.) і Наталоўскі (з 1926-га). На пытанне, куды падзеліся ўсе гэтыя «палякі», мой дзядуля выказвае здагадку, што «запісаліся пасля вайны беларусамі».
Цені забытых продкаў
Шлях «Надбярэзінцаў» да беларускага чытача быў доўгім. Аўтар удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне 1919–1920 гадоў у якасці выведніка, а пасля дэмабілізацыі служыў паліцыянтам у Вільні. У 1924 годзе эміграваў у Аргенціну, дзе пражыў рэшту жыцця, працуючы на мясабойні. Актыўна ўдзельнічаў у польскім руху на эміграцыі. Агулам напісаў чатыры раманы.
Шасцісотстаронкавая авантурна-меладраматычная эпапея «Надбярэзінцы», упершыню выдадзеная ў 1942 годзе ў Буэнас-Айрэсе, мае аўтабіяграфічны характар, пралівае святло на малавядомыя беларусам старонкі гісторыі, звязаныя ў тым ліку з дзеяннямі на Бабруйшчыне ў 1918 годзе Першага польскага корпуса, якім камандаваў генерал Юзаф Доўбар-Мусніцкі.
Праз антыкамуністычную рыторыку «Надбярэзінцы» выйшлі ў Польшчы толькі ў 1991-м. Фрагменты з рамана ў беларускім перакладзе былі апублікаваныя ў часопісе «Arche» № 10 за 2014 год. Пераклад, які выдаецца цяпер, выканалі Кацярына Маціеўская, Алена Пятровіч, Марына Шода і Ганна Янкута. Рэдагавала тэкст Марыя Мартысевіч, карані роду якой таксама цягнуцца з Клічаўшчыны.
«Да сёлета я няшмат ведала пра радзіму майго дзеда Антона Брылеўскага, — піша Марыя ў фэйсбуку, — агулам толькі тое, што ён каталік з Усходняй Беларусі. Бабуля казала, з-пад Крычава. Але падчас працы з рукапісам мяне пачалі цярзаць смутныя самненія... Я апытала сваю сям'ю і выявілася, што яны ўсё жыццё блыталі Крычаў і Клічаў, а засценак Вяленік, дзе нарадзіўся дзядуля, месціцца за колькі кіламетраў ад гіпатэтычнай Смалярні — эпіцэнтру дзеяння раману.
Мой дзед — надбярэзінец!
У трэцяй частцы кнігі адбылося тое, чаго я з трымценнем чакала, — з’явіўся шляхціц з хутароў Брылеўскі, які папярэдзіў галоўнага героя пра небяспеку.
Мае прабабуля Эмілія і прадзед Ян — равеснікі герояў раману. Мой дзядуля Антон усё жыццё маўчаў пра сваё дзяцінства. Фларыян Чарнышэвіч дае адказ, чаму».
Больш пра этнаграфічныя падрабязнасці і лакалізацыю населеных пунктаў, апісаных у рамане, можна пачытаць тут.
Алена Ляшкевіч, “Новы Час” Для падрыхтоўкі матэрыялу быў выкарыстаны архіў РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства».