Аналітычны дакумент: выклікі далучэння Беларусі да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі

У 2015 годзе Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы па выкананні Дарожнай мапы рэфармавання вышэйшай школы да 2018 года.

Графік рэалізацыі Дарожнай мапы не вытрымліваецца, і гэта стварае пагрозу выканання абавязацельстваў беларускага боку ў вызначаны тэрмін.

Гэты дакумент, апублікаваны Цэнтрам Астрагорскага, аналізуе асноўныя праблемы рэалізацыі Дарожнай мапы ў Беларусі; ён таксама дае рэкамендацыі, якія маглі б дапамагчы зрабіць гэта своечасова і задаволіць чаканні зацікаўленых бакоў.

Беларусь як чалец Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі

На канферэнцыі 47-мі міністраў адукацыі ЕПВА ў Ерэване 14-15 мая 2015 года Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы па выкананні Дарожнай мапы рэфармавання вышэйшай школы.

Канферэнцыя міністраў адукацыі ЕПВА і Чацвёрты Балонскі форум 14-15 мая 2015 года, Ерэван, Арменія. Фота: www.bsu.by

Вынікам гарманізацыі адукацыйных стандартаў Беларусі і еўрапейскіх краінаў, як чакаецца, будзе вышэйшая якасць адукацыі, павышэнне магчымасцяў асобаў для навучанні і працаўладкавання, глыбейшая інтэграцыя ў еўрапейскую і сусветную адукацыйную прастору, уключэнне ў працэс адукацыі асобаў розных сацыяльных групаў, у тым ліку ўразлівых.

Праграма рэфармавання беларускай вышэйшай адукацыі прадугледжвае механізм міжнароднай падтрымкі і кансультацый у працэсе рэалізацыі Дарожнай мапы да 2018 года, калі на міністэрскай канферэнцыі ў Парыжы будзе разгледжаная выніковая справаздача аб імплементацыі Дарожнай мапы.

Для падтрымкі яе імплементацыі была створаная Кансультатыўная група па Дарожнай мапе, якая ўключае прадстаўнікоў урадаў, наднацыянальных інстытутаў і грамадскіх арганізацыяў краінаў-сябраў ЕПВА, і трох прадстаўнікоў  дзяржаўнага сектара адукацыі Беларусі.

Праблемы выканання Дарожнай мапы

Беларусь хацела б пазбегнуць балючай ломкі сістэмы адукацыі і “бяздумнага капіявання заходніх мадэляў” што неаднаразова паўтараў Аляксандр Лукашэнка. Сярод галоўных пагрозаў інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі для Беларусі ён адзначыў уцечку мазгоў і страту “патрыятычнага, маральна-этычнага, эстэтычнага выхавання”.

Такая пазіцыя вышэйшага кіраўніцтва з’яўляецца істотным фактарам, які запавольвае інтэграцыю Беларусі ў ЕПВА. Апроч таго, прапановы Міністэрства адукацыі па рэформе адпаведнага заканадаўства суправаджаюцца сур’ёзнымі дыскусіямі з іншымі міністэрствамі і ведамствамі, якія часта супраціўляюцца пэўным новаўвядзенням.

Для маніторынгу і колькаснай ацэнкі прагрэсу выканання Дарожнай мапы група экспертаў Грамадскага Балонскага камітэта распрацавала метадалогію, якая дазваляе вызначыць індэкс імплементацыі Дарожнай мапы. Улічваючы, што тэрмін рэалізацыі Дарожнай мапы складае 3 гады, а выніковае значэнне Індэкса па стане на 30 чэрвеня 2016 года ‒ 8,7%, эксперты робяць выснову, што імплементацыя Дарожнай мапы ўсё яшчэ знаходзіцца на пачатковым узроўні, а ў некаторых кірунках практычна не пачыналася.

Крыніца: bolognaby.org

Варта адзначыць, што Кансультатыўная група па Дарожнай мапе мае іншую, больш аптымістычную ацэнку прагрэсу ў рэалізацыі дарожнай мапы, аднак яе працоўныя дакументы не даступныя публічна і не дазваляюць зрабіць параўнанне

Як адзначаюць эксперты, распрацоўка і ўкараненне нацыянальнай рамкі кваліфікацый, сістэмы кантроля якасці, крэдытнай сістэмы і дадатку да дыплома замаруджваецца па незразумелых прычынах. Міністэрства працы тры гады працуе над нацыянальнай рамкай кваліфікацый і пілотнымі праектамі прафесійных стандартаў, але праца не завершаная.

На шляху выяздной мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў існуюць бар’еры, якія створаныя ведамствамі, што не маюць непасрэднага дачынення да сістэмы адукацыі. Так, рэкламная дзейнасць замежных навучальных устаноў рэгламентуецца Законам Рэспублікі Беларусь аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі, распрацоўшчыкам якога з’яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў. Дзяржаўнае фінансаванне акадэмічнай мабільнасці застаецца вельмі сціплым і не дазваляе забяспечыць выхад на запланаваныя ў ЕПВА паказчыкі студэнцкай мабільнасці ў 20% студэнтаў да 2020 года.

Інстытут размеркавання студэнтаў бюджэтнай формы навучання, які функцыянуе ў Беларусі з савецкіх часоў, не адпавядае нормам ЕПВА і запатрабаванням сучаснай эканомікі. Апроч таго, існуе праблема адпаведнасці адукацыйнай прапановы ВНУ запатрабаванням рынку працы.

Большасць ВНУ ў Беларусі з’яўляюцца дзяржаўнымі інстытутамі, якія цэнтралізавана выконваюць распараджэнні вышэйшай выканаўчай улады. Рэктары прызначаюцца прэзідэнтам і знаходзяцца ў падпарадкаванні палітычнага кіраўнцітва.

Cтудэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пратэстуюць супраць імітацыі самакіравання: Фота: www.kp.by

Універсітэты ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца як інструмент палітычнага выхавання праз курсы дзяржаўнай ідэалогіі, моладзевую арганізацыю БРСМ, прымусовыя працы і ўдзел у дзяржаўных святах і палітычных мерапрыемствах.

Грамадзянская супольнасць у большай ступені здольная ўплываць на рашэнні ўладаў праз знешіх актараў – у першую чаргу Еўрапейскі Саюз.

Рэкамендацыі па выкананні Дарожнай мапы

Для выкананне Дарожнай мапы ў вызначаны тэрмін адказным інстытуцыям варта ўлічыць наступныя рэкамендацыі:

  • Сацыяльнае вымярэнне і рынак працы

Сістэма абавязковага размеркавання павінна застацца толькі ў тых галінах, дзе дзяржава мае вострую неабходнасць у кадрах. Варта заканадаўча замацаваць стымуляванне працадаўцаў да працаўладкавання выпускнікоў праз ільготнае падаткаабкладанне і іншыя меры фіскальнай палітыкі; стымуляванне вышэйшых навучальных устаноў да практыкаарыентаванай адукацыі і зацікаўленасці ў працаўладкаванні выпускнікоў праз маніторынг якасці адукацыі, рэйтынгавання і фінансаванне ВНУ у залежнасці ад узроўню працаўладкавання выпускнікоў.

  •  Забеспячэнне ўмоваў для мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў

Варта прыбраць бюракратычныя перашкоды для мабільнасці ў супрацоўніцтве з зацікаўленымі органамі ўлады. Дзяржаўнае фінансаванне акадэмічнай мабільнасці павінна быць істотна павялічана. Для прадухілення ўцечкі мазгоў неабходна прапанаваць студэнтам перспектывы прафесійнай рэалізацыі праз інструменты сацыяльнага партнёрства з працадаўцамі.

  •  Забеспячэнне акадэмічных свабод і прынцыпаў універсітэцкай аўтаноміі

На заканадаўчым узроўні варта замацаваць гарантыі правоў інстытуцый і індывідаў на свабоду вучыць, вучыцца і даследаваць, і абарону ад вонкавага ўмяшання з боку ўладаў. Інстытуцыйная аўтаномія мусіць быць замацаваная ў арганізацыйнай, фінансавай, кадравай і акадэмічнай сферы. Варта таксама ліквідаваць адміністратыўныя перашкоды для стварэння і свабоднага функцыянавання студэнцкіх саюзаў, прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый.

  • Забеспячэнне адкрытасці і ўключэнне ў працэс рэформы шырокага кола зацікаўленых бакоў

 Установам, адказным за выкананне Балонскіх прынцыпаў, варта забяспечыць пастаяннае інфармаванне зацікаўленых бакоў і грамадскасці пра працэс рэформы. Варта далучыць да дзейнасці Кансультатыўнай групы па Дарожнай мапе як мага шырэйшы спектр стэйкхолдэраў рэформаў, уключна з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, бізнэсу, студэнцкіх асацыяцый, і наладзіць з імі рэгулярны экспертны дыялог.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение