Як золата пералітоўваецца агнём...

У «Мастацкай літаратуры» — навінка: пабачыла свет кніга Францыска Скарыны «Маем найбольшае самі». Выданне, у якім сабраны перастварэнні скарынаўскіх тэкстаў на мову сучаснай паэзіі, здзейсненыя Алесем Разанавым.

Урыўкі з гэтай кнігі ўжо друкаваліся ў «Полымі» і «Літаратуры і мастацтве». Сёння чытач мае магчымасць спрычыніцца да мастацкіх адкрыццяў першадрукара і яго перакладчыка. Канешне ж, будуць спрэчкі, заўвагі, як у дачыненні да любой вялікай справы. Алесь Разанаў перачытаў прадмовы легендарнага першадрукара мовай паэзіі, магчыма, у нечым аказаўся суб’ектыўным. Магчыма, камусьці нелагічным падасца сам выбар Алесем Разанавым мастацкай формы, жанру. Усё гэта — тэма ці тэмы для будучых размоў.

Сёння можна смела і аб’ектыўна павіншаваць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Разанава і выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое пры фінансавай падтрымцы дзяржавы здзейсніла выключна вялікую справу. Прыемна, што кніга выдадзена ў чаканні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Вядомы даследчык, кнігазнаўца Алесь Суша вось што піша ў прадмове да зборніка «Маем найбольшае самі»: «Зробленае Алесем Разанавым ацэняць сучаснікі і нашчадкі. У кнізе перастварэнняў не просты пераклад, не простае тлумачэнне і выкладанне знойдзеных Скарынам слоў-каментарыяў, а найперш Паэзія асэнсавання розных па часе прастор, Паэзія яднання іх у адно цэлае. Гэтым цэлым, гэтым беларускім светам і апякуецца ўніклівы да Вечнасці творца». І далей: «Неўміручасць слоў Францыска Скарыны даўно спрыяе развіццю аргументацыі ў духоўных памкненнях народа Беларусі. І празорлівыя чытачы гэта бачаць і ўсведамляюць...»

Тварэнне мастацкай гісторыі працягваецца. Следам за Скарынам і Алесем Разанавым мы прачытваем, паўтараем, асэнсоўваем, разважаем: «Пісанне, натхнёнае Богам, / карыснае ўсякаму чалавеку: / для навучання / і разважання, / для ачышчэння / і высвядчэння, / для выпраўлення / і для здзяйснення праўды, / каб дасканалы быў чалавек / і здатны / да ўсякае добрае справы, / як піша апостал Павел».

Дызайн і афармленне кнігі выканала вядомы кніжны графік, дызайнер Тамара Мельянец. Зразумела, грунтам яе творчых пошукаў стала ілюстрацыйная спадчына Францыска Скарыны. Наклад кнігі, якая бачыцца добрым падарункам для ўсіх, хто неабыякавы да беларускай культуры, беларускага асветніцтва, — 500 экзэмпляраў.

Кастусь Ладуцька