Поўная электронная версія Шагалаўскага зборніка ўпершыню будзе апублікавана ў інтэрнэце

Чацвёрты выпуск Шагалаўскага зборніка прэзентуюць у Віцебску 25 студзеня, поўная электронная версія выдання ў гэты ж дзень будзе размешчана ў інтэрнэце, паведамілі БЕЛТА ў музеі Марка Шагала ў Віцебску.

"Шагалаўскі зборнік. Выпуск 4" уключае тэксты дакладаў, якія былі прадстаўлены на XXIV і XXV Міжнародных Шагалаўскіх чытаннях у Віцебску. Выданне складаецца з дзвюх частак. У першай змешчаны матэрыялы, прысвечаныя біяграфіі і творчасці Марка Шагала. У другую частку ўвайшлі даследаванні аб акружэнні мастака і аб Віцебску пачатку ХХ стагоддзя. Выданне будзе прэзентавана ў Арт-цэнтры Марка Шагала 25 студзеня (пачатак у 16.00). У дзень прэзентацыі поўная электронная версія зборніка з'явіцца і на інтэрнэт-сайце музея www.chagal-vitebsk.com. Як растлумачылі ў музеі, да гэтага часу ў інтэрнэце публікаваліся толькі некаторыя даклады Шагалаўскіх чытанняў, поўная версія зборніка ў PDF-фармаце будзе размешчана на сайце музея ўпершыню.

З 1991 года ў Віцебску праводзіцца навуковая канферэнцыя Міжнародныя Шагалаўскія чытанні, у якой прымаюць удзел дзясяткі даследчыкаў творчасці мастака з розных краін свету. Большасць матэрыялаў канферэнцыі апублікавана ў трох выпусках "Шагалаўскага зборніка" (выдадзены ў 1996, 2004, 2008 гадах) і "Бюлетэні Музея Марка Шагала" (21 выпуск з 2000 па 2013 год). Некаторыя з гэтых выданняў ужо сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

У музеі падкрэслілі, што новы зборнік прысвечаны памяці нязменнага старшыні Шагалаўскага камітэта ў Віцебску Давіда Сімановіча (1932-2014).

У гэтым годзе спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння сусветна вядомага мастака Марка Шагала. З нагоды юбілейнай даты ў Віцебску плануецца арганізаваць мноства мерапрыемстваў. Адной з самых важных і значных падзей абяцае стаць адкрыццё музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, якое было створана Шагалам амаль 100 гадоў таму. Шмат будзе і выставачных праектаў. Так, цяпер у Арт-цэнтры Марка Шагала праходзіць выстава графічных работ нямецкага мастака-гравёра Германа Штрука (ён быў настаўнікам Марка Шагала). На выставе прадстаўлены 47 арыгінальных чорна-белых літаграфій, якія датуюцца 1916-м годам, і графічныя работы Марка Шагала.

Алёна Ціханава, БЕЛТА