Праклятыя і забытыя – фільм пра збройную барацьбу за незалежнасьць Беларусі

Дакумэнтальны фільм рэжысэра Антося Цялежнікава пра збройны незалежніцкі супраціў на Беларусі пасьля Другой Сусьветнай Вайны.

Асновай гэтае барацьбы стала Беларуская Незалежніцкая Партыя, створаная ў 1942 годзе і паўлегальная ў часы нямецкай акупацыі. Ужо ў самым канцы вайны, калі яе вынік ужо быў перадвызначаны шэраг беларускіх жаўнераў прайшлі падрыхтоўку ў нямецкай дыверсійнай школе “Дальвіц” і былі дэсантаваныя на тэрыторыю Беларусі. Іхнаю мэтаю была арганізацыя ўзброенага падполля на выпадак вайны паміж заходнімі саюзнікамі ды СССР.

Апошні зь беларускіх партызанаў-незалежнікаў, паводле афіцыйнай вэрсіі, загінуў у 1955 годзе. І ў Савецкім Саюзе, і ў сёньняшняй Беларусі гэтых людзей праклялі ды забылі.

Стужка багатая на ўспаміны ўдзельнікаў падзеяў, у ёй упершыню прадэманстраваны шэраг дакумэнтаў зь летувіскіх і польскіх архіваў, а таксама кадры сустрэчы Барыса Рагулі з вэтэранамі ягонага швадрону ў 1997 г. у Вільні.