Святкаванне 135-годдзя з дня нараджэння Песняра пройдзе ў розных краінах свету. Родны і блізкі, знаёмы з дзяцінства і такі шчымліва-шчыры. І ў той жа час — містычны, загадкавы і, бадай, амаль невядомы. Для кожнага з беларусаў імя нашага народнага паэта Янкі Купалы — дарагое. Таму невыпадкова, што імпрэза Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы з нагоды пачатку Купалавага года атрымалася шчырай і ўтульнай.
Дзіўны парадокс: прамаўляючы афіцыйныя словы, кожны з выступоўцаў здолеў укласці ў іх і ноткі асабістага стаўлення да асобы і спадчыны песняра.
— На мой погляд, Год культуры яшчэ працягваецца — у выдатных імёнах, зорках нашай культуры, — зазначыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. — Янка Купала, чый псеўданім звязаны з Купаллем, як і гэтае летняе свята ў беларускім народным календары, займае адно з найярчэйшых месцаў на небасхіле нашай літаратуры. Для мяне Купала заўсёды быў прыкладам самаадданага служэння радзіме. Яго іпастась знакавая — як мастака, грамадскага, палітычнага дзеяча, які ў сваёй працы імкнуўся вярнуць краіне і народу пачэснае месца паміж іншымі народамі свету. Думаецца, варта клапаціцца пра тое, каб яго спадчына і запаветы заставаліся каштоўнымі не толькі для нашых сучаснікаў, але і нашчадкаў.
Да захавання памяці пра Купалу з трапятаннем ставяцца не толькі нашы суайчыннікі, але і беларусы, якія жывуць у іншых краінах свету. Доказам таму — хаця б праца музея Янкі Купалы ў Пячышчах, непадалёк ад Казані, дзе класік некаторы час пражыў у гады Вялікай Айчыннай вайны. А беларусы, якія жывуць у Расіі, час ад часу адшукваюць прадметы, звязаныя з яго постаццю, лёсам і спадчынай. Так, падчас вечарыны адбылася прэзентацыя партрэта Янкі Купалы работы рускага мастака Івана Паўлава, які ў дар мінскаму музею класіка перадаў старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч.
— Мне падаецца, што мы жывём у эпоху Янкі Купалы, бо фактычна кожны год для нас праходзіць пад зоркай песняра, пад знакам духоўнасці беларускага народа, — падкрэсліў Сяргей Львовіч. — Духоўнасць беларусаў працята любоўю да сучаснасці, трапяткім стаўленнем да гісторыі і ўпэўненасцю ў будучыні. Таму сіламі нашай нацыянальна-культурнай аўтаноміі і мы імкнемся рабіць унёсак у адраджэнне і развіццё розных аспектаў культуры беларусаў. Дагэтуль не вядомы партрэт Янкі Купалы мы набылі летась у складзе лота ў Аўкцыённым доме ў Маскве. На вялікае шчасце і радасць, у ліку іншых гравюр мастака Івана Паўлава знайшоўся і партрэт Купалы 1931 года.
Купалу шануюць таксама і сябры нашай краіны з розных куткоў свету. Таму лагічна, што 135-годдзе класіка будуць адзначаць у Літве, Латвіі, Грузіі, Украіне, Расіі, Славакіі, Польшчы, Ізраілі, ЗША, Францыі. Валерый Варанецкі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах, лічыць імя Янкі Купалы знакавым не толькі для Беларусі:
— Творы песняра — наш нацыянальны гонар, духоўная спадчына. Калі мы ў розных краінах распавядаем пра Беларусь, многія згадваюць пра Янку Купалу. І наадварот: калі кажам пра Купалу — кажам і пра Беларусь.
А вось старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк разважаў пра ролю песняра ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў:
— Для Беларусі Янка Купала — не проста паэт. Разам з Якубам Коласам і Максімам Багдановічам — на чале беларускага нацыянальнага іканастаса. Без гэтых людзей няма новай беларускай літаратурнай мовы, разумення быцця нашага народа, асэнсавання яго самасці. Янка Купала — адзін з тых, хто ў складаных абставінах здолеў паказаць высокасць беларускай душы, перамагчы духоўную мізэрнасць.
Мемарыяльныя дошкі песняру ўжо адкрытыя ў Вільнюсе, Рызе. Беларускай школе ў Рызе нададзена імя Купалы, а летась памятны знак Купалу быў усталяваны ў ізраільскім горадзе Ашдод, на плошчы, якая носіць імя паэта. Гэтыя знакі прысутнасці нашага класіка ў іншых краінах з’яўляюцца дзякуючы спрыянню Міністэрства замежных спраў, дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой, а таксама прадстаўніцтваў замежных краін у Беларусі. Дарэчы, Янка Купала ў 1972 годзе быў першым з беларускіх пісьменнікаў, хто «перакрочыў» мяжу і быў увасоблены ў помніку. Тады помнік песняру з’явіўся ў Нью-Ёрку. Пра гэта згадаў пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, член нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА Анатоль Бутэвіч. Тэму помнікаў працягнуў і старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. Але ён жадаў бы пабачыць Купалу ў адметным вобразе:
— Для беларускіх мастакоў Янка Купала заўсёды быў натхненнем. Гэта дзясяткі тысячаў вобразаў не толькі самога песняра, але і яго літаратурнай спадчыны. Я мару пра помнік Купалу-дэндзі. Вельмі важна паказваць, што паэт у свой час таксама быў узорам стылю, шляхецкіх паводзінаў, выкшталцонасці. Думаецца, сёлета нас чакае вялікае мноства выдатных імпрэзаў, выдавецкіх праектаў, прысвечаных песняру. Але арганізатары пакуль не раскрываюць усіх картаў:
— Юбілейны год толькі пачынаецца, — гаворыць дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, — але ўжо сёння магу адзначыць, што фестываль мастацтваў, які пройдзе ў чэрвені ў Славакіі, будзе прысвечаны нашаму паэту. Так, старт святкаванням ужо дадзены. І можна смела сказаць: у Год Купалы крочым разам.
Марына Весялуха, “Літаратура і Мастацтва”