Растрывожаныя рыфмы

У беларускай літаратуры 1920—1930-х гадоў ёсць шмат постацяў, якія прыцягваюць увагу даследчыкаў вялікім унёскам у станаўленне і развіццё беларускай культуры. Сярод іх немалая колькасць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, бо грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі 1920-х гадоў давала магчымасці для рэалізацыі сваіх здольнасцей не толькі беларусам.

Неабходнасць стварэння навучальных і акадэмічных устаноў вымагала тэрміновага вырашэння кадравага пытання, з гэтай мэтай у Беларусь запрашаліся ўжо вядомыя навукоўцы. Сярод іх быў і Пётр Апанасавіч Бузук. У беларускай навуцы ён вядомы найперш як мовазнаўца, але яго літаратурная і літаратуразнаўчая спадчына з’яўляюцца для нас не менш цікавымі. Свае навуковыя артыкулы ён падпісваў уласным імем (П. Бузук), а літаратурныя творы — псеўданімам П. Росіч. Друкаваў П. Бузук яшчэ пераклады і рэцэнзіі, выкарыстоўваючы такія крыптонімы, як П. Р.; П. Р-ч; Р-ч або П. Б., аднак у Біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» гэты аўтар адсутнічае і яго арыгінальныя мастацкія творы можна знайсці, толькі асабіста праглядаючы перыёдыку, у асноўным часопісы «Маладняк» і «Полымя».

Пётр Бузук нарадзіўся ў Тыраспальскай вобласці, даволі поўную версію яго біяграфіі можна знайсці на сайце Тыраспаля «На Днестре». Сярод асноўных падзей адзначым вучобу і працу ў Новарасійскім універсітэце ў Адэсе, пачатак выкладчыцкай працы з восені 1925 года на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, куды ён быў запрошаны рэктарам У. Пічэтам. У 1926 годзе ён перайшоў у Інбелкульт, дзе ў 1929 годзе ўзначаліў фальклорна-дыялекталагічную камісію, а з 1931 года быў дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў фондзе Л. Бэндэ захоўваецца спіс навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства беларускай Акадэміі навук з кароткімі біяграфічнымі дадзенымі (машынапіс, фонд 66, воп. 1, спр. 1148). У ім пададзеныя наступныя звесткі пра П. Бузука: «Па нацыянальнасці украінец, беспартыйны... Мае навуковых прац каля 100, кніжак 10».

Навуковая дзейнасць П. Бузука ў галіне мовазнаўства даволі вядомая і даследаваная, чаго нельга сказаць пра яго літаратурную працу. Беларускай мовай П. Бузук авалодаў вельмі добра, што дапамагала ў літаратурнай і літаратуразнаўчай дзейнасці, вынікам якой сталі апавяданні, вершы, пераклады, а таксама артыкулы, прысвечаныя мове літаратурных твораў, украінскай літаратуры і яе ўзаемасувязям з беларускай, рэцэнзіі. Публікацыі на беларускай мове і пра беларускую мову пачынаюцца амаль адразу пасля пераезду ў Мінск. Вельмі шмат літаратурных твораў і артыкулаў Пятром Бузуком надрукавана ў 1927 годзе, большасць — у часопісе «Маладняк». Гэта мастацкія творы, артыкулы, рэцэнзіі — прычым не толькі на беларускія, але і на ўкраінскія выданні. Стасункі Пятра Бузука з «Маладняком» не абмяжоўваліся публікацыямі ў часопісе. У 1928 годзе ён стаў сябрам гэтай арганізацыі.

Амаль у кожным нумары «Маладняка» за 1927 год з’яўляюцца вершы Пятра Бузука пад псеўданімам П. Росіч. Верш «Здрада» — тэма развітання з вёскай і пераезду ў горад — нават на фоне маладнякоўскай паэзіі вылучаецца арыгінальнасцю. У вершы «Зіма ў Беларусі» параўноўваецца прырода поўдня, дзе нарадзіўся П. Бузук, з беларускай прыродай і заканчваецца прызнаннем у любові Беларусі.

Пісаў П. Бузук і празаічныя творы — апавяданні «Аліменты», «Радасць за ісціну». Апошняе тэматычна пераклікаецца з вершам «Новаму Богу», прысвечаным Янку Купалу: «Але якая б там ні была, усё-ткі вясна. Слух ужо болей ня муліў капуставы рып снегу — вуліца даўно ўжо паказала свой восьпенны твар. І навокал вада, вада і вада. Вада і ў вадасцёках, вада і з дахаў, вада і пад клявішамі драўлянага тратуару. Ступіш неасцярожна нагой — і табе ў твар цэлы фантан вады». Яшчэ адна сфера літаратурнай дзейнасці Пятра Бузука — пераклады, сярод якіх з нямецкай мовы (напрыклад, Іаханэса Бехера) і з харвацкай (Бруна Штэйнера).

Пётр Бузук валодаў шматлікімі мовамі, у ліку якіх у некаторых крыніцах называецца таксама італьянская. У 1930 годзе Пётр Бузук быў арыштаваны першы раз, але яго даволі хутка вызвалілі. Пасля другога арышту ў 1934 годзе ён нейкі час працаваў у Валагодскім педістытуце. Але ў 1937 годзе яго арыштавалі паўторна, а ў 1938-м расстралялі. Такім чынам, жыццё Пятра Бузука абарвалася на Валагодчыне. Навуковыя працы, напісаныя ў час высылкі, пакуль не адшукаліся. Спадзяёмся, што прапанаваныя вершы Пятра Бузука дапамогуць скласці больш поўнае ўяўленне пра гэтую неардынарную асобу.

Аксана Данільчык, кандыдат філалагічных навук.

Фота прадастаўлена дырэктарам Тыраспальскага аб’яднанага музея Алай Мельнічук.

 

Пётр Росіч (Пётр Бузук)

Здрада

Я ўжо здрадзіў, табе, дарагая, — Прамяняў на квадрат гарадоў Стракату твайго жніўня і мая І капрызны малюнак садоў. Помню вечар. З галля вымыкаўся На прасторы нябёс медны таз. Хутка зменшыўся, — і захістаўся Ў перламутравым моры баркас. А цяпер, толькі захад адзвоніць, Месяц гасіць электро-ліхтар. Ўзмах крыла серабрыстага гоніць Цьму пужлівую ў хмурны бульвар. Ночкай зімняй — канец ёй ці будзе? — Цьмой праглынуты, жду пявуноў. А цяпер роўна ў сем мяне будзіць Зык бадзёры фабрычных гудкоў. У дзевяць хвалі мяне падхапляюць... Гоман, грукат... Трамваі грызуць Рэйкі скрогатам. Аўто рыскаюць. Гандляры свае песні пяюць. Не сумуй-жа: ўсё роўна пакрые І цябе брук праз дзесяць гадоў; Над вясковым тэатрам завые Многаструнны оркэстр правадоў.

Друкуецца паводле: Маладняк, 1927, № 2.

Зіма ў Беларусі

Радзіўся я пад хмурым сонцам. Пачаўшы свой кругаварот, Яно зямельку там бясконца Пячэ амаль што цэлы год. І нават ўжо, як з дрэў галлістых Вятры астаткі шат зняслі, У мора шляхам серабрыстым Ўяжджае сонца — бог зямлі. А тут ўжо ў хмурым лістападзе Пушыстым інеем цвітуць Кусты і дрэвы ў нашым садзе, Над галавой драты гудуць. Ў вяршынках елак цэпкай ватай Застраў зімы густы цяжар, — А дворнікі ў руках з лапатай Барыкадуюць тратуар. <...> Мне сніцца поўдзень ў ноч глухую, Але-ж усё-ткі прызнаюсь, Люблю радзіму я другую, Люблю цябе я, Беларусь.

Друкуецца паводле: Маладняк, 1927, № 3.

Навальніца

Ў небе радзілася хмарка, сплялася з другою, К сонцу паўзе па блакітным пляцу; Лапы свае падымае; а там за ракою Шэрую к лесу спусціла дажджу паласу.

***

Змрок насуваецца, блікі на ўсім пагашае. Вецер, сарваўшыся, космы расчэсвае дрэў; Дым з дымара сцеражэ і ў шматкі разрывае… Бліскаўка! Вецер на момант ў кустох прысмірэў.

***

Ледзь-ледзь бярозы паркаль варухнецца дрыгучы Раптам пярун грозны стрэльнуў з гармат агнявых, Грукат той ў горы ударыўся рэхам магучым І, на кагосьці сярдуючы, ў хмарах заціх.

***

Кропля упала, другая, й шугнулі струменні; Дождж сваёй сеткай-абрусам ўсю вёску закрыў. Неба сярдуе, імкнецца разбурыць скляпенні, Пенаю-крэмам з гары вадаспад забурліў…

***

Як-жа ня сорам, бабуля, баяцца. Грамніцу Кінь ты паліць: мілагучны мне буры напеў. Лепш ад унука паслухай, адкуль навальніца, Ён ужо ў школе ўсё тое даўно зразумеў.

Друкуецца паводле: Полымя, 1927, № 4.

Новаму Богу

(Прысвячаецца Янку Купалу)

Вуха маё ужо болей не муліць Рыпам капуставым снег. Восьпенны твар паказала мне вуліца, Брукам смяецца вясне. Раніца новаму моліцца богу, Скрогат жалеза і грук... Ламавікоў барадатыя ногі Цокам грызуць ужо брук. Тут у ваколіцы цягнецца вуліца Пусткай цаглянай сцяны, К небу вужакаю дым чорны туліцца, Пэцкае просінь вясны. Новаму горад моліцца Богу Цягнецца к небу лесам антэн, Грае на струнах гімн перамогі Ловіць з паветра гукаў струмень. Ўвечары вочы шкляныя крамаў Глянуць хвастамі электра-комэт, Моўчкі танцуюць света-рэклямы, Цемру трывожаць узлётам ракет. Ноччу бяззорнаю новаму богу Моліцца моладзь у новых царквах. ≪Зможам пражыць мы без бога старога, Шчасце сусвету ў нашых руках≫.

Друкуецца паводле: Маладняк, 1927, № 5.

У Крыму

Сонэт

Ўсё тут як казка альбо дзіўны сон. Злілося вунь з далёкім небам мора, А кіпарысамі прашыты горы… Бяжыць уперад хутка шэраг дзён.

***

А за спіной вялізны Чатыр-даг Цалуецца з праменем, падпірае Блакіт нябёс, і часта разрывае Хмар чэрава яго зялёны дах.

***

Імкнуцца сіл набрацца ў сонца, ў мора Сюды з палёў далёкіх, з ціхіх рэк, І тут яны канчаюць часам век.

***

Няўжо-ж магчымы тут і смерць, і гора! А можа й не? Пад хваляў звон Прыходзіць к людзям ціхі, вечны сон.

Алушта, 1927 г.

Друкуецца паводле: Маладняк, 1927, № 9.