Рухацца наперад прасцей, калі ёсць досвед, на які можна абаперціся. Сапраўды, як часта мы ў чарговы раз «вынаходзім ровар» замест таго, каб звярнуцца да створанага нашымі папярэднікамі? Зразумела, часам (з розных прычынаў) мы папросту не ведаем імёнаў людзей, што сто гадоў таму прапанавалі вырашэнне праблем, якія ў беларускай рэчаіснасці па-ранейшаму застаюцца актуальнымі. Магчыма, менавіта ў гэтым — каб выратаваць імёны ад забыцця — галоўны сэнс выдання спадчыны літаратараў і культурных дзеячаў мінуўшчыны.
У 2015 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга «Выбраных твораў» Вольгі і Сяргея Сахаравых, укладзеная М. Казлоўскім і С. Панізнікам. У кнігу ўвайшлі паэзія і драматургія Вольгі Сахаравай, публіцыстыка і запісы народнай творчасці Сяргея Сахарава.
Вольга і Сяргей Сахаравы — настаўнікі па прафесіі і пакліканні — былі ў цэнтры актыўнай дзейнасці па арганізацыі беларускага школьніцтва на тэрыторыі латвійскай дзяржавы ў 1918 — 1932 гадах. Найбольш плённай сталася дзейнасць Сяргея Сахарава на пасадзе дырэктара Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якая стала сапраўдным асяродкам выхавання маладой беларускай інтэлігенцыі і роля якой у беларускай гісторыі ўсё яшчэ не займела належнага асэнсавання. Хочацца верыць, што выданне выбраных твораў Сахаравых у значнай ступені паспрыяе гэтаму. У артыкулах, прысвечаных пяцігоддзю і дзесяцігоддзю Дзвінскай гімназіі, а таксама юбілеям яе найвыбітнейшых настаўнікаў М. Дзямідава, Я. Кастылюка, Г. Плыгаўкі, прадстаўлены С. Сахаравым дастаткова багаты фактычны матэрыял. Калі весці гаворку пра творчую спадчыну Вольгі Сахаравай, то найбольшую цікавасць выклікае яе праца ў галіне патрыятычнага выхавання малодшых школьнікаў, а менавіта інтэрпрэтацыі гістарычных сюжэтаў на ўзроўні ўспрымання, даступным адпаведнай узроставай катэгорыі. В. Сахарава выбрала для гэтага шлях тэатральных пастановак. Вядома, можна разважаць пра недасканаласць п’ес з пункту гледжання законаў драматургічнага жанру, аднак разам з гэтым важна і ўлічыць яе педагагічны досвед.
А вось артыкулы Сяргея Сахарава, змешчаныя ў латвійскай перыёдыцы 1920 — 1930-х гадоў, «Дабро і хараство ў жыцці», «Беларусы і іх культура», «Абавязак гонару рускіх. Адказ на ліст у рэдакцыю “Абавязак гонару беларусаў”», «Бацькі і дзеці» ўражваюць высокім узроўнем прафесіяналізму. Супярэчлівыя думкі ўзнікаюць, калі чытаеш публіцыстыку амаль стагадовай даўніны і адуваеш яе актуальнасць у дні сённяшнім. З аднаго боку, засмучаешся, што і праз такі вялікі прамежак часу многія відавочныя рэчы па-ранейшаму трэба даводзіць, нібыта і не было гэтага няпростага стагоддзя ў нашай гісторыі. З іншага ж, — пранікаешся павагай да чалавека, які ў 1929 годзе змог весці палеміку на заўсёды складаную для беларусаў тэму нацыянальнага самавызначэння, аддзяліўшы асабістыя эмоцыі. Для многіх нашых сучаснікаў гэта няпростая задача, а сярод сучаснікаў Сяргея Сахарава такое і ўвогуле ўявіць немагчыма. Ён не выказвае крыўду на апанентаў, якія адмаўлялі беларускай нацыі ў існаванні і называлі яе мову штучнай, выдуманай, не абараняецца, не абражаецца і не абражае ў адказ, але прапаноўвае пошук шляхоў да паразумення выключна ў канструктыўным рэчышчы: «З гэтай мэтай было б пажадана ў Дзвінску або Рызе стварыць руска-беларускае таварыства для ўзаемнага азнаямлення з той і другой культурай ці ўсталяваць больш цесны кантакт паміж культурнымі беларускімі і рускімі арганізацыямі, напрыклад, можна было б ладзіць лекцыі, літаратурныя вечарыны і г. д.». Іншая справа, што астатнія ўдзельнікі палемікі не былі гатовыя весці размову на такім высокім узроўні і ўвогуле наўрад ці былі зацікаўленыя ў пошуку кампрамісу. У кнігу ўключаная грунтоўная праца Сяргея Сахарава «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў», якая мела сваёй мэтай пазнаёміць «з духовым тварам беларускае нацыянальнае меншасці ў Латвіі як асобнае этнічнае групы». У асобны раздзел пад назвай «Гарыць свечка памяці» вылучаныя матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці Сахаравых, кранальныя ўспаміны дачкі Ірыны Вількель-Сахаравай.
У прадмове М. Казлоўскага адзначаецца, што «зацягнулася вяртанне ва ўлонне роднай культуры дзвюх знакавых постацей беларускага культурна-асветнага руху ў міжваеннай Латвіі. І не проста зацягнулася, а недаравальна задоўжылася. І самае крыўднае, што такое адбываецца ў адносінах да людзей незвычайных, маштабных, адметных сваёй шматграннай універсальнасцю, грамадзянскай мужнасцю і чалавечай абаяльнасцю». Наклад кнігі выбраных твораў Вольгі і Сяргея Сахаравых надзвычай сціплы — сто асобнікаў. Гэтага відавочна мала, каб зрабіць вяртанне іх спадчыны ў кантэкст беларускай культуры паўнавартасным, але дастаткова, каб абудзіць цікавасць і падштурхнуць да больш актыўнага навуковага асэнсавання.
Жанна Капуста, “Літаратура і мастацтва”