Нацыянальны банк Беларусі 14 снежня выпусціў у абарачэнне памятныя манеты "Шлях Скарыны”.
Венецыя" серыі "Шлях Скарыны": сярэбраную — наміналам 20 рублёў, масай 33,62 г, дыяметрам 50 мм, пробай сплаву 925, накладам 2.000 штук; медна-нікелевую — наміналам 1 рубель, масай 19,50 г, дыяметрам 37 мм, накладам 3.000 штук.
Як паведамляе Нацбанк, перадае БелаПАН, манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў выступае кант па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.
Аверс: уверсе — рэльефная выява дзяржаўнага герба Беларусі, пад ім надпіс: РЭСПУБЛIКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры — гравюра з тытульнага ліста "Кнігі Cвятога прарока Божага Данііла", выдадзенай Скарынам; злева і справа — дэкаратыўны арнамент, у поле якога ўпісаны: злева — год чаканкі, справа — проба сплаву (на сярэбранай); унізе ў цэнтры — намінал: 20 РУБЛЁЎ (на сярэбранай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай).
Рэверс: у цэнтры на фоне віду Венецыі з гравюры XV стагоддзя, дэкараванай раслінным арнаментам, выява льва, які абапіраецца на разгорнутую кнігу; справа і злева ад яго — знакі з гравюр Скарыны; пад кампазіцыяй надпіс: ВЕНЕЦЫЯ; у верхняй частцы — надпіс па крузе: ШЛЯХ СКАРЫНЫ.
Манеты адчаканеныя ў ЗАТ "Літоўскі манетны двор".
"Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з`яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў", — падкрэсліваецца ў паведамленні Нацбанка.
“Народная Воля” паводле БелаПАН