Насамрэч вілейская турма ніколі і не пуставала: сядзелі тут і пры царах, і ў гады Другой Рэчы Паспалітай. Не засталося пустым “святое месца” і пасля польскага паходу РККА ў 1939 годзе: цяпер тут знаходзіліся зняволеныя адвакаты, святары, суддзі, нават рэктар Віленскага ўніверсітэта. Апошнія дні для іх надышлі ў чэрвені 1941 года. І не ад рук фашыстаў – парупіліся НКУСаўцы падчас эвакуацыі зняволеных на Усход.
Рэч у тым, што пасля 17 верасня 1939 года колькасць зняволеных у турме павялічылася адразу да 350 чалавек – гэта намінальна. А насамрэч у турме было каля тысячы арыштантаў. (Напрыклад, згодна з актам праверкі ад 14.05.1940, 910 зняволеных.) Мяркуем, зразумела, у якіх умовах былі людзі пры такой канцэнтрацыі.
Гісторык, прафесар Францішак Сяліцкі згадваў, што толькі ў адной камеры №26 знаходзілася каля 80 чалавек, з іх – 20 беларусаў, мабілізаваных у польскае войска. Яны да савецкага зняволення перажылі нямецкае, трапіўшы ў палон, а пасля перайшлі мяжу і былі арыштаваныя за гэта.
Пачалася вайна. Уначы 23 чэрвеня 1941 года па Вілейскай вобласці (тады Вілейка была абласным цэнтрам) атрымалі распараджэнне эвакуяваць турмы. Да перамяшчэння ў турму Разані былі падрыхтаваныя 1023 чалавекі.
Паводле згадак Ф. Сяліцкага, ранкам 24 чэрвеня ўсе зняволеныя пасля сняданку атрымалі загад пашыхтавацца з рэчамі. Вязняў, якія не падлягалі эвакуацыі, расстралялі ў будынку турмы.
Калонамі па 5 чалавек людзей вывелі з брамы турмы – наперадзе была 120-кіламетровая дарога да Барысава, пасля – на Разань, у 35 вагонах. Калі на месцы прыбыцця зняволеных пералічылі, іх аказалася ўжо 871. Простая арыфметыка: 1023–871=152. Менавіта столькі людзей знікла па дарозе. Хтосьці мог збегчы, але…
Каля вёсак Чыжэвічы і Касута адбыўся першы расстрэл вязняў з калоны, некалькі целаў скінулі ў бульбяныя ямы. Паводле сведчанняў, гэты расстрэл быў не адзіны, “у расход” пускалі і потым, у прыватнасці, пад Плешчаніцамі.
У постсавецкі час мелі месца спробы перабольшыць колькасць забітых зняволеных падчас этапавання: называлася лічба 800 чалавек (амаль увесь этап). Зразумела, гэта перагін. Але калі шостая частка зняволеных расстраляная – не “перагін”?
Людзі наведалі пакінутую вілейскую турму пасля эвакуацыі літаральна на наступны дзень. У двары турмы быў склеп, дзе і пазбаўляліся ад тых, каго не палічылі патрэбным эвакуяваць. Сляды ад куляў на сцяне былі замазаныя, падлога пасыпаная пяском. Побач была яма, куды скінулі свежыя трупы.
Тэкст: Дзяніс Пыхалаў Фотаздымкі: Андрэй Лянкевіч