Энцыклапедыі пра Скарыну — для дзяцей і дарослых

У галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 29 лістапада адбылася ўрачыстая прэзентацыя трохтомавай дзіцячай энцыклапедыі «Францыск Скарына».

Бібліятэка падрыхтавала выданне сумесна з выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” у межах заснаванай у 2015 годзе серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя”.

Пазнаёміцца з шыкоўным выданнем у цвёрдай вокладцы прыйшло багата навучэнцаў — каля палутара соцень. Але і інтэлектуальная эліта, на чале з карыфеем гуманітарыяў, прафесарам Адамам Мальдзісам, шчыльна запоўніла залу.

Ларыса Языковіч, галоўны рэдактар памянёнага выдавецтва і адначасова навуковы рэдактар прадстаўленых кніг, ведучы імпрэзу, паведаміла: гэта падзея — толькі пачатак запланаванага на 2017 год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку. З боку Эгцыклапедыі яго кульмінацыяй станецца дапоўненае перавыданне акадэмічнай энцыклапедыі “Францыск Скарына”, ужо ў наступным годзе.

Аўтар дзіцячай версіі — Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці, культуролаг, кнігазнавец, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Ён падзяліў працу на 3 тамы. Першы — “Францыск Скарына. Чалавек-энцыклапедыя”. Другі — “Чалавек свету”, прысвечаны падарожжам вялікага палачаніна.. Трэці том — “Чалавек-легенда”, распавядае пра спадчыну Скарыны.

У выданні ёсць раздзелы пра рукапісную кнігу, узнікненне кнігадрукавання, друкарскія тэхналогіі сівой даўніны. Усе тамы выдатна праілюстраваныя — больш за 300 якасных, часам унікальных ілюстрацый. Форма падачы матэрыялу, які грунтуецца на найноўшых навуковых адкрыццях, а таксама утрымлівае цікавыя гіпотэзы — адпаведна, займальная і лёгкая. Менавіта такая, якая патрабуецца дзеля зацікаўлення маладых людзей адукацыяй, нацыянальнай гісторыяй і культурай.

Звернем увагу, што кошт шыкоўнай публікацыі — менш за 20 рублёў (поўны набор), тамы можна набыць і паасобку. Праўда, як зазначалі выдаўцы, палова з накладу ў 1500 асобнікаў ужо разышлася: жадаючым варта паспяшацца.

Аляксей Хадыка, “Новы Час”