Калекцыя онлайн

Сёлета, у Год культуры і напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, наша кніжная спадчына стала даступная ў сусветнай інфармацыйнай прасторы. Балазе, стварэнне электронных інфармацыйных рэсурсаў, накіраваных на папулярызацыю беларускай культуры і мастацтва, абслугоўванне карыстальнікаў у аддаленым рэжыме цягам апошніх дзесяцігоддзяў з’яўляецца актуальнай задачай для нашай бібліятэчнай супольнасці.

Урады многіх краін, пачынаючы з 1990-х гадоў, спрыяюць стварэнню нацыянальных электронных бібліятэк. Такія праекты паспяхова рэалізаваны ў Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Расіі…

Карыстаюцца ўвагай і адпаведныя кантынентальныя ды сусветныя электронныя бібліятэкі: Сусветная лічбавая бібліятэка, Еўрапейская лічбавая бібліятэка, лічбавая бібліятэка рукапісаў і старадрукаваных дакументаў “Manuscriptorium”, Залатая калекцыя Еўразіі і іншыя.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі з 2004 года фарміруе сваю электронную бібліятэку, якая на 1 кастрычніка 2016-га налічвае больш за 435 тысяч паўнатэкставых дакументаў, у ліку якіх — выданні, што прадстаўляюць беларускую кніжную спадчыну. На жаль, азнаёміцца з імі ў цяперашні час можна толькі ў самім будынку бібліятэкі. Праграмнае забеспячэнне, што выкарыстоўваецца ў НББ, пакуль не дазваляе ўбачыць электронныя копіі дакументаў у аддаленым рэжыме. Гэта, зразумела, абмяжоўвае доступ айчынных і замежных карыстальнікаў да названай інфармацыі.

Для прадстаўлення беларускай кніжнай культуры ў сусветнай інфармацыйнай прасторы Нацыянальная бібліятэка Беларусі паставіла перад сабой задачу фарміраваць онлайн паўнатэкставыя калекцыі з улікам норм Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”. На партале НББ даступны шэраг тэматычных паўнатэкставых калекцый: “Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас”: да 130-годдзя з дня нараджэння Песняроў зямлі беларускай; “1812 год у гісторыі Беларусі”: да 200-годдзя вайны 1812 года; “Віртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам”: да 130-годдзя з дня нараджэння першаадкрывальніка прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай дзіцячай літаратуры; “Беларусь у Першай сусветнай”: да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны; “Памяць палаючых гадоў”: да 70-годдзя Вялікай Перамогі; “Мода і час”: тэндэнцыі сусветнай моды з XVI стагоддзя да нашых дзён; “Беларусь у Першай сусветнай”: да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны і іншыя.

Сёлета стартаваў новы праект “Кніга Беларусі XIV—XVIII стагоддзяў” (Вelbook.nlb.by), які ўключае дакументы, што прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць як для Беларусі, так і для сусветнай супольнасці. Электронны рэсурс змяшчае копіі поўных тэкстаў дакументаў з фондаў НББ, выдадзеных у XIV—XVIII стагоддзях і па тэрытарыяльнай, моўнай, аўтарскай або зместавай прыкметах адносяцца да Беларусі. Праект цікавы для аматараў і прафесіяналаў у галіне кнігазнаўства, гісторыі, бібліятэказнаўства, педагогікі і іншых навук.

Кожная кніга, прадстаўленая ў дадзеным інфармацыйным рэсурсе, мае апісанне, у якое ўключаны звесткі аб аўтары, месцы, годзе, мове, прадметнай галіны, да якой адносіцца змест дакумента, а таксама — інфармацыю аб фізічных характарыстыках выдання. Для зручнасці карыстальнікаў у апісанні дакумента прадугледжана поле “Ідэнтыфікатар”, у якім прадстаўлены шыфр захоўвання арыгінала дакумента ў бібліятэчным фондзе. Гэта дазволіць ажыццявіць хуткі пошук і заказ дакумента для наступнай працы з ім у будынку бібліятэкі.

Выставы, прадстаўленыя ў праекце, дазваляюць пазнаёміцца з найбольш значнымі ў гістарычным аспекце калекцыямі дакументаў. Напрыклад, асобна можна пазнаёміцца з поўнымі тэкстамі выданняў Францыска Скарыны або кнігамі з бібліятэкі Радзівілаў. Для зручнасці падбору кніг, выдадзеных у канкрэтным месцы, рэсурс мае карту, на якой размешчаны адпаведныя геаграфічныя аб’екты. Акрамя таго, у рэсурсе прадугледжана магчымасць ажыццяўлення пошуку дакументаў па назве, годзе, аўтары (стваральніку), месцы выдання, прадметнай рубрыцы і гэтак далей.

“Кніга Беларусі XIV—XVIII стагоддзяў” даступная онлайн зусім нядаўна — з кастрычніка 2016 года. За гэты нядоўгі тэрмін рэсурс наведалі жыхары не толькі Беларусі, але і ЗША, Германіі, Расіі, Польшчы…

Праект пастаянна развіваецца. У перспектыве ў яго будуць уключаны копіі дакументаў з фондаў не толькі НББ, але і іншых бібліятэк, у тым ліку замежных.

Віктар Пшыбытка,  загадчык аддзела фарміравання электроннай бібліятэкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі