Дваццаць адзін штат, дваццаць тры гарады, у якіх даваліся канцэрты, пяцьдзясят восем выступленняў, два месяцы без мачанкi — у сухім астатку заакіянскага турнэ беларусаў. У “мокрым” — уражанні ды вынікі ад падарожжа на адваротны бок Зямлі... Гутарым з лідарам "Старога Ольсы" Змітром Сасноўскім.
— І як там у Тэхасе?
— Трыццаць два градусы спёкі, форма адзення — шлёпкі, шорты. Гаспадары адной з хатак, у якой мы спыніліся, папярэдзілі, што перад тым, як абувацца, трэба добра правяраць абутак на наяўнасць у iм скарпіёнаў. А падчас маёй традыцыйнай прабежкі варта ўважліва глядзець пад ногі, каб не наступіць на атрутных змей.
— Гасцінны штат, увогуле ж… Паўсюль каўбоі?
— Вядома. І шэрыфы ў шыракаполых капелюшах, з пісталетамі, у цяжкіх чаравіках ды цёмных акулярах. Галівуд у натуры!
— У ходзе тура баршчом накармілі дзе-небудзь?
— ...Не. А так хацелася яго...
— Ну і хопіць пра дробязi. Ці атрымаў ты нейкае ўяўленне аб культуры тамтэйшай глыбінкі?
— Як кажуць, ЗША — гэта кацёл, у якім варыцца мноства культур. Асноўная, натуральна, мясцовая, англа-саксонская. Яна ўсюды апрыёры, усюды напаказ — у пабах, клубах, на вуліцах; у музыцы, танцах, вопратцы і гэтак далей. Вось на яе i наглядзеўся. Са славянскай культурай, больш дакладна — са славянскай прысутнасцю сутыкнуліся толькі ў выглядзе кухні, польскіх крамачак. З кітайскай ды мексіканскай наогул не сутыкнуліся. Але гэта і зразумела, бо мы не ўдзельнічалі ў мерапрыемствах нацыянальных культур, асноўнымі пляцоўкамі тура былі фэсты рэнесанснай музыкі, скрозь іх прызму і назіралі амерыканскую культуру. (Адзін раз выступілі ў кансерваторыі, разы чатыры — у пратэстанцкіх цэрквах (усё гэта камерныя канцэрты) і ў некалькіх клубах.) Дарэчы, працягваюцца фэсты па два-тры месяцы і праводзяцца па выхадных. Дык вось на іх старадаўнюю музыку ніхто не грае. У большасці сваёй гучаць шатландскія, ірландскія папулярныя, народныя мелодыі ды напевы, кантры.
— “Культура” сачыла за сеткавым “дзённікам назіранняў” гурта, пра кантры ў ім пісалася, што не так шмат вы чулі...
— Там так: або кірунку гэтага вельмі шмат, як у тым жа Тэхасе, або яно чамусьці наогул нам не траплялася. А “рэн-фэсты” іх арганізатары не прывязваюць жорстка да эпохі Адраджэння, проста да далёкіх стагоддзяў. На адным канцы пляцоўкі могуць біцца пераапранутыя ў вікінгаў людзі, на іншым — маршыраваць статысты ў вопратцы мушкецёраў, на трэцім разбіты лагер часоў іх грамадзянскай вайны. Асноўны інструмент акампанементу на фестывалях — гітара, часам падключаецца скрыпка, калі ўсё ж такі ёсць валынка — дык выключна шатландская. Самі выканаўцы — гэта акадэмічныя музыканты, якія, як і пераважная большасць іх калегаў у астатнім свеце, з’яўляюцца манапалістамі ў выкананні і трактоўцы старадаўняй музыкі толькі такім чынам, спрошчаным. Напэўна, ледзь не адзіным выключэннем, пра якое варта сказаць, стаў легендарны гурт “Wolgemut” — у Кроўнсвiлi на “Maryland Renaissance Festival”. Вось ён выконваў сярэднявечна-еўрапейскі рэпертуар, выкарыстоўваючы нямецкія валынкi, старадаўняга выгляду трубы, трамбоны, барабаны.
— Што скажаш пра антураж фэстаў? Не перавяліся яшчэ, да прыкладу, рамеснікі на зямлі амерыканскай?
— І ганчары не перавяліся, і кавалі, і пляцельшчыкi кошыкаў. Усё, як у нас. Але! Вялікую ўвагу майстры надаюць інтэрактыву. Нашы як: сядзяць, уткнуўшы галаву ў калені, корпаюцца ў чымсьці, іх спытаюць — яны адкажуць, папросяць — пакажуць, але першымі на кантакт ідуць млява. Ды і ў Еўропе гэтак жа. Амерыканцы — экстраверты. Ім трэба ўсюды пралезці, ім трэба, каб іх усе ўбачылі. Тут тое ж самае. Уяві сабе тыповы фестываль, між іншым — на 20 — 30 тысяч чалавек. І каб прыцягнуць да сябе наведвальнікаў, трэба пастарацца. Адзін з рамеснікаў кідаў у натоўп мочаныя яблыкі. Куды яны толькі ні траплялі! Але ніхто не крыўдзіўся. І людзі ішлі да яго, глядзелі, што ён робіць. Іншы прапаноўваў публіцы разбіць велізарнай драўлянай кувалдай кіслыя агуркі. Зноў пырскі, віск, рогат. Усё, народ паваліў да яго прылаўка. Шоу, шоу і яшчэ раз шоу! Усё голасна, усё з жартамі: хутчэй падыходзьце, людзі добрыя, вау, ха-ха-ха, спрабуйце самі што-небудзь зрабіць.
— Што з мастацкай самадзейнасцю?
— Запомніліся жабракі, якімi прыкiдвалiся артысты — нідзе такога не бачыў. Яны вывальваліся ў велізарнай лужыне, хадзілі бруднымi, хапалі ўсіх за рукі, разыгрывалі нейкія сцэнкі, будавалі ў той жа лужыне хаткі. Вельмі шмат было на фестывалях акцёраў, вулічных тэатраў. І ніякіх комплексаў — і ў гледачоў таксама! Купяць яны во-о-ось такую вэнджаную індычыную нагу, сядуць на лаўку ды рагочуць над якім-небудзь шоу. А самога шоу — мінімум, максімум — размовы дзейных асоб з людзьмі ў зале. Артысты ходзяць паміж радамі, прыстаюць да ўсіх запар, зноў усе задаволеныя, усе камунікуюць. Гэта значыць, я на свае вочы пераканаўся, што ў Штатах гутаркова-гумарыстычны жанр пераважае над усімі іншымі відамі вербальнага мастацтва.
— Як арганізоўваліся фэсты, ці шмат у іх указальна-накіравальнага?
— Гэта прыватныя мерапрыемствы на прыватнай тэрыторыі. Тыя фестывалі, на якіх выступалі мы, праводзяцца нават не пяць гадоў, стратэгічна яны ўжо выбудаваны. Арганізатары, безумоўна, ведаюць, каго яны запрашаюць у якасці вулічных акцёраў ды музыкантаў, а што ўжо тыя стануць паказваць, што спяваць — арганізатараў не датычыць, досыць самага агульнага рэчышча фэсту. “Аргi” кантактуюць паміж сабой, сватаюць адзін аднаму “сваіх” артыстаў. Робяць фэсты адны і тыя ж невялікія каманды (часцяком сямейныя або тыя, што складаюцца са сваякоў), абавязкі строга размеркаваныя: жонка, дапусцім, — менеджар; муж — галоўны ахоўнік. Яны ходзяць цэлы дзень сярод людзей, гутараць, выслухоўваюць меркаванні, усё фатаграфуюць, здымаюць на гаджаты, выступаюць аніматарамі, каментатарамі. І робяць высновы, нешта пазначаюць для сябе на будучыню.
А 9-й раніцы на пляцоўцы ўжо няма ніводнай машыны, якія прывозілі абсталяванне, рэквізіт, палаткі ды іншае. Заканчваецца фэст — паліцыя, якой вельмі мала і якую амаль не бачыш, акуратна просіць усіх пакінуць тэрыторыю, усе дружна сыходзяць, ніхто не буяніць. П’яных наогул не сустракалі. Можа, з-за асаблівай атмасферы, можа, з-за высокіх коштаў на алкаголь. Прайшоў дождж — зямлю ды лужыны тут жа пасыпалі пілавіннем. Ежы вакол — валам: хочаш — купляй хот-дог з шапiка, хочаш — ідзі ў карчму. Да біятуалетаў чэргаў няма.
— Ачмурэць. Антыподы як?
— Вельмі добразычлівыя ды сардэчныя. Гэта, ведаеш, не тая часам офісная Амерыка з фальшывымі, абавязковымі ўсмешкамі ў гарадскіх джунглях. На фэстах не было ніякіх падводных камянёў, ніякага другога дна, усё адкрыта, усё на далоні. Ты вяртаешся з адпачынку з-за мяжы, якія твары нашых мытнікаў цябе сустракаюць?.. Аніводнага хмурнага твару я на фестывалях не ўбачыў. Гэтыя людзі ўмеюць іх рабіць і ўмеюць на іх адпачываць. Не таму, што так трэба, што выплачана, а таму, што яны ідуць туды з жаданнем зрабіць іншым і сабе свята, а не “птушачку” паставіць у важнай справаздачы. Калі вось гэтую “птушкавасць” з нашых фестываляў прыбраць, яны абавязкова выйграюць у натуральнасці. Напаўненне нашых фэстаў не горш, нават самых маленькіх, але хаджэнне па струнцы ды пратаколе забіваюць іх усялякую жвавасць ды прыроднасць.
— А што за беларусы, якія прыходзілі на вашы выступы?
— Публіка адукаваная — прадпрымальнікі, юрысты, навукоўцы, лекары, фармацэўты, бізнесмены. “Нашых” людзей у залах было адразу відаць — па вышыванках. Пасля кожнага канцэрта яны падыходзілі, распытвалі пра нас, пра нашу музыку, пра Беларусь. Нехта з іх гадоў пяць-дзесяць-пятнаццаць таму з’ехаў з яе, былі тыя, хто з’яўляецца далёкімі нашчадкамі нейкіх беларусаў-эмігрантаў — яны ўжо па-беларуску гавораць з акцэнтам, а па-руску ўвогуле не разумеюць. Апошнія маюць уяўленне аб Беларусі роўна настолькі, наколькі гэтая памяць, любоў тая культывавалася ды культывуецца ў іхнiх сем’ях. Але ў асноўным гэта, вядома, ужо амерыканцы з іх ладам жыцця, з такой лёгкай гістарычнай настальгіяй. У некалькiх з сустрэчных ёсць жаданне вярнуцца на радзіму сваіх продкаў, паспрабаваць арганізаваць сумесны бізнес, наладзіць культурныя сувязі ў нейкім кантэксце. Мне прыемна было ўсё гэта ад іх чуць, але, баюся, уяўленне пра Беларусь у іх не надта адэкватнае.
— Як пачуваецца ў Нью-Ёрку бард Сяржук Сокалаў-Воюш?
— Выдатна! Дзень і ноч нешта піша. Наколькі я зразумеў, нічым іншым, акрамя як літаратурнай, журналісцкай дзейнасцю, ён там не займаецца. Кнігі ў яго выходзяць. Дыяспара яму дапамагае. Сам арганізуе падзеі, якія праводзяцца ёй.
— Турнэ цяжка перанеслі? Усё ж такі без нейкіх дзён два месяцы пераездаў, канцэртаў…
— У канцы прыціснула, так. Але тут трэба сказаць “дзякуй” амерыканскаму менеджменту, адказнаму за гастролі. У іх прадзюсар і менеджар вырашаюць усё, музыканты ні ў чым, акрамя канцэртаў, не ўдзельнічаюць. Мы ж як дома прывыклі? Спачатку самі наладжваем кантакты з арганізатарамі на месцах, потым разважаем, а ці варта кудысьці ехаць, ці трэба даваць камусьцi прома-інтэрв’ю, потым займаемся дарогай і гэтак далей. Амерыканскі арганізатар тура як сеў на пярэдняе сядзенне мікрааўтобуса, так да канца і руліў трасай: сёння мы робім гэта ды гэта, толькі ў такім парадку, аж да таго, у колькі хвілін якой гадзіны ў нас будзе ланч. Прычым, самі мы распарадак дня загадзя ніколі не ведалі, нас проста ставілі перад фактам кожнага наступнага кроку.
— Апаратура, спецыялісты па ёй задаволілі?
— Невымоўна здзіўлю ўсіх крытыкаў беларускай гукарэжысуры, але тыя амерыканскія майстры ў гэтай галіне, з якімі ў Штатах працавалі мы, гукам “заганяліся” не асаблiва. Нашым хлопцам рэгулярна даводзілася хадзіць да аператараў і ўсё папраўляць ды перабудоўваць. Да тэмбраў інструментаў ім амаль не было справы. А ў нашай музыцы важна, каб быў аб’ём і каб усе ноткі чуліся. Тыя ж гукачы накручвалі фішак, каб было шоу — у іх разуменні, і лічылі, што так і мае быць.
Наогул, выступы не былі камерцыйнымі. Гэта — прамоўшн-тур, са здымкай на тэлебачанні, з эфірам на радыё, з публікацыямі ў газетах ды інтэрнэце. І ў час такой азнаямленчай паездкі мы зразумелі, што “Стары Ольса” для ЗША — культура не клубная, а фестывальная. Нам трэба вучыцца паводзіць сябе на сцэне, таму што якасна выконваць матэрыял адно, але, калі мы хочам паспяхова выступаць менавіта ў Амерыцы, неабходна яго яшчэ і ўмець падаваць публіцы, якая ад артыстаў там заўсёды чакае шоу. Па тых мерках яно ў нас вельмі сціплае. Мы зразумелі, што такое сапраўдны тур: ён вымотвае, руцінны, але насычаны на падзеі ды эмоцыі, прафесійна ўзбагачае. Мы ўпершыню сутыкнуліся з сур’ёзнай замежнай бізнес-структурай, у якой на нас ёсць канкрэтныя планы. Напэўна, атрымалі ўяўленне пра тое, што такое сапраўдны шоу-бізнес, у якім нам цяпер трэба будзе існаваць.
— У бліжэйшых планах гурта чарговыя гастролі па ЗША ёсць?
— Так, ужо налета. Пракоцімся і па “старых” штатах, і, верагодна, адкрыем для сябе новыя. Наогул, з прадзюсарскай кампаніяй у гурта заключаны трохгадовы кантракт на яго выступы ў ЗША. Па ім мы павінны да лета запісаць і новы альбом.
— “Праб’е” ён амерыканскага слухача, як тур “прабіў”?
— Спадзяюся. Прынамсі, яны ўбачылі і пачулі для сябе нешта новае, з чым амаль не сутыкаліся — пэўныя старадаўнія ўборы, старадаўнія інструменты, старадаўнюю музыку, максімальна набліжаную да аўтэнтыкі. Сустракалі спярша нас па адзежцы, з цікаўнасцю, пасля выступаў праводзілі па працы — працяглымі і шчырымі апладысментамі ды крыкамі адабрэння і ўдзячнасці.
Алег Клімаў, “Культура”