Калі няма жыцця, падбівае мроіць. Калі цябе зачынілі ў ліфце – варта танчыць. Так скрозь смецце дзён прарастаюць святыя шаленцы, рок-н-рольныя шаманы і праклятыя паэты. Потым пра іх подзвіг накідаюць стосы эйфарычных каментаў, фанаткі будуць вішчаць ад шчасця, ворагі – шчэрыць зубы, а вершыкі расцягнуць на сцягі ды цытаты. Каб ніхто не заўважыў, як насамрэч самотна і страшна было нашым героям. Чарговы сольнік Лявона Вольскага «Псіхасаматыка» – мікс горычы і пафасу, сантыменту ды злосці, шчырасці і пантоў. Разлік з жыццём, якое скончылася – але працягвае гучаць. Нармальны адказ на татальны недахоп кіслароду.
Па гамбургскім рахунку, новы альбом спакойна можна было б пазбавіць рэакцыяў. Ды і Лявон Артуравіч спакойна мог бы больш нічога не выдаваць. Найлепшы сонграйтар залатых 1990-х усё пра наш лёс патлумачыў яшчэ гадоў пятнаццаць таму. І з таго часу не дадаў прынцыпова новага ні да сваёй рэпутацыі, ні да разумення айчыннай багны. Магчыма, таму, што багна так і не ператварылася – насуперак высілкам з розных бакоў – у сіліконавую даліну.
Сольная праца Вольскага апошніх гадоў – з’ява, безумоўна, крызісная. Аўтара ўвесь час заносіць то ў вінтажныя партызанскія скокі, то ў змрочны сацыяльны каментар, а то і ў павярхоўную музычную фельетаністыку. Шматсерыйныя «Саўка ды Грышка» на Радыё Свабода – прабачце, таксама сольны Вольскі.
«Псіхасаматыка» – стылістычны і змястоўны працяг «Грамадазнаўства» (2014). Аўтапартрэт, як сказалі б раней, страчанай генерацыі без мэты і сэнсу. Дакладней – страчанага генерала айчыннага року з воўчым білетам і адключаным мікрафонам. «Чорны спіс, белы спіс, парадокс, кампраміс…» Шаснаццаць кароткіх трэкаў, у якіх музычны складнік жорстка падпарадкаваны вербальнаму гону (першае – і адзінае – гітарнае сола гучыць у сярэдзіне другой часткі альбома) цяжка назваць хітамі. Ці нават песнямі ў звычайным папсовым разуменні. Мурчэць пад нос тут амаль няма чаго. Крычаць стадыённа – таксама. Нататкі роспачы. Кавалкі суму. «Не будзе карнавалу, будзе парад…»
Нервовыя маналогі налятаюць адзін на адзін, Вольскі перманентна ў вострай – але выдатна кантраляванай – дэпрэсіі. Менавіта гэта кідаецца ў вочы, ўражвае і адначасова адштурхоўвае: выразная рэжысура безнадзейнага адчаю. Запрашэнне ў сведкі паслядоўнага самаразбурэння стомленага культур-партызана. Што выдатна разумее безнадзейнасць сваіх дыверсіяў, але ўсё адно працягвае пускаць цягнікі пад адхон. Нават калі гэта даўно цягнікі-прывіды. І сам ты фактычна – прывід змагання.
«Сто гадоў гульні ў самаабарону» цягнуцца дагэтуль. І вымушаюць працягваць бясконцае партызан-шоў. Змагарскае Радыё Мроя ад Вольскага цяпер вяшчае на краіну з нулявым пратэстным патэнцыялам – і непазбежна ператвараецца ў фэйк-парад умоўнага супраціву, дзе Лявон Артуравіч трапляе ў альянс з іншымі майстрамі бруталізацыі асяроддзя і ментальнага муай-тай. Вольскі робіцца закладнікам сваёй старой гульні. Таму што новай не мае. «Дык ідзі і глядзі, ідзі і глядзі – па зямлі, па вадзе, па жыцці…»
Асноўны канфлікт відавочна зацягнутага і спрэчна скампанаванага ў два манатонныя блокі (спачатку «рубілава», «разважалкі» – наўздагон) альбома – менавіта паміж відавочнасцю сацыяльных канстатацыяў і маштабам асобы аўтара. Ягонай асабістай драмай, што дадалася да навакольнай пустэчы. Праз агульнае дэжавю перыядычна прабіваюцца шчыры боль («Круцяцца жорны, мір і спакой, трушчыцца зерне і будзе мукой…») і кранальныя прызнанні («Дзе ты, мая Анечка, і нашыя стракатыя пляны?»).
Лявон Вольскі – “Псіхасаматыка”. Слухаць альбом
Альбом па агульнай інтанацыі нават не асабісты – прыватны. Volski ню. Настолькі, што калі раптам гучыць «мы», адчуваеш сябе няёмка. Аднак новага Вольскага не бачна. Бо новага тут папросту няма адкуль узяць. Нават калі праз вал аднастайных трэкаў прабіваецца штосьці свежае, гэта фактычна стылістычныя цытаты: з Джона Ленана (спавядальная «Цёплае мінулае» з нечакана сіроцкімі інтанацыямі ў прыпеве), Андрэя Макарэвіча (выдатны «Чалавек Ніхто» – амаль «Она идет по жизни смеясь»), Сяргея Міхалка («Выключылі зорку, пагасілі сцяг…») ці нават Аляксандра Кулінковіча («Радзіма нарадзіла (чарговага дэбіла)»). А сам падзел альбома на дзве часткі – «Горад» і «Лес» – нагадвае структуру славутага «Слімака на схіле» братоў Стругацкіх.
Сысці ў глыбінны прыват, канчаткова адключыць плакатную «сацыялку» – і атрымалася б тое, чаго ў нашым музландшафце страшэнна не хапае: лірыка сталага ўзросту, годны мужчынскі стайл без закосаў пад ахвяру. Аднак замінаюць старыя матрыцы. Бо акурат яны зрабілі калісьці Вольскага Вольскім. І вымушаюць працягваць прайграную гульню: «Я на вайне, ты на вайне, мы на вайне…»
«Псіхасаматыка» – дзённікі выціснутага з грамадства моцнага аўтара, адсутнасць якога аказалася незаўважнай, а прысутнасць – неабавязковай. Лявону няма куды вяртацца. Мінулае скончылася. Там больш нікога няма. А ўсё, што адбылося, атрымалася не так. Вакол – чужая чырвона-зялёная краіна, што ўвесь час змагаецца сама з сабой. Як і сам Вольскі. І таму, зразумела, перамагчы не можа. Як і сам Вольскі.
Максім Жбанкоў, “Будзьма беларусамі!”