Пяць гадоў таму пайшоў з жыцця Анатоль Белы

14 лістапада споўнілася 5 гадоў, як Анатоль Яўхімавіч пайшоў з жыцця. Але ягоны прыватны музэй працягвае справу свайго стваральніка па папулярызацыі беларускай культуры і мастацтва ў Беларусі і за яе межамі. 11 снежня музею споўніцца 17 гадоў. Ён працягвае папаўняцца новымі творамі.

У двух будынках музея прадстаўлены мастацкія творы Леаніда Шчамялёва, Барыса Заборава, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Сулкоўскага, Сямёна Геруса, Васіля Шаранговіча, Георгія Папалаўскага, Арлена Кашкурэвіча, Уладзіміра Басалыгі, Анатоля Крывенкі, дынастыі мастакоў Ціхановічаў; палотны і дываны легендарнага мастака-вандроўніка Язэпа Драздовіча, графічныя працы мастакоў-эмігрантаў Віктара Жаўнеровіча, Уладзіміра Шыманца і Івонкі Сурвілы. Творчасць прадстаўнікоў заходнебеларускай мастацкай школы прадстаўлена палотнамі Пётры Сергіевіча, рэдкія палотны першага народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка і народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

У музеі змешчана цудоўная калекцыя медальернага мастацтва. “Уладары старажытнай Беларусі” – плакеткі з выявамі беларускіх вялікіх князёў аўтартства Міколы Несьцярэўскага, “Медальерная Скарыніяна”, “Нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі”, “Удзельнікі вызваленчага руху на Беларусі”, “Дзеячы беларускага нацыянальнага Адраджэньня”, “Песняры Беларусі: Якуб Колас і Янка Купала” і шмат іншага, у тым ліку і выява каранацыйнага медаля вялікага князя Літоўскага Аўгуста III, выкананая да падзеі невядомым мастаком у XVIII стагодьдзі. На некаторых старонках каталогу змешчаныя творы, якія адлюстроўваюць развіццё старажытнага герба ВКЛ “Пагоня”, а таксама ўтрымліваюць выявы пячатак беларускіх гарадоў, якія ў свой час былі надзеленыя Магдэбурскім правам, і шмат іншых цікавых твораў беларускіх майстроў медальернай справы: Уладзіміра Мелехава, Алеся Зіменкі, Мікалая Байрачнага.

Новая экспазіцыя, якая адкрылася сёлета, прысвечаная Старадарожскаму краю. У вайну бацькі А. Белага, дзядзька Навум і яго сын Міхаіл былі ў Старадарожскім партызанскім атрадзе імя Кірава. А. Белы, між іншага першы дырэктар музея Хатынь, сабраў шмат матэрыялаў, прысвечаных падпольнай барацьбе на Старадарожчыне. У экспазіцыі змешчаны бюсты сакратара партызанскага атрада Міхаіла Навумавіча Белага і камандзіра атрада, урача Аляксея Іванавіча Шубы, фотаздымкі партызанаў, іх успаміны, карты партызанскага атрада, спісы партызанаў і іншыя дакументы.

Штогод музей мае некалькі соцень наведвальнікаў, прычым ня толькі жыхароў Беларусі, але і гасцей з Францыі, Расіі, Украіны, ЗША. Музей у Старых Дарогах наведвалі амбасадары ЗША, Чэхіі, Швецыі. Адзін з наведвальнікаў пакінуў у кнізе водгукаў такі запіс: "Не так шмат куткоў у нашай роднай Беларусі, дзе беларус сапраўды адчувае сябе гападаром сваей зямлі. І музей, створаны вялікім рупліўцам Беларушчыны Анатолем Белым, якраз з тых мясцін, дзе душа беларуса трапляе ў вырай..."

Каб трапіць у музей трэба зателефанаваць да гаспадыні музея Алы Белай па тэл. 29-167-14-05. Адрасу: г. Старыя Дарогі, вул. Садовая 52.

Дзверы музея заўседы акдрыты для наведвальнікаў.


Кнігі вядомага беларускага гісторыка, асветніка, стваральніка музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах Анатоля Белага, можна будзе ў самы бліжэйшы час замовіць у залі Бадлeянскай бібліятэкі Оксфардскага ўніверсітэту ў Англіі. Пра гэта паведаміла старэйшая бібліятэкарка аддзелу новых паступленняў Бадлeянскай бібліятэкі Васілена Секулава.

Унук Анатоля Белага Алесь, які там навучаўся, перадаў у калекцыю Славянскага аддзелу Бадлеянскай бібліятэкі каталог калекцыi прыватнага музея выяўленчага мастацтва А.Я. Белага ў горадзе Старыя Дарогі “Раскрылі крылы музы”, зборнік успамінаў пра Анатоля Белага "Жыццё ў імя Бацькаўшыны" і зборнік успамінаў беларусаў Амерыкі "Да роднага ганку", рэдактарам якога быў Анатоль Белы.

Святлана Белая