Сёння ў Галерэі TUT.BY адбылася літаратурна-мастацкая вечарына, арганізаваная ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і прысвечаная памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 79 гадоў таму былі расстраляныя больш за сто дзеячаў беларускай культуры, навукі, палітыкі, што дае падставу лічыць яго правадзейным Днём памяці ахвяр сталінскага тэрору. Саюз беларускіх пісьменнікаў уключыўся ў грамадскае адзначэнне памятнай даты, якая не патрабуе "кругласці", бо не з'яўляецца святочным днём. Гэта дзень памяці не толькі загубленых беларускіх пісьменнікаў, але і ўсіх ахвяр – сялян і інтэлігенцыі, дзяржаўных дзеячаў і чыноўнікаў невысокіх пасадаў, якія ў адзін дзень былі вымкнутыя машынай тэрору з паўсядзённага свайго жыцця, з сваіх сем'яў і былі бязвінна асуджаныя на лагеры альбо расстрэл. Пра гэта на пачатку імпрэзы распавёў вядоўца Усевалад Сцебурака, ён жа коратка распавёў пра расстраляных у страшную ноч.
Літаратары і даследчыкі культуры Беларусі Лявон Баршчэўскі, Наталля Гардзіенка, Міхась Скобла чыталі вершы расстраляных паэтаў, распавядалі пра іх выдадзеныя і нявыдадзеныя кнігі, пра свае ўражанні ад сведчанняў той эпохі, якая па-ранейшаму застаецца ў ценю дзяржаўнай увагі. Перш за ўсё таму, што сама з'ява сталінскага тэрору разбурае міф пра "добры Савецкі Саюз", на які ўпарта працягвае арыентавацца сённяшняя ўлада.
У межах вечарыны выступілі музыкі Зміцер Бартосік, Яўген Барышнікаў і Андрэй Мельнікаў, якія былі вельмі сугучныя настрою, што панаваў у залі. Так, Зміцер Бартосік праспяваў "Калымскую песню" на верш лагерніка Анатоля Жыгуліна, перакладзенага Рыгорам Барадуліным. Яўген Барышнікаў нагадаў пра скорыя "Дзяды", а Андрэй Мельнікаў – што "хаця ў канвульсіях край, рана канстатаваць смерць".
Напрыканцы вечарыны адбыўся паказ дакументальнага фільма Віктара Корзуна “Суд над камунізмам. Пачатак”. Як сказаў рэжысёр, матэрыял для фільма збіраўся роўна дваццаць гадоў, ад часоў асяродку "Нашай Нівы", які адною з мэтаў называў дэкамунізацыю Беларусі. На жаль, прайшло вельмі шмат часу, пакуль задума фільма выкрышталізавалася. Знятыя былі сто гадзін стужкі, але ў сам фільм трапіла гісторыя самога рэжысёра, які нібы расказвае закатаванаму продку, што адбылося і што адбываецца з беларускім народам.
Андрэй Мельнікаў
Наталля Гардзіенка
Лявон Баршчэўскі
Міхась Скобла
Віктар Корзун
Зміцер Бартосік
Яўген Барышнікаў
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"