У мінскім стартап-хабе Imaguru адбыўся хакатон Game Edu, у межах якога каманды павінны былі прыдумаць і распрацаваць адукацыйны праект з элементамі гульні. Галоўны прыз атрымаў праект «Вавёрка», які ўяўляе сабой партал для вывучэння беларускай мовы з квэстамі і анлайн-крамай.За 48 гадзін хакатона студэнткі-аднагрупніцы з факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта распрацавалі дызайн і звярсталі галоўную старонку партала, стварылі тры вучэбныя гульні на тэму «Назоўнікі», падрыхтавалі прататып квэста і дызайн інтэрнэт-крамы, а таксама распрацавалі бізнэс-мадэль і бізнэс-план.
У якасці прыза Наталля Чобат, Лізавета Бурая, Карына Якімук, Вераніка Хвораст і Лізавета Коцік атрымалі квіток на Startup Roadshow from Imaguru to Slush. Slush – найбуйнейшая стартап-канферэнцыя, якая штогод праходзіць у Хельсінкі з удзелам больш чым 15000 стартапераў, навукоўцаў і інвестараў з усяго свету.
У гутарцы з «Нашай Нівай» дзяўчаты адзначылі, што ідэя праекта «Вавёрка» ў іх узнікла невыпадкова. Кожная з удзельніц праекта памятала заняткі па беларускай мове ў школе: менавіта яны былі самымі нецікавымі для школьнікаў. У выніку выпускнікі не валодаюць беларускай мовай на належным узроўні, а ўсведамленне таго, што родную мову трэба ведаць, шмат да каго прыходзіць, на жаль, толькі пасля школы.
Паўдзельнічаць у хакатоне студэнткам прапанаваў іх дэкан, а ідэю «Вавёркі» яны прыдумалі ў звычайнай студэнцкай сталоўцы. Спачатку дзяўчаты планавалі стварыць школьны адукацыйны партал для вывучэння беларускай мовы. Але ментар на хакатоне паставіўся да гэтай ідэі скептычна. Ён спрабаваў пераканаць будучых пераможцаў у тым, што беларуская мова – не самы перспектыўны кірунак. Камандзе «Вавёркі» прапаноўвалі зрабіць падобны праект для англійскай альбо расейскай мовы, каб яго ў перспектыве можна было манетызаваць. Але дзяўчаты прынцыпова стаялі на сваім, хаця і прынялі некаторыя заўвагі ментара. У выніку каманда вырашыла не абмяжоўвацца толькі школьнікамі, але пашырыць аўдыторыю за кошт студэнтаў і дарослых. Такім чынам, партал «Вавёрка» складаецца з трох частак: адукацыйнай, забаўляльнай і інтэрнэт-крамы.
Першая частка была заснаваная на параграфах падручніка і дапамагае школьнікам лепей засвойваць матэрыял школьных заняткаў.
Другая частка – 3D-квэст, які будзе дапамагаць вывучаць беларускую мову і культуру.
Трэцяя частка – гэта інтэрнэт-крама з беларускім адзеннем, сімволікай і аксэсуарамі. Па выніках 3D-квэста карыстальнікі зарабляюць бонусы і зніжкі, якімі яны змогуць скарыстацца ў гэтай краме.
На дадзены момант «Вавёрка» – тое, што зрабілі дзяўчаты на хакатоне за 48 гадзін. У першую чаргу гэта выдатны досвед для студэнтак, але ім хацелася б паспрабаваць рэалізаваць цалкам гэты праект. Хаця для яго рэалізацыі камандзе спатрэбяцца спонсары і спецыялісты, якія дапамогуць студэнткам дарабіць 3D-квэсты. Таксама дзяўчаты спадзяюцца, што іх ідэяй зацікавяцца крамы, якія гандлююць адзеннем, сімволікай і аксэсуарамі ў беларускім стылі.
«Наш праект аказаўся пераможным, таму што мы закранулі актуальную і модную тэму. Але самае галоўнае – мы паказалі, як шануем нашу мову, культуру і гісторыю. Праект мы прадстаўлялі на беларускай і англійскай мовах, каб сябры журы з Фінляндыі маглі зразумець сутнасць праекта. Ужо падчас аб’яўлення вынікаў яны не раз згадвалі пра тое, як важна цаніць культуру і мову свайго народа», – адзначылі пераможцы Game Edu Hackathon.
Максім Маханькоў, «Наша Ніва»