Як «Стары Ольса» адкрываў для Амерыкі сярэднявечную музыку

Вялікае канцэртнае турнэ па Злучаных штатах Амерыкі гурта «Стары Ольса» стала сапраўдным прарывам для беларускіх выканаўцаў сярэднявечнай музыкі. Яго вынікі дазваляюць параўнаць гэтую падзею з фенаменальнай гастрольнай паездкай у ЗША дзяржаўнага ансамбля «Песняры» у 1976 годзе.

Вокладка новага дыска Medieval Classic Rock гурта Стары Ольса

Пра тое, як праходзілі канцэрты і выступы нашых суайчыннікаў у ЗША, музыканты расказалі прысутным на сяброўскай сустрэчы з музыкантамі гурта «Стары Ольса». Спачатку гаспадары падзякавалі гукарэжысёру, дызайнеру і ўсім валанцёрам, якія тут дапамаглі збіраць сродкі на альбом і на тур і пад апладысменты ўручылі ім па асобніку новенькага дыска «Medieval Classic Rock», запрасілі ўсіх прысутных на прэзентацыю альбома, якая адбудзецца 20 лістапада ў ДК МАЗ. Музыканты таксама адказалі на шматлікія пытанні журналістаў, прыхільнікаў гурта.

Аналізуючы вынікі туру па ЗША кіраўнік гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі адзначыў, што, за ўвесь час музыканты наведалі 20 штатаў, адыгралі 23 вялікія канцэрты ў гарадах і зрабілі 35 выступаў на фестывалях і ў клубах. Частка музычнага матэрыялу, з якім беларускія музыканты выходзілі да амерыканскай публікі, складалася з кавераў у медыевальным стылі на сусветна вядомыя рок-хіты з альбома «Medieval Classic Rock», частка – з аўтарскіх твораў і апрацовак старажытных беларускіх мелодый.

Перад пачаткам тура альбом «Medieval Classic Rock» – гэтая чарговая студыйная кружэлка гурта, – была выдадзена на амерыканскай фірме «Cool Hat Records LLS», што, безумоўна, паспрыяла таму, што «Стары Ольса» стаў больш вядомы ў краіне, якая лічыцца сусветнай сталіцай музычнай індустрыі.

Зміцер Сасноўскі

«У Амерыцы, – зазначыў З.Сасноўскі, – такой, як наша, сярэднявечнай музыкі мала. На адным з фэстаў мы сустрэлі толькі адзін гурт, удзельнікі якога на старажытных інструментах гралі сярэднявечныя мелодыі. Больш за дзевяноста адсоткаў таго, на чым граюць там на рэнесансных фэстах — гэта гітары, скрыпкі, шатландскія і ірландскія народныя інструменты. Асноўная ж музыка ў краіне – кантры, у тым ліку і на фэстах сярэднявечнай культуры. Таму першай рэакцыяй амерыканцаў на нашу музыку было здзіўленне. Пасля таго, як яны паслухалі, зразумелі, што ім спадабалася, яны натоўпамі падыходзілі на нас, каб распытаць пра тое, на якіх інструментах і што за музыку мы граем, адкуль мы прыехалі. Гэта звычайная практыка для амерыканцаў».

Гурт Стары Ольса пасля туру па ЗША

На пытанне пра сустрэчы з амерыканскімі беларусамі адказаў лютніст Ілля Кубліцкі: «Беларусаў на канцэртах было адразу бачна, бо ўсе – дарослыя і дзеці, прыходзілі на нашыя выступы ў вышыванках, вышымайках, са стужачкамі, з беларускімі значкамі. У нас было некалькі канцэртаў, куды прыйшлі шмат нашых землякоў, асабліва ў Ню-Ёрку і Фан-Францыска. І гэтыя канцэрты адрозніваліся тым, што людзі на іх больш танчылі. Мы разам з публікай развучвалі народныя і сярэднявечныя танцы і таму народ быў вельмі задаволены тым, што навучыўся сваім танцам, а амерыканцы – што спрычыніліся да нечага незвычайнага».

«Нам давялося, – успамінае далей Ілля, – пажыць некалькі дзён у адной амерыканскай сям’і, якая цэлы месяц рыхтавалася да сустрэчы з намі. Яны з інтэрнэту перадрукавалі некалькі матэрыялаў пра Беларусь і беларусаў, адтуль даведаліся, што нацыянальная страва ў нас – дранікі. Наш бубнач і перкусіяніст, а па-сумяшчальніцтву кухар, Сяргей Тапчэўскі прыгатаваў для ўсіх нацыянальную страву беларусаў. Гаспадары знялі ўвесь працэс на відэа і, думаем, гатуюць іх і ўзгадваюць сваіх гасцей. Да гэтага часу мы атрымліваем лісты ад амерыканцаў. І нам вельмі прыемна, што людзі з ЗША, хоць і з дапамогай гукаперакладчыка, але пішуць нам па-беларуску. Яны разумець, што мы не Расія, у нас ёсць свая мова і культура».

Алесь Чумакоў

Пра цікавую выпадак з удзельнікамі гурта распавёў вакаліст і гусляр Алесь Чумакоў: «Гэта здарылася ў Мэрылэндзе, у лютэранскай царкве, у якой за пастара прызначаны этнічны ірландзец. Сустрэча з гэтым пастарам пачалася з таго, што ён падарыў мне ірландскія косці (bones) – інструмент 13 стагоддзя і дадаў: «Давай вучыся, будзем разам граць сумесныя сэйшны!» Дарэчы, на канцэрце ў гэтай царкве мы яго запрасілі і гэты пастар узняўся да нас на сцэну і зайграў з намі «Ave Maria!»

Перад канцэртам мы запыталі ў пастара, што мы можам у ягонай царкве граць? Ён адказаў, што ўвесь свой рэпертуар можна граць, амерыканскія цэрквы адносяцца да гэтага без абмежаванняў, яны вельмі дэмакратычныя ў гэтым сэнсе. Калі служба скончыцца, пад яе скляпеннямі вам можна выконваць нават, піўныя песні. Асабліва яму падабалася ў нашым рэпертуары Highway To Hell рок-гурта AS/DS.

Спачатку мы адгаворвалі яго, запытвалі для цікаўнасці, як ён разумее гэтую кампазіцыю, як прагучыць яна ў царкве. Я ўсё шукаў адгаворкі, маўляў, кампазіцыя пра тое, што алкаголь і наркотыкі забіваюць, зводзяць людзей у пекла. Ён адказваў: «Так, але гэта не важна, важна тое, каб вы зайгралі ў нас». Цікава, што хоць нам было трохі няёмка там граць (пры абсалютным дазволе гаспадароў), але прыхаджане прымалі кампазіцыю вельмі добра, як кажуць «адрываліся», нават прыпеў разам з намі спявалі!»

Алесю таксама спадабалася, як рэагуе на музыку амерыканская публіка, прынамсі, ў штаце Мэрылэнд – апладысменты пасля кожнага сола, складанай высокай ноты, у тых момантах, калі музыканты працавалі на ліміце магчымасцяў. «Гэта падкупае, бо разумееш, што публіка слухае, цалкам разумее, што адбываецца на сцэне. Не аднойчы мне даводзілася граць кантры і ірландскія народныя мелодыі. Мне падабаецца дружалюбнасць простых амерыканцаў: напрыклад, адзін чорнаскуры амерыканец, пабачыўшы на вуліцы маю цішотку «World of Tanks», усміхнуўся і сказаў мне: «Я таксама ў гэта гуляю!» У нас я такога не сустракаў» – падкрэсліў Алесь Чумакоў.

Флейтыстка Марыя Шарый адзначыла, што на рэнесансных фестывалях у ЗША, дзе яны выступалі, да музыкантаў «Старога Ольсы» пастаянна падыходзілі наведвальнікі і казалі, што ў нас вельмі класныя строі і прасілі дазволу сфатаграфаваць іх. Так і яе сукенку не аднойчы фатаграфавалі з розных бакоў, распытвалі як пашыць такое. Бо ў адрозненне ад беларускіх, там людзі апранаюць больш у фэнтэзійным духу. Але пры ўсім пры гэтым, такія фэсты – надзвычай маштабныя, захапляюць сваёй «двіжухай», на якіх шмат сцэн, адначасова адбываюцца цікавыя канцэрты, выступы фокуснікаў ці выканаўцаў размоўнага жанру stand-up.

«Канешне, хочацца зноў акунуцца ў фестывальную віхуру, – зазначыла Марыя, – але мы вельмі стаміліся. Нам трэба набрацца сіл, каб зноў вярнуцца да ажыццяўлення нашых планаў. Цяпер у іх ёсць прапановы паехаць у канцэртную паездку ў Кітай, мы маем запрашэнні на еўрапейскія фестывалі: на Сіцылію, у Партугалію на Азорскія выспы. Пры гэткім шчыльным графіку паездак, музыканты плануюць актыўна займацца запісам альбома. Матэрыял да новага альбома ўжо падрыхтаваны, цяпер трэба дабрацца да студыі!»

Марыя Шарый

Па завяршэння сустрэчы Марыя Шарый нагадала прысутным, што на канцэрце 20 лістапада ў ДК МАЗ музыканты плануюць не толькі прэзентаваць новы альбом «Medieval Classic Rock», але і выканаць лепшыя кампазіцыі, якія падабаюцца слухачам. Таксама І.Кубліцкі прэзентуе гучанне новай лютні, якую набылі ў Амерыцы. Таксама слухачоў і прыхільнікаў «Старога Ольсы» чакаюць музычныя сюрпрызы, якія сталі завядзёнкай для музыкантаў гурта.

Анатоль Мяльгуй, «Новы Час»