Беларускі ПЭН-цэнтр уганараваў літаратурнымі прэміямі Уладзіміра Арлова, Святлану Марозаву, Дзяніса Лісейчыкава і Якуба Лапатку.
Прэмія імя Карласа Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад літаратурнага твору на беларускую мову. Прэмія ўручалася ўпершыню. Першым яе лаўрэатам стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпаса «Калевала».
Лаўрэат выказаў спадзеў, што гэтая прэмія дазволіць перакладчыкам выйсці з ценю аўтараў, а таксама распавёў чаму вырашыў узяцца за пераклад такога манументальнага сусветнавядомага твору.
– Кожны мастак марыць напісаць Сікстынскую мадонну або Мону Лізу, паэт – напісаць нешта накшталт «Іліяды», ну а перакладчыкі таксама хочуць зрабіць нешта такое эпахальнае, манументальнае. Беларусаў увесь час папракалі: няма тэрміналогіі, няма славутых перакладаў, славутых эпасаў.
Падчас цырымоніі сябры журы згадвалі асобу Карласа Шэрмана, культавага перакладчыка, які пайшоў з жыцця ў 2005 годзе.
Прэмія для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана заснаваная Саюзам Беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам ды Дабрачынным фондам «Вяртанне». Апошні прадугледзеў прыемны бонус для лепшага перакладчыка – грашовую ўзнагароду ў памеры двух тысяч еўра.
Прэмію імя Алеся Адамовіча (за найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці) атрымаў Уладзімір Арлоў за кнігу «Імёны Свабоды».
Прэмія Францішка Багушэвіча сёлета прысуджаная Святлане Марозавай за кнігу «Сваёй веры ламаць ня будзем…»: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780–1839 гады)» і Дзянісу Лісейчыкаву за працу «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596–1839 гг.». Прэмія ўручаецца за выдатную гістарычную прозу, якая спрыяе абуджэнню гістарычнай свядомасці чытачоў.
«Беларускае Радыё Рацыя»