Навуковец, які вярнуў беларусам летапісы

«Даць народу гісторыю» – так названа кніга ўспамінаў і лістоў выдатнага гісторыка, археографа і вязня ГУЛАГа Мікалая Улашчыка, якая была прэзентаваная на сядзібе ТБМ імя Францыска Скарыны.

Вокладка кнігі ўспамінаў і лістоў М.Улашчыка

Новы дакументальны зборнік, укладальнікам якога з’яўляецца беларускі паэт, перакладчык і выдавец Міхась Скобла, быў выдадзены ў серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» і ўключае ўпершыню апублікаваныя ўспаміны гісторыка, а таксама яго 128 лістоў, знойдзеных у архівах.

На правах гаспадара сядзібы, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, сам гісторык па прафесіі, адзначыў унікальнасць для айчыннай гістарычнай навукі постаці Улашчыка. І не толькі таму, што той зрабіў шмат адкрыццяў, апублікаваў вялікую колькасць важнейшых гістарычных крыніц і матэрыялаў, якія паўплывалі на фармаванне беларусаў як нацыі. Але і таму, што Улашчык перажыў шматлікія арышты (іх было ажно пяць!) і турэмнае зняволенне. Спадар Трусаў успомніў такі ягоны «жарт»: «У адным лагеры я пілаваў сосны і пісаў кандыдацкую працу, выйшаў – абараніў. Зноў лагер – і калі чарговы раз пілаваў сосны, то пісаў ужо доктарскую». Таму гісторык і выжыў у жудасных умовах сталінскіх канцлагераў, бо меў ідэю. А калі такой ідэі не меў бы, то загінуў, падсумаваў Трусаў.

Старшыня ТБМ вітае ўдзельнікаў прэзентацыі новай кнігі

Было падкрэслена, што навуковыя працы Улашчыка значна паўплывалі на светапогляд сучасных гісторыкаў, у прыватнасці Міхася Ткачова і Міколы Ермаловіча, якія здзейснілі сапраўдны прарыў у беларускай гістарычнай навуцы. Таму выхад кнігі ўспамінаў «Даць народу гісторыю» з лістамі і ўспамінамі Улашчыка – справа надзвычай важная і з’яўляецца значным крокам у асэнсаванні яго жыццёвага і навуковага подзвігу.

Міхась Скобла – укладальнік і выдавец кнігі успамінаў Улашчыка

Складальнік новага тома ўспамінаў Улашчыка, паэт і выдавец Міхась Скобла распавёў, як ішла праца над новым томам серыі. «Даць народу гісторыю – гэта словы самога навукоўца, якія я знайшоў у адным з лістоў да мінскіх сяброў. Чаму гэтая кніга з’явілася сёлета? Таму што ў гэтым годзе Мікалаю Мікалаевічу споўнілася б 110 гадоў. А ўсё пачалося з таго, што «галоўны беларус» Масквы Аляксей Каўка перадаў мне частку архіва Улашчыка. «Ты нешта з ім зробіш», – сказаў ён, перадаючы дакументы. Пры вывучэнні архіва аказалася, што ў ім захоўвалася шмат машынапісных копій лістоў Улашчыка. Таму для даследчыкаў (прынамсі, для мяне) было вельмі зручна працаваць з імі: не трэба было бегаць па архівах і шукаць крыніцы. Адна частка гэтай кнігі створана на падставе лістоў Улашчыка, з архіва, які перадаў Каўка. Другая частка – «Даць гісторыю народу» – складаецца з успамінаў самога Улашчыка пра дзяцінства і юнацтва ў Віцкаўшчыне, Самахвалавічах і Мінску, дзе ён вучыўся».

Міхась Скобла нагадаў, што Улашчык упершыню выдаў і пракаментаваў беларускія летапісы ў серыі «Поўны збор рускіх летапісаў» у 32-м і 35-м тамах. Выдаў ён іх у Маскве, дзе ў той час гісторык жыў. Працаваць над тымі гістарычнымі дакументамі было няпроста, бо пастаянна ўзнікалі цяжкасці з перадрукоўкай старабеларускіх тэкстаў машыністкамі. Таму Улашчыку даводзілася браць на сябе і ролю звышпільнага карэктара. Гісторык вельмі засмучаўся фактам, што ў Беларусь былі адпраўлены ўсяго толькі 8 асобнікаў збору летапісаў. Сам Скобла выказаў думку, што наспеў час перавыдаць 32 і 35 тамы «Поўнага збору…» з беларускімі летапісамі ў тым выглядзе, якімі іх падрыхтаваў Улашчык.

Вячаслаў Чамярыцкі распавядае пра сумесную працу з Улашчыкам

Кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі ў свой час дапамагаў Улашчыку ў працы над беларускімі летапісамі. Вячаслаў Антонавіч успамінае: «Ужо з паўсотні гадоў, як літаратуразнаўца і крытык, я цікавіўся беларускімі і літоўскімі летапісамі. Таму аднойчы Улашчык, ведаючы мае захапленні, прапанаваў падрыхтаваць для 32-га тома «Хроніку Быхаўца», а потым, праз тры гады – «Магілёўскую хроніку» на польскай мове, рукапіс якой захоўваўся ў Ленінградзе. Для гэтага, па фотакопіі гэтай хронікі на друкарскай машынцы з лацінскім шрыфтам сам набіраў гэты складанейшы тэкст два ці тры месяцы. Такім чынам дапамог Улашчыку ў падрыхтоўцы летапісаў і хронік. Для гэтай кнігі я перадаў Міхасю некалькі дзясяткаў лістоў Улашчыка, бо вельмі рады, што спадчына Улашчыка вяртаецца на радзіму».

Беларускі гісторык і палітолаг Анатоль Сідарэвіч, які ў 80-я гады мінулага стагоддзя працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», актыўна паспрыяў таму, што публікацыі Улашчыка пабачылі свет і на радзіме. Анатоль Міхайлавіч зазначыў, што Улашчык сам звярнуўся ў рэдакцыю са сваімі артыкуламі, што вельмі здзівіла тагачасных супрацоўнікаў «ЛіМа»: «Той самы Улашчык?» «Цяпер я ведаю, – працягвае Сідарэвіч, – што і праз сто год, маладому даследчыку, які будзе займацца гісторыяй Беларусі, гісторыяй Вялікага княства Літоўскага абавязкова спатрэбяцца два тамы беларускіх летапісаў Улашчыка, а таксама яго ўнікальнае даследаванне «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання». На маю думку, чый аўтарытэт не могуць аспрэчыць нават «вучоныя» снобы – гэта аўтарытэт Улашчыка, які разам з Ермаловічам, здзейснілі сапраўдны подзвіг ў айчыннай гістарыяграфіі».

Радзім Гарэцкі кажа пра спробы Улашчыка вярнуцца ў Беларусь

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі падзяліўся ўспамінамі пра тое, як яго бацька Гаўрыла Гарэцкі разам з паэтам Петрусём Броўкам, звярталіся да кіраўніцтва Акадэміі навук з прапановай дапамагчы вяртанню Улашчыка ў Беларусь. На жаль, гэтаму працівіліся тыя, хто лічыў вучонага «ворагам народа». Радзім Гарэцкі распавёў і гісторыю стварэння і ўдзелу ў яго выданні Улашчыка «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» І. Бялькевіча – мужа старэйшай сястры М. Улашчыка Ніны, якая таксама зазнала цяжкі лёс вязня ГУЛАГа.

Леанід Лыч памятае знаёмства з М. Улашчыкам

Доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч распавёў, што ў 60-я гады і да канца існавання СССР увесь Інстытут гісторыі АН Беларусі ведаў Улашчыка, нават тыя, хто непасрэдна не займаўся яго тэматыкай, не сутыкаўся з яго даследаваннямі. Амаль усе супрацоўнікі захапляліся яго дасягненнямі, яго лёсам, але былі ў яго і праціўнікі, нядобразычліўцы.

«Улашчык заўсёды шукаў магчымасці для сустрэч з беларусамі, і вось аднойчы ён запрасіў мяне да размовы. Мы пазнаёміліся, паразмаўлялі на цікавыя для нас тэмы, а праз некаторы час зноў сустрэліся ў Інстытуце гісторыі. Улашчык з радасцю паведаміў, што хутка, з упэўненасцю амаль на сто адсоткаў, будзе працаваць разам з намі. Але гэтыя мары і надзеі Улашчыка не спраўдзіліся з прычынаў, пра якія вёў размову акадэмік Гарэцкі», – кажа Лыч.

Леанід Лыч падкрэсліў ролю беларускага калекцыянера і стваральніка першага ў Беларусі прыватнага музея Анатоля Белага ў праве ўшанавання памяці выдатнага гісторыка. Менавіта на тэрыторыі яго музея ў Старых Дарогах, у нацыянальным Пантэоне славутых беларусаў адкрыты адзіны ў краіне помнік Улашчыку. Вядучы прэзентацыі Міхась Скобла выказаў надзею, што прыйдзе час, калі ўсе помнікі, усталяваныя дзякуючы руплівасці Анатоля Белага, «раз’едуцца» па ўсё Беларусі і будуць сведчыць пра выдатных дзеячаў беларускай гісторыі.

Спявае Наталля Матыліцкая

Асаблівымі апладысментамі ўдзельнікі прэзентацыі ўганаравалі фальклорную спявачку Наталлю Матыліцкую, якая заспявала некалькі народных песень з рэгіёну, дзе нарадзіўся і доўгі час жыў Улашчык. Спевы «Чаго лосеньку, чаго сівенькі…» і «Голуб на чарэшні, галубка на вішні» (з рэпертуару фолк-гурта «Ліцьвіны») выклікалі не толькі эмацыянальны водгук слухачоў, але і цікавасць да тых абставін, як і дзе яны былі запісаны фалькларыстамі.

Анатоль Мяльгуй, «Новы Час»