Гарадзенскі публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч атрымаў афіцыйны адказ на свой зварот (http://www.harodniaspring.org/be/news/10392) у Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт. Туды ён звяртаўся з прапановай надрукаваць так званы пашпарт турыста таксама на беларускай мове. Хільмановіч звяртаўся непасрэдна да начальніка ўпраўлення спорту і турызму Алега Андрэйчыка, але атрымаў адказ за подпісам яго намесніцы Таццяны Лідзяевай. 33-гадовая чыноўніца Лідзяева была прызначана на пасаду намесніка і курыруе пытанні развіцця турызму зусім нядаўна – з ліпеня гэтага году.
У адказе чыноўнікі аблвыканкаму безапеляцыйна сцвярджаюць, што “управление спорта и туризма Гродненского облисполкома считает нецелесообразным издание паспорта туриста на белорусском языке”.
Уладзімір Хільмановіч каментуе адказ: “Прызнацца, я думаў, што мне прышлюць бюракратычную адпіску, але адказ уражвае сваім просталінейным цынізмам. Зрэшты, тут адно з двух: альбо гэтыя чыноўнікі ўжо не хаваюць сваёй непавагі і грэбавання дзяржаўнай мовай тытульнай нацыі, альбо не разумеюць элементарнага. Яны тлумачаць мне, чаму такія пашпарты будуць па-расейску, па-польску і па-ангельску – але гэта і так усім зразумела. Сутнасць жа звароту была зусім у іншым – у тым, што ў Польшчы і ў Літве пражывае дастаткова шмат этнічных беларусаў, якім было б прыемна атрымаць пашпарт турыста на роднай беларускай мове. І ў тым, што друкаванне такога пашпарту таксама па-беларуску падвысіла б прэстыж беларускай мовы і цікавасць да яе замежнікаў. Але для іх усё, што па-беларуску, з’яўляецца “нецелесообразным”. Маладая чыноўніца Таццяна Лідзяева нават не ведае, што паводле заканадаўства абавязана даваць адказ на мове звароту”.
Напомнім, што 26-га кастрычніка ўвойдзе ў сілу Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб бязвізавым рэжыме для замежнікаў на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала. Гасцям рэгіёна будуць выдавацца адмысловыя пашпарты турыстаў з інфармацыяй.