Кніга Папы Францішка «Імя Бога – Міласэрнасць», перакладзеная на беларускую мову супрацоўнікам беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандрам Панчанкам, была прэзентавана аўтару.
19 кастрычніка ў межах агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек перадалі Пантыфіку беларускую версію гэтай кнігі.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Папа Францішак падпісаў два асобнікі кнігі. Адзін з іх будзе захоўвацца ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, а другі адправіцца ў Беларусь.
Варта адзначыць, што менавіта архімандрыт Сяргей Гаек і біскуп Алег Буткевіч выступілі ініцыятарамі перакладу гэтай кнігі на беларускую мову, звярнуўшыся па дапамогу ў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё.
«Ідэя, з якой да нас звярнуліся іерархі, палягала на тым, каб у кантэксце Года Міласэрнасці перакласці на беларускую мову кнігу Святога Айца пра Божую Міласэрнасць, – адзначае ў каментарыі Catholic.by перакладчык Аляксандр Панчанка. – Гэтая кніга дапамагла б вернікам у Беларусі зразумець сутнасць абвешчанага ў Каталіцкім Касцёле Года Міласэрнасці і аднавіць сваё разуменне асабістых адносін з Панам Богам». «Гэта быў мой першы досвед у перакладзе кнігі, але па працы мне даводзіцца перакладаць словы Пантыфіка штодня, таму гэта шмат у чым аблегчыла мне працу», – дадаў Аляксандр Панчанка (на фота ўнізе).
Паводле яго слоў, карэктура беларускага варыянта кнігі была ўжо каманднай працай. Свае рэкамендацыі, прапановы і праўкі пасля супольнага абмеркавання ўносілі кс. Аляксандр Амяльчэня, Алесь Жлутка, а. Андрэй Буйніч і іншыя.
У кнізе Папа Францішак у інтэрв’ю італьянскаму журналісту Андрэа Тарніелі распавядае пра жыццёвы і пастырскі досвед, закранаючы тэмы сэнсу жыцця, супакою і пакаяння, а таксама тлумачыць прычыны абвяшчэння ў Каталіцкім Касцёле Надзвычайнага Года Міласэрнасці.
«Паўдзельнічаць у гэтай працы было для мяне вялікім гонарам. Але мая роля як перакладчыка даволі сціплая, – прызнаецца Аляксандр Панчанка. – Галоўнае ў кнізе – словы Папы, яго пасланне. І было б цудоўна, каб кнігу змаглі прачытаць як мага больш людзей, каб яна спрыяла навяртанню і ўстанаўленню больш глыбокага яднання з Богам – а асабліва, як падкрэслівае сам Святы Айцец, у дары сакрамэнту пакаяння».
Кніга «Імя Бога – Міласэрнасць» выйшла ў мінскім выдавецтве «Медысонт» накладам у 950 асобнікаў. У Мінску яе можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга» (вул. Багдановіча, 25) і пры грэка-каталіцкай парафіі Св. Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6).
Ілья Лапато, catholic.by,